Актыўная грамадская дзейнасць кіраўніцы беларускай суполкі “Нёман” з Тальяці Людмілы Дзёмінай у чарговы раз атрымала прызнанне ў прыволжскім горадзе

Заслужыла!

Актыўная грамадская дзейнасць кіраўніцы беларускай суполкі “Нёман” з Тальяці Людмілы Дзёмінай у чарговы раз атрымала прызнанне ў прыволжскім горадзе

Ураджэнку Бабруйска прызналі сёлета і “Жанчынай Аўтаграда” — пра тое мы паведамлялі. А нядаўна прыйшла вестка: 4 чэрвеня, напярэдадні Дня горада, пяцёра лепшых людзей Тальяці атрымалі ганаровы знак мэра “За заслугі перад гарадской акругай Тальяці”. У лік іх трапіла і Людміла Дзёміна, наш пазаштатны аўтар. Яна кіраўніца і мясцовай грамадскай арганізацыі “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман”, і створанага пры ёй гурта “Купалінка”. Пра справы суполкі ведаюць многія чытачы — паўтарацца не будзем. Шчыра рады за вас, спадарыня Людміла! Спадзяемся, прызнанне дапаможа вам увасабляць у жыццё творчыя планы — вашыя ды іншых актывістаў беларускага руху ў Тальяці.

Мы атрымалі і пісьмо з Эстоніі.  “Будзеце пісаць пра новую ўзнагароду Людмілы Дзёмінай — прыпішыце віншаванне ёй ад нарвскіх “Сяброў”, — папрасіла кіраўніца суполкі Людміла Аннус. — Рады, што высока ацэнена яе вялікая праца па пашырэнні беларускай культуры. Мы па-добраму зайздросцім, што Людміле і яе аднадумцам удаецца прыцягнуць да працы на карысць Бацькаўшчыны шмат моладзі, маладых талентаў. І ўсім беларусам Тальяці можна пазайздросціць: у суполкі “Нёман” дасведчаная, улюбёная ў родную культуру, духоўную спадчыну беларусаў кіраўніца”.

Узнагароду Людміле Дзёмінай уручыў мэр гарадской акругі Тальяці Сяргей Андрэеў.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter