Яшчэ шуміць алея Элізы...

Ці ажыве пад Гроднам радавое гняздо “каралевы жывога слова”
Ці ажыве пад Гроднам радавое гняздо “каралевы жывога слова”?"НГ" працягвае падарожжа па мясцінах,звязаных з жыццём пісьменнікаў Чытачы “НГ” у межах праекта “Праз радкі і кіламетры” ўжо мелі магчымасць даведацца, дзе настаўнічаў Якуб Колас, з каго Іван Мележ пісаў “Людзей на балоце”, дзе жыў славуты дзед Талаш...

Гэтым разам вандроўка завяла ў вёску Мількаўшчына, што за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Гродна. Менавіта тут нарадзілася знакамітая пісьменніца беларуска-польскага памежжа Эліза Ажэшка, якую назвалі “каралевай жывога слова”.

Там, дзе спяваў салавей

Жыхары Мількаўшчыны і сёння расказваюць паданне, што ў ноч, калі ў шляхецкім маёнтку нарадзілася Эліза, у мількаўскім садзе ўпершыню заспяваў салавей. Старыя людзі прадракалі: у дзяўчынкі будзе незвычайны лёс. Спраўдзілася.

“Май сэрца як мага чысцейшае, аддавай паслугі як мага большыя зямлі і людзям” — гэтыя словы знакамітай зямлячкі абраны дэвізам мясцовай базавай школы імя Элізы Ажэшкі. Тут чакае апантаны сваёй справай чалавек, які ў ліку нешматлікіх мясцовых энтузіястаў збірае па крупіцах памяць аб знакамітай зямлячцы, — кіраўнік школьнага музея, былая настаўніца гісторыі Таццяна Савянкова.
Музей, з якога пачынаецца экскурсія па “элізіных мясцінах”, размяшчаецца ў школцы, дзе ўсяго толькі 45 вучняў.

— Калі б вы прыехалі да нас раней, па алеі Элізы мы правезлі б вас у сапраўднай брычцы, напаілі б гарбаткай з лекавых траў, якія ў свой час так любіла збіраць Эліза, далі б вадзіцы з элізінага калодзежа ў дарогу. Але ж ісці ў тыя мясціны прыйдзецца пешшу, і спадзяюся, што праз бур’ян прабяромся, — падрыхтоўвае да нечаканага павароту экскурсіі Таццяна Анатольеўна.

— Пяць гадоў таму да юбілею пісьменніцы, які шырока адзначаўся, мы ўстанавілі на сядзібе памятную пліту, паставілі буслянку, якая, кажуць, тут спакон вякоў стаяла, вымасцілі дарожкі, разбілі клумбы, аздобілі калодзеж. Мясцовыя жыхары, дарэчы, яшчэ да нядаўняга часу з ўсёй вёскі хадзілі ў элізін калодзеж ваду браць, кажуць, марынады на ёй вельмі добра стаяць. Ведаеце, з дапамогай спецыялістаў мы ўзялі пробы. Так і аказалася: вада была найчысцейшай. Дык мы яе нават турыстам прапаноўвалі. Але ж з таго часу ўсё прыйшло ў запусценне: ці ж адной маленькай школе такая справа па сіле? Я ўжо з мая прашу ў мясцовай гаспадарцы трактар з касілкай, каб абкасіць гэтыя знакамітыя мясціны, — звычайная ж каса той бур’ян не возьме. Звярталася і ў сельсавет. Не ведаю, ці пройдзем туды, — непакоілася ўсю дарогу Таццяна Анатольеўна.

Так і ёсць. Праз бур’ян, паабдзіраўшы ногі і рукі, прабіраемся да знакамітага калодзежа і буслянкі.

— Крыўдна, сорамна, — толькі і знаходзіць што сказаць Таццяна Анатольеўна.

Мне ж тым часам успамінаецца адметны, аздоблены з густам дом Элізы Ажэшкі ў Гродне, які патанае ў рознакаляровых восеньскіх кветках. Нядаўна гэты будынак, дзе пісьменніца жыла апошнія шаснаццаць гадоў, быў адрамантаваны. І зараз дом-музей не сорамна паказаць любому турысту. Чаму ж у Мількаўшчыне — калысцы Элізы — іншая карціна?

“Сэрцам прыкіпела да гэтага месца”

Але ж, мне падаецца, варта кожнаму, хто едзе па трасе Гродна—Мінск і бачыць указальнік “Мількаўшчына”, збочыць на тры кіламетры дзеля таго, каб паслухаць, як шуміць алея Элізы. Клёны жывыя з тых часоў. Дарэчы, гэтай восенню, як расказала Таццяна Савянкова, паміж старымі дрэвамі вучні мясцовай школы пасадзяць маладыя клёнікі, каб алея шумела яшчэ доўгія вякі.

Мне пашчасціла пагутарыць з надзвычай цікавым чалавекам, былой настаўніцай беларускай мовы, паэтэсай, якая напісала паэму “Зямлі і людзям”, заснаваную на ўспамінах Элізы Ажэшкі, яе творах і пісьмах, Любоўю Русілка. Васьмігадовай дзяўчынкай прыехала яна з бацькамі ў галодныя пасляваенныя гады з Украіны ў Мількаўшчыну, жыла ў Ажэшчыным доме — так называлі яго мясцовыя жыхары.

— Помню, што шляхецкі дом разбілі на памяшканні, якія па сваіх памерах напаміналі катушкі. Жыло там некалькі сем’яў, у тым ліку і наша. Я яшчэ дзяўчынкай чула, як людзі з павагай гаварылі: тут жыла пісьменніца Ажэшка. Прыкіпела я сэрцам да гэтага месца. А потым, з гадамі, задумала прысвяціць паэму Элізе Ажэшцы, дзе паказала яе як чалавека, патрыёта, жанчыну, пісьменніцу, — расказвае Любоў Мікалаеўна.

Што памятае роў над Нёманам?

Непадалёку ад таго маляўнічага месца, дзе рака Свіслач упадае ў Нёман, размешчана вёска Багатырэвічы. Тут знаходзіцца легендарная магіла Яна і Цэцыліі, пра якую распавядае Эліза Ажэшка ў сваім рамане “Над Нёманам”. Перасказаў легенду мне мясцовы краязнавец Лявон Карповіч. А было гэта так... У тыя далёкія часы, калі ліцвіны прынялі хрысціянства, у самы гушчар Гродзенскай пушчы прыйшла маладая пара і стала жыць, выбраўшы найпрыгажэйшае месца. Праз сто гадоў разышоўся па пушчы слых, што Ян і Цэцылія, так назвалі сябе прышэльцы, збудавалі прыгожы дом, збожжа сеюць, дзяцей і ўнукаў маюць. Аж да караля Жыгімонта Аўгуста і яго прыгажуні жонкі Барбары Радзівіл дайшлі гэтыя размовы. Кароль так зацікавіўся, што задумаў на ўсё паглядзець сваімі вачамі. І ўбачыў усё так, як казалі. І надаў кароль усяму роду Яна і Цэцыліі прозвішча Багатырэвічы за іх багатырскі чын, а шляхецкі герб ім — галава зубра на залатым полі. Калі Ян і Цэцылія памерлі, то пахавалі іх на пагорку, дзе роў аддзяляе яго ад вёскі. Узносіцца над магілай драўляны крыж з постаццю Хрыста. А на двух камянях незразумелыя знакі і дата “1549”...

Як расказаў Лявон Эдуардавіч, гэтае незвычайнае месца і сёння не пустуе. Асабліва імкнецца трапіць сюды закаханая моладзь.

А непадалёк, побач з вёскай Мінявічы, знаходзіцца яшчэ адно адметнае месца, якое можна непасрэдна звязаць з падзеямі, адлюстраванымі ў знакамітым рамане “Над Нёманам”, — магіла паўстанцаў 1863 года. Падумалася: вось і вырысоўваецца надзвычай цікавы турыстычны маршрут па “элізіных мясцінах”. Аказалася, што падобныя планы ўжо даўно існуюць.

— Мы рады, што наша Мількаўшчына ўключана ў турыстычны маршрут “Дарогай Элізы Ажэшкі і Адама Міцкевіча”. Хаця, як самі пабачылі, увагі радавое гняздо пісьменніцы патрабуе большай. Дарэчы, ёсць задумка аднавіць радавую сядзібу пісьменніцы згодна з архіўнымі дакументамі, яе асабістымі ўспамінамі... Можна было б арганізаваць нават конныя і веласіпедныя маршруты па маляўнічай мясцовасці. Але ж, вядома, патрэбна, каб за справу ўзяліся людзі, якія маюць не толькі цікавасць да асобы Элізы Ажэшкі, але і грошы, — зазначае Таццяна Савянкова.

Дарэчы, Мількаўшчына поўніцца чуткамі, што нядаўна наведваўся сюды спонсар — гродзенскі прадпрымальнік, які мае намер усур’ёз узяцца за гэтую справу.

Ёсць, як сведчаць мясцовыя жыхары, і яшчэ адна добрая прыкмета. На буслянцы, што ўзвялі неабыякавыя да памяці землякоў людзі на былой сядзібе пісьменніцы, у гэтым годзе звілі гняздо буслы. Кажуць, ажыве і радавое гняздо Элізы, дзе яшчэ шуміць яе алея.


Алена СЯМЁНАВА, “НГ”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter