Заяўка на Дзень пiсьменства

Апынуцца ў эпiцэнтры падзей, звязаных са святкаваннем Дня беларускага пiсьменства, сёлета гонар выпаў старажытнаму Барысаву. Да азначанай даты час быццам бы ёсць, тым не менш i падрыхтоўчых спраў непачаты край

Апынуцца ў эпiцэнтры падзей, звязаных са святкаваннем Дня беларускага пiсьменства, сёлета гонар выпаў старажытнаму Барысаву. Да азначанай даты час быццам бы ёсць, тым не менш i падрыхтоўчых спраў непачаты край. 

Намеснiк прэм’ер-мiнiстра краiны Аляксандр Косiнец, якi сабраў у горадзе рэспублiканскi арганiзацыйны камiтэт свята, адразу ж падкрэслiў, што яно не павiнна быць уцiснута ў “аб’езджаны” сцэнарый, а несцi непаўторны каларыт, мець сваю, барысаўскую «разыначку». Цi то звязаную з адкрыццём мемарыяльнага знака, прысваеннем iмя знакамiтага земляка-асветнiка, пiсьменнiка навучальнай установе, цi то з увекавечаннем пэўнай гiстарычнай асобы ў помнiку. Гэтак было ў Шклове, у Паставах на папярэднiх асветнiцкiх фестывалях. А сёлетнi ж – своеасаблiвы, пятнаццаты па лiку. 

Паводле меркавання Аляксандра Косiнца, Дзень пiсьменства — не простыя агледзiны набыткаў лiтаратуры, сродкаў масавай iнфармацыi. Гэта падзея ў культурным жыццi нацыi, якая закранае ўсе яго бакi, усе сферы дзейнасцi, у тым лiку i вытворчую. Па сутнасцi, фестываль трывала заняў сваё месца пасля такога ж усенароднага свята працаўнiкоў вёскi, як “Дажынкi”. I таму падрыхтоўка да яго павiнна быць усебаковай, асаблiва  ў горадзе, якi прымае гасцей з усёй краiны i нават з-за мяжы. Паводле iнфармацыi старшынi Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Мiкалая Чаргiнца, лiтаратурны дэсант чакаецца з Расii, Украiны, Балгарыi, Сербii, Германii i iншых краiн. 

Барысаву шмат што належыць зрабiць па добраўпарадкаваннi ўездаў у горад, вулiц, сквераў, зялёных зон. Асаблiвай увагi патрабуе цэнтральная плошча, дзе будуць разгортвацца асноўныя падзеi святочнага сцэнарыя. Яе афармленне патрабуе аднастайнага архiтэктурнага рашэння, i тут сваё слова павiнны сказаць спецыялiсты гэтага профiлю — як рэспублiканскага, так i мясцовага ўзроўню. 

Гасцiнiчнае, транспартнае абслугоўванне, работа аб’­ектаў сувязi, гандлю, грамадскага харчавання, рэкламы – нiшто не засталося па-за ўвагай старшынь рэспублiканскага i абласнога арганiзацыйных камiтэтаў. Апошнi ўзначальвае першы намеснiк старшынi Мiнскага аблвыканкома Вiктар Шчэцька, якi ўжо многiя праблемы таксама ўзяў пад кантроль. 

Што ж датычыць праграмы свята, то яна таксама ў агульных рысах ужо акрэслена. Будуць тут «Барысаўскiя чытаннi», выставы, конкурсы лiтаратурных твораў, уручэнне знака «Залаты фалiянт», фестываль мясцовай прэсы... Папярэднiчаць святу, як звычайна, будзе духоўная, культурна-асветнiцкая экспедыцыя «Дарога да святынь». 

Як адзначыў Аляксандр Косiнец, усяго на падрыхтоўчыя мерапрыемствы павiнна быць кансалiдавана з усiх крынiц фiнансавання больш за 25 мiльярдаў рублёў. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter