Як не трапiць у павуцiнне залежнасцi. Наш суразмоўца — намеснiк дырэктара Мiнскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’i i дзяцей, кандыдат педагагiчных навук, сямейны кансультант Ж.I.МIЦКЕВIЧ.

— Жанна Iванаўна, у якiм узросце дзецi найбольш часта захапляюцца камп’ютэрнымi гульнямi i цi праходзiць гэта з цягам часу?
— Зазначу, што 20 працэнтаў зваротаў да нас звязаны з гэтымi праблемамi. Бацькi прыходзяць часцей за ўсё са скаргамi на дзяцей, якiя крадуць грошы на паход у камп’ютэрны клуб, прападаюць там днямi i начамi. I калi захапленне прымае такi хранiчны выгляд, калi яны робяць гэта сiстэматычна, мы можам гаварыць пра камп’ютэрную залежнасць дзiцяцi. Камп’ютэрныя прыхiльнiкi — гэта часцей за ўсё дзецi ад 10 гадоў i старэйшыя, а таксама моладзь ва ўзросце 18—20 гадоў. Але такая прыхiльнасць, што робiць з чалавека камп’ютэрнага “вар’ята”, назiраецца далёка не ва ўсiх дзяцей.
— Якiя ж дзецi найбольш схiльныя да камп’ютэрнай залежнасцi?
— Зазначу, што камп’ютэрная залежнасць знаходзiцца ў шэрагу iншых — залежнасцi ад тэлевiзара, спорту, ежы, казiно... У першую чаргу, на мой погляд, такая залежнасць сведчыць пра дысгармонiю сям’i i грамадства ў цэлым. Там, дзе ёсць псiхалагiчны камфорт, дзе дзiця з’яўляецца сапраўдым членам сям’i, у якой пануюць любоў, клопат, дзе падлетак мае пэўныя абавязкi, дзе да яго прыслухоўваюцца — ён не перажывае праблем, не шукае нечага, што зробiць яго залежным. Дзiця, якое мае душэўную гармонiю, цiкавяць многiя рэчы: i камп’ютэр, i катанне на ролiках, i тэлеперадачы, i кнiгi. Каварства любой залежнасцi ў тым, што яна запаўняе духоўную пустату альбо лiквiдуе разлад чалавека са светам.
— Як канкрэтна павiнны бацькi будаваць адносiны са сваiмi дзецьмi, каб яны не адчувалi духоўнай пустаты?
— Бацькам трэба лiчыць важнымi не толькi такiя жыццёвыя пытаннi, як ежа, заняткi ў школе, гуртках. Для дзiцяцi не менш важна, каб яго адчулi. А гэта можна зрабiць толькi тады, калi звяртацца да яго эмацыянальнага свету i давяраць яму. Нават на побытавым узроўнi звяртацца да яго адчуванняў, памкненняў. А ў нас ўсё гэта праходзiць фармальна, як у грамадстве, так i ў сям’i.
Трэба ствараць поле даверу, калi дзiцяцi самому хочацца расказаць старэйшым пра нешта. Калi ж мы кажам: “Потым, потым”, то прыходзiць час, калi нам хочацца, каб дзiця падзялiлася з намi, а яно ўжо не дзелiцца. Сын цi дачка альбо ў камп’ютэры, альбо ў гурце тых аднагодкаў, якiя прымаюць iх такiмi, якiя яны ёсць.
— Вы распавялi пра мiнусы камп’ютэра, але ёсць жа i плюсы...
— Па вялiкiм рахунку можна сказаць, што камп’ютэр — гэта цуд, якi падараваны нам на мяжы 20—21-га стагоддзяў. Гэта магчымасць спасцiгаць бязмежнае, магчымасць кожнага чалавека задаволiць сваю цiкавасць, пашырыць свае веды, гэта магчымасць размаўляць з усiм светам. Той, хто не можа звярнуцца да Iнтэрнэта, страчвае вельмi многа. I ў далейшым, мне здаецца, гэты чалавек будзе вельмi негатыўна адчуваць сябе, бо ён не такi, як усе. Да камп’ютэра рана цi позна звернецца кожны. Ужо сёння за мяжой ёсць камп’ютэрныя клубы для пажылых людзей, наладжаны заняткi ў пачатковых школах, садзiках. I бацькi, выкарыстоўваючы камп’ютэр, могуць “зрабiць плюс” для свайго дзiцяцi. Што гэта значыць? Вось вы далi сыну першыя грошы на камп’ютэрны клуб. Ён схадзiў адзiн. А чаму не схадзiць разам, чаму не паказаць яму: вось гэтая гульня цiкавая, бо вучыць дабрынi, вось гэта — дрэнная, бачыш, нейкую злосць выказвае. Адным словам, звярнуць увагу на маральны бок.
— Колькi часу можна дзецям праводзiць за камп’ютэрам, каб гэта не нанесла шкоду здароўю?
— Я лiчу, што гадзiну дастаткова для малых дзяцей, гадзiны дзве — для старэйшых. Але калi падлетак пасядзiць i 5 гадзiн, то не варта крычаць, патрабаваць. Трэба растлумачыць, даказаць, што толькi гэта не зробiць яго iнфармаваным, добрым, разумным, усебаковаразвiтым чалавекам. Калi бацькi пачынаюць пратэставаць, то ў вынiку i ў дзiцяцi нараджаецца пратэст, яно робiць наадварот.
— Не кожная сям’я можа мець дома камп’ютэр. Як растлумачыць гэта дзiцяцi?
— Трэба абмеркаваць з iм гэта пытанне. I разважаць варта наступным чынам: “Ты ведаеш, я таксама хачу камп’ютэр, але набыць яго вельмi цяжка. Давай паглядзiм, што мы можам усёй сям’ёй зрабiць дзеля гэтага”. Старэйшыя дзецi могуць падзарабiць. Многiя ўлетку працуюць i ў пазаўрочны час: мыюць машыны, разносяць пошту, даглядаюць дзяцей. Словам, трэба паказаць, што можна назбiраць гэтыя грошы. Калi ж зусiм няма магчымасцi купiць камп’ютэр, то можна зрабiць iншае: падысцi ў блiжэйшы камп’ютэрны клуб (у многiх з iх ёсць, мiж iншым, сацыяльныя педагогi) i дамовiцца, што ваша дзiця будзе прыходзiць у такiя гадзiны, такiя днi, каб за iм паназiралi, каб яно не займалася нечым непатрэбным, а толькi камп’ютэрам. А яшчэ лепш хадзiць разам з iм у клуб, абмяркоўваць тое, што адбываецца. Гэта толькi зблiзiць дзяцей i бацькоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter