Жыллё б’е ключом

Як ацаніць шкоду ад няўдалага рэмонту

Сезон рамонтаў завяршыўся. За лета хтосьці паспеў памяняць дах, іншыя паклалі новы паркет і ўцяплілі сцены. А суседзі скардзяцца, маўляў, пасля таго, як у кватэры зверху залілі сцяжку, у іх па столі трэшчыны пайшлі. Як ацаніць шкоду ад няўдалага рамонту? Што рабіць, калі будаўнікі з’ехалі, не скончыўшы будаўніцтва вашага дачнага доміка? У гэтай і іншых праблемах разбіралася карэспандэнт «Р».

Агаворвайце з выканаўцам рамонту і дэталёва прапісвайце ў дагаворы ўсе нюансы.
Nn.etalon-remont.ru

У курс справы мяне ўводзіць Аляксандр Бачыла, начальнік сектара будаўніча-тэхнічных і таваразнаўчых экспертыз упраўлення спецыяльных і тэхнічных экспертыз упраўлення ГКСЭ па Мінску:

— Наконт рамонту. Агаворвайце з выканаўцам і прапісвайце дэталёва ў дагаворы ўсе нюансы: якія работы, дзе і ў якім аб’ёме трэба выканаць. Чым больш дэталёва вы прапішаце кожны від працы і кошт, тым прасцей будзе абараніць сваю праўду ў судзе і вызначыць дакладны памер іскавых патрабаванняў.

Адна з самых распаўсюджаных скаргаў на суседзяў гучыць так: «Суседзі зверху памянялі паркет — і зараз мы чуем кожны іх крок!» Каб разабрацца, неабходна вызначыць адпаведнасць гукаізалюючай здольнасці перакрыцця патрабаванням нарматыўнай дакументацыі. Замеры ўдарнага шуму праводзяць эксперты іншых арганізацый з выкарыстаннем спецыяльнага прыбора — тупальнай машыны. Яе ставяць у кватэры з «шумнай» падлогай, а ў кватэры знізу — мікрафоны. Затым замяраюць узровень фонавага шуму, што пранікае з вуліцы.

У сітуацыях, калі адзін сусед затапіў другога, таксама разбіраюцца эксперты. Вызначаюць наступствы інцыдэнту, магчымую прычыну і кошт ліквідацыі пашкоджанняў. Тут, як правіла, пакутуе аддзелка. У чым і пераконваюць здымкі з «мокрых» кватэр.

— Шпалеры маюць уласцівасць выгараць, партыя ад партыі можа адрознівацца малюнкам ці насычанасцю колераў. Падабраць тон у тон, каб падклеіць сапсаваны ўчастак, праблематычна, — тлумачыць Аляксандр Бачыла, паказваючы здымкі затопленай кватэры. — Таму, калі шпалеры сапсаваныя на якім-небудзь участку, то яны нярэдка падлягаюць поўнай замене ва ўсім пакоі. Задача — прывесці памяшканне ў першапачатковы выгляд.

Адзін з самых дарагіх элементаў у кватэры — падлога. Яе пашкоджанне пагражае буйнымі выдаткамі для вінаватага ў падтапленні. Паркетная дошка пад уздзеяннем вільгаці мае ўласцівасць мяняць структуру і памеры. Яна набракае і ў першапачатковы выгляд можа ўжо не вярнуцца. Тут справа даходзіць аж да поўнай замены пакрыцця ў памяшканні. На маё пытанне аб выдатках на дадатковыя работы Аляксандр Бачыла адказвае:

— Для замены падлогавага пакрыцця можа спатрэбіцца дэмантаж шафы-купэ, плінтусаў ці дзвярных налічнікаў. Дэмантажныя работы таксама ўключаюцца ў кошт ліквідацыі наступстваў заліцця.

Пры падліку кошту аднаўлення спатрэбяцца магазінныя чэкі, напрыклад, на куплю шпалер, бо эксперт можа вызначыць толькі тып шпалер, напрыклад, флізелінавыя яны, папяровыя ці тэкстыльныя. Калі вы паклеілі кватэру тэкстыльнымі шпалерамі коштам 200 рублёў за трубку і не захавалі чэкі, вам прапануюць пераклеіць кватэру тымі ж тэкстыльнымі шпалерамі, але іх кошт можа аказацца ніжэйшым.

Самі грамадзяне часта звяртаюцца ў ГКСЭ з-за нядобрасумленнага забудоўшчыка альбо арганізацый, якія выконвалі капітальны рамонт. Напрыклад, новыя вокны ПВХ не вытрымалі выпрабавання восеньскімі дажджамі і пачалі цячы. Ці выканалі тэхналогію ўстаноўкі, ці паклалі ўсе неабходныя матэрыялы, дапаможа разабрацца будаўніча-тэхнічная экспертыза. Ды і сам ўладальнік кватэры можа пракантраляваць некаторыя моманты. Якія менавіта, пералічыў эксперт:

— Мантажнае шво павінна быць цалкам запоўнена мантажнай пенай, а стыкі загерметызаваныя. Пераканайцеся ў наяўнасці ўсіх заглушак на завесах. Ніякіх скразнякоў таксама быць не павінна.

Што рабіць, калі будаўнікі з’ехалі, не скончыўшы будаўніцтва вашага дачнага доміка? Пры наяўнасці падрабязнага каштарыса пытанняў па аб’ёмах выкананых работ паўстаць не павінна. У іншым выпадку прыйдзецца набрацца цярпення. Напрыклад, вызначыць аб’ём армiравання падмурка складана, бо гэтыя работы скрытыя. Трэба ўскрываць канструкцыі. А гэта можа паўплываць на іх апорную здольнасць.

Часам да экспертаў звяртаюцца жыхары новабудоўляў. То па сцяне ў іх кватэры трэшчына пайшла, то дах пацёк, то на балконе цвіль завялася. Часцей за ўсё гэта звязана з няякасна зробленай гідраізаляцыяй ці з яе адсутнасцю. З часам гэта прыводзіць да намакання сцен, а пасля да парушэння аддзелкі, адлуплівання фарбы і паяўлення цвілі. Напрыканцы Аляксандр Бачыла параіў навасёлам:

— Падчас прыёмкі старанна аглядайце кватэру, не забывайце надаваць увагу вокнам. Калі сумняваецеся ў якасці выкананых аддзелачных работ — звярніцеся да спецыялістаў.

gorbatenko_inna@mail.ru


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости