У святочныя зімовыя вечары нашы продкі збіраліся сем'ямі, каб адзначыць самае галоўнае і ўрачыстае свята — Каляды. Беларускія традыцыі святкавання прайшлі праз стагоддзі і захаваліся да нашых дзён. У даўніну Каляды суадносіліся з днём першага зімовага сонцастаяння, сімвалізуючы пачатак новага года, як сонечнага, так і сельскагаспадарчага. З прыходам на нашы землі хрысціянства пачаткам Калядаў стала Раство Хрыстова.
Иллюстративное фото из архива «СБ»
Напярэдадні Раства гатавалі куццю. Гэта была посная вячэра, якая выпадала на апошні дзень паста. Усе стравы гатаваліся без дабаўлення мяса, жывёльнага тлушчу, малочных прадуктаў. На сталы падавалі рыбу, кісель, квас, бульбу, квашаную агародніну і абавязкова куццю (густую кашу з ячменю, запраўленую, напрыклад, мёдам).
I ў маёй памяці назаўсёды застануцца ўспаміны пра Каляды незабыўнага вясковага дзяцінства. Памятаю, што пад абрус на святочным стале дзядуля раскладваў сена як сімвал таго, што Хрыстос нарадзіўся ў яслях. Пасля свята яго адносілі каню і карове. Амаль усё, што ставілі на стол, было прыгатавана рукамі бабулі і матулі. Таму нават посны стол быў багаты на смачныя стравы, прыгожы і з году ў год збіраў наша сямейства ў сонечнай хаце. І сонечная яна называлася не столькі таму, што доўгі час была пафарбавана ў жоўты колер. У святы, прысвяткі і будні, у любую пару года тут чакалі сваіх трох дачок, зяцёў, унукаў і праўнукаў.
А калядны, як зараз модна казаць, вайб вылучаўся шчырай цеплынёй, народнымі спевамі, прыемнымі падарункамі і адчуваннем людской і Божай ласкі. Славілі ў малітвах мае родныя і аднавяскоўцы Раство Хрыстова, зычылі адзін аднаму толькі лепшага, дружна калядавалі. А незамужнія дзяўчаты ў калядную ноч варажылі на жаніха: перакідвалі праз плячо абутак, зняты з левай нагі, а затым глядзелі, у які бок звернуты насок. З таго боку і чакалі будучага мужа. Супадзенне гэта ці не, але мой зімовы бот у свой час «павярнуўся» ў бок сталіцы, да якой я вось ужо дваццаты год прывыкаю.
Таксама вяскоўцы надавалі ўвагу шматлікім народным прыкметам, звязаным з надвор'ем на Каляды. Калі, напрыклад, першы дзень свята быў ясным, то прадказвалі неўраджайны год, а калі хмурны, са снегам — багаты. Калі ў калядны вечар і ноччу на небе зіхацела шмат зорак — гэта да мноства грыбоў у лясах. Град у другой палове дня — да высокага ўраджаю бабовых, снег — да поспехаў у справах пчалаводства.
Гасціннасць і сяброўства людское былі на перадавой, платы паміж падворкамі — не такімі высокімі, вароты і брамкі — адчыненымі.
У добрых успамінах я вяртаюся ў вёсачку Савічы, у непаўторныя гады, калі дрэвы былі такімі высокімі, а я — маленькай бабулінай унучкай. Пасля чарговага «вясковага» сну (іх бачу рэгулярна) я напісала наступны верш:
У роднай хаце пахне пірагамі,
Засланы стол абрусам вышываным.
Бабуля клапатлівымі рукамі
Рыхтуе стравы госцейкам чаканым.
Хрушчоў, бліночкаў, клёцак, наліванак
Яшчэ да ўсходу сонца нарабіла.
Кісель вішнёвы, быццам той світанак,
І снегавы (аўсяны) заварыла.
Дастала кумпячок
з драўлянай скрынкі,
Нарэзала каўбаску, паляндвіцу…
Ну як тут не пусціць унукам слінькі?
Гарэзам больш на печы не сядзіцца.
«Бабуля, а калі мы будзем снедаць?
А госці нашы хутка завітаюць?
А можна клёцак, бабачка, адведаць
А то вантробы хутка
марш зайграюць…»
І з прыпеку нясе саганчык бобу
Любімая рахманая бабуля.
Духмяны, cмачны…
Словам — да спадобы!
Наеліся — знайшліся ў дзетак гулі.
Вадзім, Міхаська і сястрычка Каця
То ў вокны, то пад ёлку паглядалі.
Святочны вечар дараваў ім шчасце…
Вось і матулю з працы прычакалі.
Яшчэ гадзінка — і сямейства ў зборы,
Шчаслівы смех узносіцца да неба.
Мароз малюе на акне узоры,
А на стале і хлеб ёсць… і да хлеба!
…
Прайшлі гады. Замеценаю сцежкай
Упэўнена да роднай крочу хаты,
Сагрэтая бабулінай усмешкай,
Узрошчаная адчуваннем свята.
Да зледзянелай клямкі дакрануся.
Замок. Парог. I буду сагравацца...
Будзільнік. Прачынаюся. Злуюся:
Каляды. Мінск. Гадоў мінула 20.
На шчасце, я, сёння ўжо шматдзетная мама, магу таксама прыехаць у сонечную хату, адведаць і павіншаваць з Калядамі родных, але настолькі кола часу раскручана, што, нягледзячы на безліч магчымасцей сучаснага жыцця, у мяне, напрыклад, не атрымліваецца падрыхтаваць гэта вялікае свята так, як гэта было ў бабулі. Штось не паспяваецца, іншае не атрымліваецца.
А тым часам і храмы адчынены, што літаральна заўтра зноў будуць славіць Раство Хрыстова, і ёсць дзеля каго працаваць і сталы накрываць. Не звяліся і добрыя людзі, якія захоўваюць нашы традыцыі. Пра такіх хочацца пісаць і расказваць, з іх браць прыклад і імі натхняцца.
Няхай жа святло Каляднай зоркі азарае шляхі беларусаў, даруе надзею, веру, фізічную і духоўную моц, і праз гады і вякі светлае свята Раства Хрыстова аб'ядноўвае людзей у кожным кутку нашай міралюбнай і бязмежна прыгожай краіны.
rovdo@sb.by
Иллюстративное фото из архива «СБ» Напярэдадні Раства гатавалі куццю. Гэта была посная вячэра, якая выпадала на апошні дзень паста. Усе стравы гатаваліся без дабаўлення мяса, жывёльнага тлушчу, малочных прадуктаў. На сталы падавалі рыбу, кісель, квас, бульбу, квашаную агародніну і абавязкова куццю (густую кашу з ячменю, запраўленую, напрыклад, мёдам).