Замова на мову

Пра Украіну шмат гавораць і пішуць праз падзеі ў Данбасе і ўз’яднанне Крыма з Расіяй. Цяпер у топ-інфармацыі іншая тэма: днямі Вярхоўная рада прыняла Закон аб адукацыі, які, па сутнасці, забараняе на тэрыторыі краіны выкладанне на любой мове, акрамя ўкраінскай. У палажэннях новага дакумента замацавана, што пачынаючы з 2018 года забараняецца выкладанне прадметаў на мовах нацыянальных меншасцей (з пятага класа). А з 2020-га — ліквідуецца навучанне на мове нацынальных меншасцей і ў малодшых класах. Такім чынам укараняецца сістэма агульнай адукацыі поўнасцю на мове тытульнай нацыі. Нехта скажа: а ці дрэнна, што наша паўднёвая суседка развівае нацыянальную адукацыйную прастору, а нехта выступіць катэгарычна супраць падобных  падыходаў, заўважыўшы парушэнні сваіх грамадзянскіх правоў.    

З рэзкай крытыкай рашэння Рады выступілі знешнепалітычныя ведамствы Венгрыі, Польшчы і Румыніі. Так, Венгрыя звярнулася ў АБСЕ і ААН са скаргай на новы ўкраінскі Закон аб адукацыі, які забараняе нацменшасцям вучыцца на роднай мове. Кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сійярта ўпэўнены: закон супярэчыць каштоўнасцям Еўрасаюза і сур’ёзна парушае правы венгерскай меншасці.

Да таго ж Будапешт больш не стане падтрымліваць ініцыятывы Украіны ў міжнародных арганізацыях.  Адпаведна выказаўся і прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. У гэтым рэчышчы, сугучна з іншымі, прагучала і заява МЗС Расіі: згаданы закон супярэчыць украінскай Канстытуцыі, міжнародным абавязацельствам афіцыйнага Кіева і парушае правы мільёнаў рускамоўных грамадзян краіны.  

Занепакоіўся і Савет Еўропы, накіраваўшы ўкраінскім уладам запыт аб канчатковым варыянце тэксту “адукацыйнага дакумента”. Яго мусяць перадаць для аналізу Камітэту экспертаў хартыі рэгіянальных моў ці моў меншасцей. Аналітыкі хочуць высветліць, ці адпавядае новы закон Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і абавязацельствам, якія ўзяла на сябе Украіна ў 2005 годзе, ратыфікуючы Статут Савета Еўропы.

Аднак палітыкам заўсёды неабходна памятаць галоўнае: моўнае пытанне для любога грамадства даволі адчувальнае, паколькі звязана з жыццём  мільёнаў людзей. Таму і вырашаць яго трэба вельмі ўзважана і асцярожна. Можна сказаць, ювелірна.

Узброены канфлікт на паўднёвым усходзе Украіны — у 2014 годзе — здэтаніраваў і ўзнік не на пустым месцы. “Моўнае пытанне” напярэдадні яго таксама моцна прагучала.   

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter