Запрашае школьны тэатр

На Беларусі школьны тэатр існаваў з ХVІ стагоддзя.
На Беларусі школьны тэатр існаваў з ХVІ стагоддзя.

У рэчышчы школьнага тэатра разгортвалася і дзейнасць слыннага сына Беларусі Сімяона Полацкага, які лічыцца заснавальнікам школьнага тэатра ў Расіі. З 1765 года дзейнічаў школьны тэатр піяраў у Віцебску. Тыпова асветніцкім тэатрам быў тэатр Забельскай дамініканскай калегіі ў вёсцы Валынцы Верхнядзвінскага раёна, які пачаў дзейнічаць у 1787 годзе. Тэатр тых часоў меў пазнавальна-дыдактычныя і выхаваўчыя мэты, і пераважалі ў ім спектаклі на лацінскай і польскай мовах.

Не забыта тэатральнае мастацтва навучэнцаў і ў нашы дні. Традыцыйны фестываль “Школьны тэатр” прайшоў нядаўна ў Віцебску — ужо ў адзінаццаты раз — на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Адметна, што тут быў прадстаўлены выключна беларускі рэпертуар. А паказвалі шматлікім гледачам сваё самадзейнае мастацтва вучні сярэдніх школ і цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі Віцебска.

Вельмі сімвалічна, што вучнёўскія фестывалі адбываюцца на прафесійнай коласаўскай сцэне. Бо, як вядома, вялікі Тэатр многіх прафесійных акцёраў пачынаўся з маленькага — школьнага.

Кастусь Карнялюк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter