Востраў у акіяне памяці

Фотавыстава да 25­-х угодкаў вываду савецкіх войск з Афганістана адкрыта ў Мінску
Фотавыстава да 25­-х угодкаў вываду савецкіх войск з Афганістана адкрыта ў Мінску

Фоталетапіс адлюстроўвае храналогію афганскага руху, гісторыю стварэння мемарыяла Востраў мужнасці і смутку ў Мінску. Сабраў калекцыю намеснік старшыні Саюза дэсантнікаў Беларусі, адзін з аўтараў і праекціроўшчыкаў мемарыяла Валерый Махнач. Ён яшчэ школьнікам удзельнічаў у паходах па месцах баявой і працоўнай славы савецкага народа. Амаль за 30 гадоў сабраўся ў яго вялікі архіў па афганскай тэме.
На фотаздымках — былыя воіны-інтэрнацыяналісты, ветэраны, дэсантнікі, знакавыя моманты з мітынгаў, дзён Памяці. Ёсць і аўтар скульптуры “Анёл, які плача” Юры Паўлаў. Шырока паказана дзейнасць клубаў, грамадскіх аб’яднанняў воінаў-інтэрнацыяналістаў.
На адкрыцці фотавыставы “Востраў мужнасці і смутку” старшыня першага Мінскага гарадскога Савета клуба воінаў запасу “Памяць” Павел Шэцько расказаў, як вярнуўся ў 83-м з афганскай вайны пасля цяжкага ранення і палічыў тады сваім абавязкам расказаць, што ж там, у Афганістане, адбываецца. Былыя афганцы стваралі клубы падрыхтоўкі юнакоў да службы ў войску, шукалі і падтрымлівалі маці загінулых, аказваюць дапамогу воінам-інтэрнацыяналістам, якія сталі інвалідамі.

Карына Папкова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter