«Вясковы чалавек без дулі ў кішэні і тым сімпатычны мне»

“Цені і постаці”, “Біяграфія слова”, “Маем рэчы”, “Адкрыты архіў”, “Лабірынты”. За ўсімі гэтымі праектамі стаіць адзін чалавек — іх аўтар і вядучы Алесь Матафонаў. З няспынным імпэтам ён адчыняе для гледачоў тэлеканала “Лад” усё новыя незвычайныя куткі нашай Бацькаўшчыны. Спадар Алесь распавёў “БН”, чаму апошні кароль Рэчы Паспалітай быў перапахаваны на Брэстчыне, як ушаноўваюць памяць Максіма Багдановіча ў Старым Крыме і чым можа здзівіць Беларусь замежнікаў і кожнага з нас.

Каля возера Янова бліз Полацка знаходзіцца таямнічая “каменная абсерваторыя” – свой беларускі Стоўнхэндж.

“Цені і постаці”, “Біяграфія слова”, “Маем рэчы”, “Адкрыты архіў”, “Лабірынты”. За ўсімі гэтымі праектамі стаіць адзін чалавек — іх аўтар і вядучы Алесь Матафонаў. З няспынным імпэтам ён адчыняе для гледачоў тэлеканала “Лад” усё новыя незвычайныя куткі нашай Бацькаўшчыны. Спадар Алесь распавёў “БН”, чаму апошні кароль Рэчы Паспалітай быў перапахаваны на Брэстчыне, як ушаноўваюць памяць Максіма Багдановіча ў Старым Крыме і чым можа здзівіць Беларусь замежнікаў і кожнага з нас.

— Алесь, на беларускім тэлебачанні існуе шмат праектаў, прысвечаных выбітным асобам, помнікам і падзеям з гісторыі Беларусі. Дастаткова ўзгадаць папулярныя “Новыя падарожжы дылетанта” Юрыя Жыгамонта ці цыкл “Эпоха” Алега Лукашэвіча. Відаць, цяжка ствараць нешта новае ва ўмовах такой сур’ёзнай канкурэнцыі?

— Чаму ж цяжка? У кожнага з нас ёсць свой непаўторны стыль і фармат. І гэта вельмі добра, што ў эфіры ідзе столькі праграм, прысвечаных слаўнаму мінуламу нашай Радзімы. Што датычыцца перадачы “Лабірынты”, гэта мой ужо шосты праект на айчынным тэлебачанні. Восенню мы адзначым яго трохгадовы юбілей. Для тэлевізійнага праекта — гэта вельмі сур’ёзны ўзрост, што даказвае яго вартасць і прафесійнасць. А выдзяляецца ён сярод іншых аналагічных праграм тым, што ў “Лабірынтах” прысутнічае мой аўтарскі погляд і бачанне гістарычных падзей на Беларусі. Наша каманда няспынна шукае новыя формы падачы матэрыялу, каб гледачы не пазяхалі і не цягнуліся да пульта пераключыць канал (Алесь усміхаецца. — Удакл. аўт.).

— Праца вымушае вас шмат вандраваць па нашай краіне і нават за яе межамі. Ці засталося яшчэ месца ў вашым сэрцы для шчырага здзіўлення ад вандровак?

— А ці можна ад іх стаміцца? Дзякуючы сваім экспедыцыям мне давялося столькі ўсяго пабачыць! Але найбольш уразіла тое, што ў Беларусі пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай — вялікі князь Станіслаў Панятоўскі. Яго крыпта знаходзіцца ў мястэчку Воўчын на Брэстчыне. На жаль, у савецкі час яна была абрабавана. Мы там зрабілі цудоўныя перадачы пра лёс апошняга караля Рэчы Паспалітай, якія мелі шмат водгукаў і падштурхнулі мясцовыя ўлады зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць далейшага разбурэння крыпты. Я шмат чаго адкрыў новага для сябе, калі гутарыў з мясцовымі жыхарамі, якія яшчэ помнілі, як у мястэчка прывезлі труну з астанкамі Станіслава Панятоўскага…

— ?!

— Так, не здзіўляйцеся. Справа ў тым, што спачатку ён быў пахаваны ў Пецярбургу, бо там жыў і памёр. І толькі ў 1938 годзе яго перанеслі ў пахавальню воўчынскага касцёла. Палякі вырашылі, што чалавек, які здрадзіў на карысць Расіі, не мае права ляжаць з іншымі каралямі. На той час Воўчын належыў Польшчы. Але грымнула вайна, і з прыходам у мястэчка савецкай улады каралеўская крыпта была разрабавана.

Мяне не перастае ўражваць вялікая колькасць славутых людзей — нашых суайчыннікаў, якія па розных прычынах пакінулі ў свой час краіну, але вельмі шмат зрабілі для нашых суседзяў — літоўцаў, палякаў, расіян, украінцаў. Напрыклад, Лявон Вітан-Дубейкаўскі — прафесійны архітэктар-рэстаўратар, які спрабаваў вынайсці ўласна беларускі драўляны стыль у архітэктуры. На Браслаўшчыне ў вёсцы Дрысвяты і сёння можна пабачыць спраектаваны ім касцёл. Можна яшчэ прыгадаць Бенедыкта Дыбоўскага, які ў Львове заснаваў адзін з лепшых на сёння заалагічных музеяў у свеце. — Шмат вашых перадач прысвечана беларускім вёскам і мястэчкам...

— У Віктора Гюго ёсць цікавы выраз: “Кожная вёска — націск, адкуль, як дым, разам узнімаюцца дзве тысячы гадоў успамінаў...” Зараз у галоўным холе Белтэлерадыёкампаніі праходзіць фотавыстава, прысвечаная нашаму праекту “Лабірынты”. На ёй прадстаўлены мае працы і майго сябра, таленавітага аператара Вячаслава Дамуця. Канцэптуальна яна падзелена на гарадскія і вясковыя пейзажы, а таксама партрэты. Праз апошнія я паказваю лёс звычайнага чалавека ў вёсцы, яго шчырыя і светлыя погляды на жыццё, дабрыню — тыя якасці, якіх часам не хапае ў вялікіх гарадах. У час вандровак мяне здзівіла колькасць у нашых вёсках доўгажыхароў. Я нават сустракаў людзей, якія ніколі не глядзелі і не слухалі тэлебачанне і радыё. І не таму, што цёмныя, проста яны жывуць у іншым рытме, дзе ім гэтыя забаўлялкі не патрэбныя. Кожны сам выбірае свой шлях. І мне вясковы чалавек сімпатычны тым, што ён больш рэальна глядзіць на жыццё і адэкватна на яго рэагуе, існуючы, як кажуць, без дулі ў кішэні. Кожны з герояў маіх фотапартрэтаў мае сваю цікавую гісторыю. Вось гэта вясковая кабета з козачкай з Вілейшчыны дапамагла нам знайсці незвычайны паганскі валун. А ў вёсцы Жамыслаўль Іўеўскага раёна мы сустрэлі жанчыну, якая вельмі клапоціцца аб цудоўнай печы з кафлі ХІХ стагоддзя, што знаходзіцца ў Палаца-паркавым комплексе Умястоўскіх. Яна вельмі ўзрушана тым, што выдатны помнік мінуўшчыны, на кафлі якога адлюстраваны асноўныя падзеі з жыцця гэтага знакамітага магнацкага роду, паступова разбураецца. Бо сам палац стаіць без абароны, і вельмі часта яго наведвальнікі адбіваюць сабе ад печы кавалачак на памяць.

— Алесь, чаго нам яшчэ чакаць ад “Лабірынтаў”?

— Ад мяне — нечаканасці. Хутка мы завершым свой тэлевізійны сезон праграмамі, прысвечанымі 1000-гадоваму юбілею назвы “Літва”. Бо як мы памятаем з гісторыі, большая частка Вялікага княства Літоўскага знаходзілася на тэрыторыі нашай краіны. Мы наладзілі добрыя стасункі з літоўскімі гісторыкамі і археолагамі, якія прытрымліваюцца крыху іншых поглядаў на гісторыю ВКЛ, чым беларускія спецыялісты. Да прыкладу, яны лічаць, што Міндоўг браў хрост не ў Наваградку, а на тэрыторыі сучаснай Літвы. І сваіх гледачоў мы абавязкова пазнаёмім з гэтымі рознабаковымі меркаваннямі. Бо заўсёды вельмі цікава параўноўваць беларускі погляд на гістарычныя падзеі з пазіцыяй нашых бліжэйшых суседзяў.

Выдам невялічкі сакрэт: наступны сезон мы пачнём з цыкла перадач пра гарачае лета 1915 года, калі Максім Багдановіч жыў у мястэчку Стары Крым і бываў у Кактэбелі. Гарачае, бо там ён пазнаёміўся з невядомай дзяўчынай Клавай. Свае пачуцці ён занатаваў у некалькіх аркушах, якія цяпер вядомы пад назвай “Інтымны дзённік”. У час наведвання мястэчка Стары Крым нас прыемна ўразіў той факт, што нашага слыннага паэта тут добра ведаюць. Так, у мясцовым Літаратурна-мастацкім музеі ёсць невялічкая экспазіцыя, прысвечаная яго асобе. Нават прадстаўлены сапраўдныя фрагменты слуцкіх паясоў, на якіх можна ўбачыць слова “Слуцк” і лагатып знакамітай фабрыкі Маджарскага. Часцінкі беларусчыны раскіданы па ўсім свеце!

— Што б вы параілі сваім гледачам, якія, натхніўшыся вашым прыкладам, таксама захочуць павандраваць па Беларусі?

— Самае банальнае — загадзя планаваць сваю паездку. Я маю на ўвазе не толькі набыць квіткі, знайсці месца для начлегу, а менавіта пашукаць больш інфармацыі пра тую мясцовасць, куды вы збіраецеся. Бо апынуўшыся, напрыклад, у старажытным мястэчку Чарэя, што ў Чашніцкім раёне, вы можаце не заўважыць і проста прайсці міма таго месца, дзе некалі ў атачэнні стогадовых ліп стаяла прыгожая альтанка паэта Оскара Мілаша, ураджэнца Беларусі, які лічыцца класікам французскага сімвалізму. Самае галоўнае у час такіх падарожжаў — пранікнуцца духам той эпохі.

У Беларусі ёсць шмат гістарычных помнікаў — палацаў, панскіх сядзіб, незвычайных па сваёй архітэктурнай пабудове кляштараў, і тое, што вы не ўбачыце анідзе: сляды даўняй культуры нашых продкаў — паганства. Рэшткі яго захаваліся ў народных легендах пра цудадзейныя азёры, крыніцы, якім мясцовае насельніцтва часам пакланяецца і зараз, просячы вызвалення ад хвароб; у фенамене культавых валуноў і каменных крыжоў. Паганская існасць нябачна праяўляецца ў кожным з нас, калі мы, напрыклад, з-за прымхлівасці пазбягаем чорных катоў і людзей з пустымі вёдрамі. Самае дзіўнае, што мне давялося ўбачыць, калі я рабіў цыкл перадач, прысвечаных паганскай культуры, — гэта так званая “каменная абсерваторыя” каля возера Янова пад Полацкам. Многія навукоўцы лічаць, што яна аднаго ўзросту са знакамітым каменным Стоўнхэнджам, і, напэўна, магла выкарыстоўвацца ў тых жа мэтах, што і ён.

Арына САНДОВІЧ, “БН”
НА ЗДЫМКАХ: Алесь МАТАФОНАЎ; фрагменты фотавыставы “Лабірынты”: бабулька і яе пястуха каза (Вілейшчына); панская печ — няспынны клопат гэтай простай вясковай жанчыны.
Фота з асабістага архіва А. МАТАФОНАВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter