Жыццё пасля Чарнобыля

26 красавіка 1986 года стала пераломнай датай у гісторыі трох рэспублік — Беларусі, Украіны і Расіі
26 красавіка 1986 года стала пераломнай датай у гісторыі трох рэспублік — Беларусі, Украіны і Расіі, якія аказаліся пад прамым ударам аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Не толькі мільёны жыхароў пацярпелых тэрыторый асэнсавалі рэальнасць атамнай энергетыкі. Увесь свет упершыню твар у твар убачыў, якім можа быць маштаб атамнай стыхіі, калі раптам нешта пайшло не так…  Сацыяльныя і медыцынскія наступствы чарнобыльскай трагедыі пацярпелыя дзяржавы ў першыя гады цалкам узялі на сябе. Беларусь, нягледзячы на цяжкі час і абмежаваныя магчымасці, таксама аказалася ў шэрагу тых, хто разлічваў толькі на свае сілы. За трыццаць гадоў жыцця пасля Чарнобыля краіна не толькі акрыяла ад наступстваў катастрофы, але і здолела падняцца на цалкам новы ўзровень развіцця.


Фота: Вадзім Кандрашоў


Бяда сярод белага дня


Аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі “накрыла” амаль чвэрць тэрыторыі Беларусі. Гэта больш за тры тысячы гарадоў і вёсак. У цэнтры бяды апынуўся кожны пяты жыхар рэспублікі. Радыеактыўнаму забруджванню падверглася каля чвэрці ляснога фонду краіны. Сумарная шкода, нанесеная краіне катастрофай за 30 гадоў яе пераадолення, ацэньваецца ў 235 мільярдаў долараў.   

Спачатку маштабы аварыі не падаваліся такімі ашаламляльнымі. Але калі праўда стала даступная, у Беларусі мабілізавалі ўсе рэсурсы для таго, каб абараніць людзей, якія трапілі ў зону бедства. Генеральны сакратар  Усеагульнай  канфедэрацыі прафсаюзаў Уладзімір Шчарбакоў  на спецыяльным красавіцкім пасяджэнні ў Гомелі прыводзіў такія дадзеныя:

—  Для ліквідацыі наступстваў катастрофы было прыцягнута мноства матэрыяльных рэсурсаў і задзейнічана вялікая колькасць людзей. Праграмы, якія былі створаны ў першыя гады пасля аварыі, дзейнічалі даволі эфектыўна ў канцы 80-х — пачатку 90-х. Дала свой вынік і праграма па стварэнні радыяцыйных навукова-практычных медыцынскіх цэнтраў. Аднак пасля развалу Савецкага Саюза пацярпелым краінам давялося самастойна вырашаць гэтыя праблемы.

Чарнобыльская катастрофа закранула мноства раёнаў Беларусі. Сярод найбольш пацярпелых — Гомельская і Магілёўская вобласці. Тысячы людзей вымушаны былі назаўжды пакінуць родныя дамы. Радыяцыя не давала ім выбару. Пры гэтым дзяржава забяспечыла падтрымку перасяленцам, прадастаўляючы бясплатнае жыллё і магчымасць прадоўжыць жыццё на новым месцы. Адначасова вялікія сродкі ўкладваліся ў развіццё ме­дыцыны для аказання дапамогі насельніцтву, рэабілітацыю забруджаных земляў, атрыманне  чыстай прадукцыі. Жыццё працягвалася. Час, навука і дзяржаўныя ўкладанні рабілі сваю справу. І ўжо ў гэтым дзесяцігоддзі Беларусь абазначыла для сябе новы вектар: ад пераадолення і рэабілітацыі забруджаных земляў да ўстойлівага развіцця рэгіёнаў праз камфортнае вядзенне бізнесу, стварэнне новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў, паляпшэнне сацыяльнай сферы. Для гэтага дзяржава паклапацілася аб прадастаўленні прэферэнцый.

Сёння нічога не засталося ад тугі, страху і разгубленасці, якія панавалі ў пачатку 90-х на постчарнобыльскіх тэрыторыях. Пужлівая невядомасць змянілася яснай і празрыстай стабільнасцю. Дзякуючы рэабілітацыйным мерапрыемствам, пацярпелыя раёны Беларусі здабылі другое дыханне. Адсюль больш не ад’язджаюць у пошуках лепшага жыцця. Тут будуюць новыя прадпрыемствы, ствараюць маладыя сем’і, гадуюць дзяцей. Тут ведаюць: чорная дата засталася ў мінулым. Яе памятаюць, але больш не аглядаюцца назад, не ўспрымаюць сябе ахвярамі трагедыі. Наадварот — робяць усё, каб плынь жыцця вярнулася ў ранейшае спакойнае рэчышча, калі кожны дзень адкрыты для стварэння, а не для таго, каб сабраць чамаданы і як мага хутчэй з’ехаць.

Ды будзе здароўе


І ў першыя гады пасля трагедыі, і цяпер прыярытэтам беларускай дзяржавы застаецца здароўе чалавека. Таму максімальна краіна ўкладвае ў развіццё медыцыны, думаючы пра будучыню.У снежні 2002 года ў Гомелі адкрыўся  Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Праблемы, дасягненні, навуковыя даследаванні  ў галіне здароўя “постчарнобыльскага” жыцця засяроджаны менавіта тут. Аднак мінула 30 гадоў. Ці ёсць перамены ў акцэнтах, паразважаць пра гэта прапаноўваю намесніку дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра Анжаліцы Жарыкавай:

— Місія, якая першапачаткова ўскладалася на РНПЦ — узяць пад медыцынскі кантроль здароўе жыхароў пацярпелых раёнаў. Усё застаецца ў сіле?

— Як і раней, цэнтр з’яўляецца галаўной арганізацыяй у Беларусі па аказанні спецыялізаванай медыцынскай дапамогі пацярпеламу насельніцтву. А гэта больш за 1,5 мільёна жыхароў, якія падлягаюць дыспансернаму назіранню, якія праходзяць дынамічнае абследаванне. Гаворка ідзе пра некалькі груп першаснага ўліку: ліквідатараў, эвакуяваных, якія пражывалі ў зоне адсялення і пакінулі яе, дзеці ліквідатараў і жыхароў зон адсялення і адчужэння, а таксама насельніцтва тэрыторый з перыядычным радыяцыйным кантролем. На гэтыя катэгорыі і скіравана першачарговая ўвага.  

Доктар раскладвае схему дзеянняў з прывязкай да мясцовасці. Першы і абавязковы пункт у падтрыманні здароўя — рэгулярнае прафілактычнае абследаванне. Гэта дае магчымасць адсочваць перамены ў стане арганізма  і дыягнаставаць захворванні на самай ранняй стадыі. Атрыманы аб’ём інфармацыі пастаянна аналізуецца для таго, каб аператыўна карэкціраваць вядучыя ў гэтай тэме медыцынскія напрамкі. Галоўны вынік “постчарнобыльскай” сістэмы, якая склалася за дзесяцігоддзі аказання медыцынскай дапамогі:

— Нам удалося дабіцца ўстойлівых паказчыкаў захворвання сярод пацярпелага насельніцтва адносна аналагічных паказчыкаў незабруджаных раёнаў краіны. І па першасным захворванні гэтыя паказчыкі ў Гомельскім рэгіёне ніжэйшыя за ўзровень агульнарэспубліканскіх. Тэндэнцыі да росту таксама няма.

 Зразумела, і трэць стагоддзя для радыяцыі — практычна нічога. Рабіць высновы аб наступствах радыеактыўнага ўдару па здароўі беларусаў пакуль не возьмецца ніхто. Таму навуковыя даследаванні ў сценах РНПЦ не проста працягваюцца. Яны ідуць па нарастальнай, з прыцэлам на апярэджанне. Там, дзе ёсць шанец спрагназаваць будучае захворванне, гомельскія навукоўцы-медыкі імкнуцца прыкласці максімум сваіх магчымасцяў.

 Але што, напэўна, сапраўды важна: тут навука — не адцягненае паняцце. На ўзбраенне бяруцца не толькі апошнія сусветныя дасягненні, але і ўласныя распрацоўкі. Таму так імкліва развіваюцца ўсё новыя і новыя напрамкі. Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека даўно выйшаў за рамкі Беларусі. Сёння сюды прыязджаюць не толькі жыхары расійскага і ўкраінскага прымежжа, як і задумвалася калісьці. Летась, напрыклад, спецыялісты РНПЦ дапамаглі аднавіць здароўе пацыентам больш як з 20 краін блізкага і далёкага замежжа, якія аддалі перавагу гомельскай клініцы перад многімі іншымі.

Галінка жыцця


Веткаўскі раён у Гомельскай вобласці — адзін з тых, для якіх аварыя стала сапраўдным узрушэннем. З 48 тысяч жыхароў у гэтым рэгіёне засталося 18 тысяч. Большасць вё­сак былі адселены, а лясы апынуліся ў закрытай зоне за шлагбаумамі пад трывожным знакам “Асцярожна! Радыяцыя!”. Дарэчы, гэтыя шлагбаумы і сёння можна ўбачыць у Веткаўскім раёне. Але яны больш не палохаюць. Хутчэй, нагадваюць: гэта было, забываць пра асцярожнасць не варта, парушаць правілы таксама. Тады будзеш у бяспецы.

За апошнія гады Ветка заквітнела. Яна ўжо не тая, што раней. Адзін за другім узводзяцца дамы-новабудоўлі, з’яўляюцца новыя прадпрыемствы. Першы намеснік старшыні Веткаўскага райвыканкама Валерый Жолудзеў не без гонару расказвае:

— Цяпер у нас будуецца самая магутная ў Гомельскай вобласці птушкафабрыка. Па праекце мяркуецца ўзвесці 24 птушнікі, уласны цэх перапрацоўкі. Першую чаргу аб’екта будзем запускаць сёлета. Тут, дарэчы, плануецца стварэнне 140 новых працоўных месцаў. Цяпер на падыходзе — заканчэнне будаўніцтва буйнога малочна-таварнага комплексу, свінафермы… Гэта яшчэ 140 працоўных месцаў.

Раён развіваецца. Гэта відаць па пунктах эканамічнага росту. Бо без новых вытворчасцяў немагчыма сабе ўявіць дабрабыт людзей. За кожным паспяховым прадпрыемствам стаіць дастатак жыхароў, іх упэўненасць у заўтрашнім дні. Пытаю ў суразмоўцы пра асабістае:

— А вы самі родам з Веткаўскага раёна?

— Ды не. З Гродзенскай вобласці. У 1988 годзе накіравалі як маладога спецыяліста на конны завод у вёску Старое Сяло Веткаўскага раёна.

— І вы пагадзіліся, ведаючы пра чарнобыльскую аварыю?!


— Пагадзіўся, цвёрда сабе сказаўшы, што адраблю два гады — і назад дадому. Але вось жа прырос да гэтай зямлі. З’явілася сям’я, дзеці. І ведаеце, за гэтыя гады зразумеў, што наўрад ці ёсць лепшае месца для жыцця.

— А радыяцыя?

— Я вам так скажу. Радыяцыя — на закрытых тэрыторыях за шлагбаумамі, дзе яна таксама паступова адыходзіць, таму што ідзе паўраспад радыенуклідаў. А на жылых землях усё якраз гэтак жа, як у чыстых раёнах. І нават лепш. У мяне ёсць прасторны дом, у якім добра і камфортна маёй сям’і, работа, якой аддаеш сябе цалкам і атрымліваеш ад гэтага задавальненне. Вось сказалі б мне цяпер — пераязджай у вялікі горад. Верыце, ні на што не прамяняў бы сваю Ветку.

Іду вузкімі вулачкамі, не падобнымі да шырокіх гарадскіх праспектаў. Здаецца, гарадок маленькі, невысокі, амаль хатні. Але толькі ва ўсім адчуваецца нейкая дзіўная прастора, калі хочацца запаволіць крок, спыніцца і ўдыхнуць на поўныя грудзі.

Віялета Дралюк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter