У свет выйшаў раман Васіля Шырко «Прынёманскія плытагоны»

З вёскі Мілавы ў цэлы свет

Чытачы Васіля Шырко ведаюць як аўтара вельмі цікавых кніг, складзеных з аповесцей, казак, публіцыстыкі. У гэтым пераліку не хапала толькі самага аб’ёмнага жанру — рамана. Праўда, было прадчуванне, што пісьменнік абрадуе нас і гэтым. І яно ўрэшце збылося. У свет выйшаў раман Васіля Шырко «Прынёманскія плытагоны», выдадзены асобнай кнігай з дробным тэкстам, больш за 400 старонак. 


У кароткай прадмове да выдання напісана: «Вострасюжэтны раман Васіля Шырко распавядае пра нялёгкія выпрабаванні жыхароў вёскі Мілава напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і падчас барацьбы з нямецка-фашысцкімі акупантамі... Побач з беларусамі прыбліжаюць Дзень Перамогі рускія, латышы, яўрэі, цыгане. Гэта своеасаблівы гімн малой радзіме, афіцэрам і салдатам, якія здабывалі Вялікую Перамогу...»

Раман маштабны. Яго героі не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Латвіі і нават Манголіі. І ўсё ж асноўныя падзеі разгортваюцца ў беларускай вёсачцы з лірычнай назвай Мілава. «Падпяразаная барамі, бярозавымі гаямі, векавымі дубравамі вёска Мілава прытулілася да пакручастай рэчкі-быстрацечкі, уздоўж берагоў якой, быццам скардзячыся на лёс (вада падмывала карані), шапацеў аер, перамаўляліся між сабой самотныя, чэзлыя вольхі, сарамліва чырванеў ракітнік, цягнулася ўвысь і раздавалася лаза. Радавалі вока ніцыя вербы, дробналістыя паненкі-івы, якія любуючыся сваім абліччам, глядзеліся ў ваду, нібыта дзяўчаты-прыгажуні ў люстэрка».

У цэнтры аповеда — тры пакаленні сям’і Лешукоў: дзед Алесь, які ў Грамадзянскую вайну пазбавіўся зроку, яго сын Андрэй з жонкай Нінай і ўнукі Паўлюк і Лёшка. Вобразы выпісаны аўтарам каларытна, запамінальна.

ДЗЕД Алесь, нягледзячы на слепату, быў адзін з рэдкіх у акрузе умельцаў па вырабе прыстасаванняў для звязвання бярвенняў у плыты, так званых швараў. Мілаўка, Вуса, а там-сям і бацька Нёман не радавалі плытагонаў глыбінёй. Звяжы сосны ланцугамі — і можна сесці на мель; звяжы пяньковымі вяроўкамі — не праплывеш і сто вёрст: вада размые іх. Вось і прыдумаў народ швары (гардзелі), вяроўкі з гнуткага бярозавага вецця. Каб звіць гэтае вецце, патрэбна цярпенне, умельства, дужыя рукі. На ўсё — немалое. У Мілаве галоўнымі спецыялістамі па шварах былі дзед Алесь і маладзейшы за яго Ахрэм, па-вулічнаму Поп. Напрыканцы зімы ім прывозілі вецце, і дзяды вілі вяроўкі, якія рэдка рваліся, не цягнулі сосны на дно. Дзед Алесь расказваў унукам казкі, легенды, даваў слушныя парады па гаспадарцы сыну Андрэю і нявестцы Ніне.

Андрэй, прараб будаўнікоў, выведзены ў рамане, яшчэ і як выдатнейшы плытагон. Аўтар з веданнем азоў апавядае аб нялёгкай, рызыкоўнай справе сплаўшчыкаў лесу, іх зайздросным майстэрстве і мужнасці. Да голасу Андрэя вяскоўцы прыслухоўваліся, з ім раіліся.

Яго жонка, Ніна Пятроўна, так паважна звалі яе ў вёсцы, узначальвала паляводчую брыгаду ў калгасе. Яна клапатала не толькі на грамадскай працы, але і дома. Аб неверагоднай цягавітасці гэтай жанчыны сведчыць наступны факт: яна купіла ў Мінску пяць пудоў сечкі (80 кілаграмаў) і несла на плячах за паўсотню кіламетраў у сваю вёску!..

Здзіўляе сваім талентам і фантастычнай памяццю малодшы сын Андрэя Лёшка. Вучань мясцовай школы з першага прачытання запамінаў і расказваў без запінкі цэлыя паэмы, апавяданні. І не толькі на беларускай і рускай мовах, але і на ўкраінскай.

І ўсё ж галоўная лінія рамана — Павел Ляшук, ці, як яго ў вёсцы называюць, Паўлюк, і яго равесніца мінчанка Святлана. Нельга без заварожвання чытаць старонкі аб рамантычным каханні пастушка-падлетка і гарадской дзяўчыны-гімнасткі, якая прыехала ў вёску да бабулі на вакацыі. Гэта пачуццё яны пранясуць праз многія гады і захаваюць, нягледзячы на шматлікія выпрабаванні.

Паўлюк, каб дасягнуць сваёй мэты — паступіць у ваеннае вучылішча, завочна вучыцца ў дзясятым класе і працуе на цагельні, дзе далёка не ўсе дарослыя вытрымліваюць. Займаецца сур’ёзна спортам, а калі становіцца барцом, не пасуе перад майстрамі і перамагае на прэстыжных вайсковых спаборніцтвах. У статусе камандзіра роты праводзіць бліскучую аперацыю на вайне з белафінамі ў 1940 годзе, за што атрымлівае званне Героя Савецкага Саюза.

Аб багатым унутраным свеце Святланы сведчаць яе адносіны да бабулі Кацярыны. Дзяўчына з ахвотай адбывае радоўку, чысціць хлеў і дапамагае старой па гаспадарцы. А пасля, падчас вучобы ў ленінградскім ваенным вучылішчы на медсястру, калі ў Расіі пачаў лютаваць тыф, яна з трэцяга курса, не раздумваючы, папрасілася ў сельскую мясцовасць Пскоўскай вобласці лячыць хворых. Сама падхапіла гэту заразу, затое выратавала тысячы людзей.

Развітваемся мы з Паўлюком і Святланай ажно ў Манголіі...

Вельмі рэльефна вымалёўвае аўтар рамана вобразы жыхароў вёскі Мілавы: яўрэя-каваля Шлёму, той без асаблівай натугі падымае здаравенную калоду (з ёю не справіліся прызнаныя асілкі акругі); бабку-шаптуху Аваліну, яна зёлкамі і замовамі лячыла хваробы, якім не маглі даць рады дактары; тую ж бабку Кацярыну, якая вымушана векаваць саламянай удавой, але не скарылася лёсу і ўсяляк дапамагала аднавяскоўцам у бядзе.

Легендарны, іначай не скажаш, вобраз Дзяніса Вішнеўскага, мужа Кацярыны, які з простага мужыка-мілаўца воляй непрадказальнага лёсу стаў аўтарытэтным цыганскім баронам і толькі праз дзясяткі гадоў змог сустрэцца са сваёй суджанай.

Нельга без хвалявання чытаць старонкі аб выратаванні мілаўскім бабылём Яўсеем Кучуком украінкі Веры. Жанчына прыбілася ў беларускую вёску вясной 1930 года, калі ва Украіне быў галадамор. Абарваная, змарнелая гаротніца ляжала без памяці на беразе рэчкі Уздзянкі. Па галаве поўзалі вошы, на пакусаных вуснах запяклася кроў, патрэскаліся босыя ногі. Яўсей аднёс яе, лёгкую, як пушынку, да сваёй хаты, памыў, пакарміў рэшткамі курынага супу, паклікаў старшыню сельсавета Баўтрука, фельчара Марку. Ратавала ўкраінку ўся вёска: неслі да бабыля ў хату мёд, сала, праснакі, яйкі. Праз месяц ёй выдалі метрыкі, прыпісалі. Яўсей Кучук пабраўся з ёй шлюбам. Вера стала лепшай даяркай у калгасе, а яшчэ лячыла зёлкамі ўдзячных мілаўцаў.

Нямала старонак у рамане адведзена працы на зямлі. Вельмі паэтычна абмалёўвае аўтар касавіцу. На яе людзі выходзілі як на свята: «Джвіг, джвіг! — заспявалі косы, і неадцвіўшыя, не кінуўшыя ў зямлю насенне, не адарыўшыя пчол нектарам травы падалі долу. Так было спакон вякоў, так будзе і праз сто, дзвесце год, так і павінна быць...»

З глыбокім веданнем знаёміць пісьменнік з вясковым бытам. У прыватнасці, з так званымі вячэрнімі пасядзелкамі, на якіх наслухаешся самага рознага: і смешнага, і трагічнага. Асабліва даставалася гарадскім жыхарам.

Цётка Маруся падзялілася аднойчы такой навіной: «Нядаўна мая дачка прыязджала з Мінска. Казала, цяпер там людзей не хаваюць, а паляць у печы... рэматоры... Пасадзяць нябожчыка ў тую печ, націснуць на кнопачку — ён і гарыць. Жменька попелу з чалавека застаецца. Дома той попел трымаюць... Адна кабета мужыка завезла ў той рэматоры. З гарэлкі памёр. Яна яго ў касцюм харошы адзела, каб на тым свеце было не брыдка перад Богам паказацца. У касцюме тым адзін гузік адарваўся. Пад рукой не было чорнай ніткі, дык яна сіняй прышыла. Спалілі чалавека, аддалі попел у вурне. Не панесла на могілкі тую вурну, дома паставіла. Паглядзіць на яе, паплача. Сын у арміі служыў. Не пусцілі яго хаваць бацьку. Яму служыць мала засталося. Даў цяляграму, што скора вернецца. Яна і рашыла купіць хлопцу тое-сёе з адзежы. Грошай было мала: пайшла ў танны магазін. Камісійны. Глядзіць мая кабета, а там касцюм вісіць, цот у цот як у мужа. Яна зірк на яго, а гузік адзін сіняю ніткай прышыты. Ёй кепска стала, вадой адлівалі...»

Асобны раздзел рамана «Беларусь-партызанка» прысвечаны барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Эпізадычна, але даволі ёмка паказана дзейнасць сакратара Мінскага падпольнага абкама партыі Васіля Іванавіча Казлова, які арганізаваў і ўзначаліў Мінскае партызанскае злучэнне.

Не засталіся ў баку ад барацьбы з ворагам і героі рамана. Андрэй Ляшук стаў партызанскім разведчыкам. Яго малодшага сына Аляксея выбралі камандзірам латышскага партызанскага атрада, які граміў фрыцаў на беларускай зямлі. І нават дзед Алесь ударам кулака зваліў на падлогу гітлераўскага фельдфебеля...

Многімі правобразамі рамана Васілю Шырко паслужылі яго родныя. Зусім не выдуманы вундэркінд Лёшка. Яго пісьменнік спісаў са свайго бацькі Аляксандра Аляксандравіча, які ведаў на памяць дваццаць паэм. У тым ліку «Новую зямлю» Якуба Коласа і «Энеіду» ўкраінскага паэта Івана Катлярэўскага.

Правобразам Ніны Пятроўны Ляшук, відаць, стала маці пісьменніка Ніна Васільеўна, дзеда Алеся — дзед пісьменніка.

У раман ўплецена нямала даволі цікавых і рэдкіх гістарычных фактаў. Так, з вуснаў Арыны Дзянісаўны, дочкі Вішнеўскага, даведваемся, што ў Мінску ў 1929 годзе тыф загубіў тысячы мінчан, бальніцы горада былі перапоўнены. Памерлых як мага хутчэй хавалі ў брацкіх могілках за межамі сталіцы. Нават вядомаму на ўсю рэспубліку беларускаму Ясеніну — Паўлюку Трусу — не знайшлося ложка ў тыфознай бальніцы. Яго паклалі ў калідоры на канапе. Лекаў на ўсіх не хапала, і, каб збіць тэмпературу, да гарачага ілба паэта прыкладвалі лёдавыя кампрэсы. Праз дзесяць дзён такога лячэння хворы памёр.

Мова рамана багатая, сочная, насычана прыказкамі і прымаўкамі. Глыбока сімвалічны расповед бабулі Кацярыны ўнучцы Святлане аб прыродным музее — лузе: «Гэты луг у нас называюць Медуніцай. Чуеш, як хораша дыхае слоўца — Ме-ду-ні-ца!» Прыгледзелася Святлана (вочы маладыя, вострыя, зыркія) і ўбачыла, як гуллівы вецер сагравае лагодным дыханнем званочкі. Іх быццам зусім нядаўна выкупалі ў сіньцы і паставілі сушыцца на сонцы. Званочкі не паспелі выліняць, яны радуюцца сваёй пекнаце і сарамліва ўсміхаюцца. Непадалёку ад іх стаяць купкамі бялюткія, што снег, рамонкі. Яны нахілілі свае маленькія галовы і аб нечым па-змоўніцку перамаўляюцца. Здаецца, мацней дыхне вецер, зазвоняць званочкі, застракочуць конікі, заспявае жаўрук і сяброўкі-рамонкі пусцяцца ў скокі. Зайздросціць званочкам і рамонкам дзікая канюшына-дзяцельніца. Хоць і не пакрыўдзіў яе Бог прыгажосцю, а росту не дадаў. Затое як цвіце, як пахне! І пчолы, і чмялі, і восы выцалавалі кожную кветачку... Асыпаецца, падае ў траву бязважкі руды метлюжок. Ён, як суцэльны купал, сцяблінак не відаць. І цвітуць. І радуюць вока пяшчотна-духмяныя краскі зямлі беларускай: залатыя і сівыя, самотныя і вясёлыя, але жывой душы неўвядальныя».

Гэта не проста расказ. Гэта гімн зямлі беларускай!

Раман Васіля Шырко чытаецца на адным дыханні — ад першай старонкі да апошняй. Твор, несумненна, значная падзея на пісьменніцкай ніве краіны. Выданне выйшла ў свет па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

ДАВЕДКА «СГ»

Васіль Шырко родам з Уздзеншчыны. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Пасля службы ў арміі працаваў карэспандэнтам «Сельской газеты», загадчыкам аддзела літаратуры на беларускім тэлебачанні, у часопісе «Полымя», галоўным рэдактарам часопіса Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі «Белая вежа». Старшыня секцыі публіцыстыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар кніг «Сцяжына да людзей», «Дзед Манюкін і ўнукі», «Зорны россып», «Шумі, мой лес, шумі...», «Нязваны госць» і многіх іншых. За ўклад у літаратуру ўзнагароджаны Дзяржаўнай і Нацыянальнай літаратурнай прэміямі Беларусі, медалём Францыска Скарыны.

saulich@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter