Валерый Казакоў: “Мы разам зрушым гэтую справу”

Канкрэтныя праекты па вяртанні гістарычна-культурнай спадчыны з Расіі ў Беларусь, супольная праца на карысць Бацькаўшчыны – такія прыярытэты ў жыцці старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, пісьменніка Валерыя КазаковаЁн — з тых цягавітых вяскоўцаў-беларусаў, якія дзякуючы таленту, працавітасці, добрай сваёй упартасці зрабілі кар’еру ў Расіі. Прайшоў нямала выпрабаванняў, рухаючыся з Магілёўшчыны — у масквічы. Сёлета ў красавіку на IV з’ездзе “Беларусаў Расіі” супляменнікі даверылі Валерыю Мікалаевічу пасаду старшыні аўтаноміі. Між іншым, імя Казакова і раней было на слыху — як аўтара зборніка вершаў “Філасофія гуку”, шэрагу кніг публіцыстыкі і прозы: “Разбітае люстэрка Карабаха”, “Цень Гобліна”, “Халопы”... Цікавая дэталь: гаворачы пра “Халопаў” у інтэрв’ю адной з беларускіх газет, Валерый Казакоў заўважыў, што выдадзены ён “як па-руску, так і на роднай мове”. Тут без лішніх слоў відаць, дзе яна, Бацькаўшчына сённяшняга масквіча. Яшчэ малым “у сваёй роднай вёсачцы Гарбавічы, што ў Чавускім раёне” ён выбраў пісьменніцкі шлях, пачынаў з вершаў.
Канкрэтныя праекты па вяртанні гістарычна-культурнай спадчыны з Расіі ў Беларусь, супольная праца на карысць Бацькаўшчыны – такія прыярытэты ў жыцці старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, пісьменніка Валерыя Казакова
Валерый КазакоўЁн — з тых цягавітых вяскоўцаў-беларусаў, якія дзякуючы таленту, працавітасці, добрай сваёй упартасці зрабілі кар’еру ў Расіі. Прайшоў нямала выпрабаванняў, рухаючыся з Магілёўшчыны — у масквічы. Сёлета ў красавіку на IV з’ездзе “Беларусаў Расіі” супляменнікі даверылі Валерыю Мікалаевічу пасаду старшыні аўтаноміі. Між іншым, імя Казакова і раней было на слыху — як аўтара зборніка вершаў “Філасофія гуку”, шэрагу кніг публіцыстыкі і прозы: “Разбітае люстэрка Карабаха”, “Цень Гобліна”, “Халопы”...
Цікавая дэталь: гаворачы пра “Халопаў” у інтэрв’ю адной з беларускіх газет, Валерый Казакоў заўважыў, што выдадзены ён “як па-руску, так і на роднай мове”. Тут без лішніх слоў відаць, дзе яна, Бацькаўшчына сённяшняга масквіча. Яшчэ малым “у сваёй роднай вёсачцы Гарбавічы, што ў Чавускім раёне” ён выбраў пісьменніцкі шлях, пачынаў з вершаў. Потым былі служба ў войску, маскоўскі Літінстытут імя М. Горкага, праца ваенным карэспандэнтам газеты “Красная звезда”, далей — у Расійскім саюзе ветэранаў Афганістана, Савеце бяспекі Расіі. І ў Адміністрацыі прэзідэнта Расіі: сам Барыс Ельцын прызначаў Валерыя Мікалаевіча сваім прадстаўніком у Краснаярскім краі.
Цяпер па справах расійскіх беларусаў і вяртання нашай гістарычна-культурнай спадчыны з Расіі ў Беларусь Валерый Мікалаевіч часцей бывае ў Мінску, на роднай Магілёўшчыне. Мне помніцца і яго па-вайсковаму кароткае, дзелавое выступленне ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на першым пасяджэнні “веча дыяспары” — Кансультатыўнага савета кіраўнікоў грамадскіх арганізацый суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой.
Тады спачатку міністр культуры Павел Латушка падкрэсліў, што Беларусь вельмі зацікаўлена ў тым, каб нашы землякі за мяжой спрыялі вяртанню, хай сабе і ў віртуальным выгля-дзе, нацыянальных гістарычна-культурных каштоўнасцяў, якія апынуліся за мяжой. “Ваша дапамога тут вельмі патрэбна краіне”, — звярнуўся да веча міністр. І крыху пазней Валерый Казакоў, узяўшы слова, у працяг тэмы паведаміў: беларусы Расіі ўжо стварылі таварыства “Вяртанне”. І па благаславенні і пры падтрымцы міністра культуры пачалі працу па вяртанні тых каштоўнасцяў, якія былі вывезены з тэрыторыі этнічнай Беларусі за ўсходнюю мяжу.
Якія ж іх планы ў гэтым кірунку? “У мяне ёсць дамова з кіраўніком Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы, ён згодзен алічбаваць і перадаць нам ва ўласнасць тэксты Баркалабаўскага летапіснага зводу, а таксама і Слуцкага летапісу, — гаворыць Валерый Мікалаевіч. — Такая работа вядзецца. Мы яшчэ дамовіліся, што будзе рэпрынтна выдадзена і Слуцкае евангелле — яно цяпер у Новасібірску і таксама вяртаецца ў такім выглядзе на Радзіму. Бо самі арыгіналы, як вядома, вярнуць практычна немагчыма”.
Наша газета пісала, што супрацоўнікі Калужскага абласнога краязнаўчага музея і Калужскага абласнога мастацкага музея выказалі гатоўнасць стварыць электронныя копіі партрэтаў роду Нямцэвічаў, арыгіналы якіх захоўваюцца ў калекцыях гэтых музеяў. Як вядома, тыя каштоўнасці былі вывезены з маёнтка Скокі (цяпер Брэсцкі раён) у 1915 годзе. І перш чым наконт “лічбавага вяртання” дамовіліся міністры культуры Беларусі і Расіі, у Калузе папрацавалі нашы суайчыннікі. “У нас ужо ёсць дамова з міністэрствам культуры Калужскай вобласці аб тым, што музейшчыкі алічбуюць партрэты з роду Нямцэвічаў, —удакладняе Казакоў. — Мы іх перанясем на палатно і вернем на Бацькаўшчыну. Гэта, мяркую, будуць першыя крокі, і мы разам зрушым гэтую справу”.
Яшчэ адзін праект “Беларусаў Расіі” — перавыданне “Малой падарожнай кніжыцы”, выдадзенай Францыскам Скарынам амаль 500 гадоў таму. Казакоў удакладняе: вядомы навуковец Юрый Лабынцаў зрабіў мікрафільм, даўно аддаў яго ў выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”. “Мы шукаем і на гэты праект грошы, ён будзе нам пад сілу, — упэўнены Валерый Казакоў. — А кніга ж унікальная, яна можа стаць візітоўкай Беларусі”. Дапамагаюць нашы землякі і вяртанню Полацкага евангелля — цяпер над гэтым працуюць сумесна Беларускі экзархат і супрацоўнікі адной з Санкт-Пецярбургскіх бібліятэк. Дарэчы, трапілі ў Піцер з Нясвіжскага замка магнатаў Радзівілаў і дзве старадаўнія гарматы — выдатныя помнікі збройнага майстэрства. Піцер іх, вядома ж, і з боем не аддасць, жартуе былы вайсковец, ды і расійскія беларусы не лыкам шыты: “Поўныя копіі іх зрабіць здолеем, на добрую памяць сабе і нашчадкам”.
На першым “вечы дыяспары” Валерый Казакоў праз міністра культуры перадаў у Нацыянальную бібліятэку Беларусі ўнікальны фаліянт — першы том старажытнага Елізаветаўскага евангелля. Паводле падання, яно калісьці было ўзята ў аднаго з цароў Балгарыі і прывезена ў Полацк. Там перапісана, трапіла ў Маскву, яшчэ раз было перапісана і далей невядомым чынам з’явілася ў Кіраваградзе, былым Елізаветбургу. Валерый Казакоў удакладніў: перавыданне накладам 1000 экзэмпляраў фундаваў Герман Сцерлігаў, удзельнічаў у праекце і сам дароўца.
Не толькі пра вяртанне спадчыны дбаюць беларусы Расіі. Адна з найважнейшых праблем, лічыць В. Казакоў, — выветрыванне беларускага духу ў супляменнікаў за мяжой. Асабліва ярка гэта відаць у Расіі. “Ад перапісу да перапісу нашых усё менш, на дзесяткі тысяч, а яны ж нікуды не з’язджаюць, — заклапочаны ён. — Я ўпэўнены: мы павінны натуральны закон асіміляцыі трохі карэктаваць. А для гэтага — падымаць беларускі дух землякоў у замежжы”. На з’ездзе “Беларусаў Расіі” прынята рашэнне: у Маскве будзе адкрыты незалежны Беларускі інстытут. Дапамогу абяцаюць Мінкультуры і Мінадукацыі Беларусі. Кіраўніцтву Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі ўстанова бачыцца як навуковая і метадычная, а таксама навучальная. Дасягнута дамова паміж кіраўніцтвамі Мінскай вобласці і Паўднёва-Заходняй акругі Масквы аб адкрыцці ў Маскве Беларускай школы. “Ці то ў новым, ці то ў старым будынку — Беларуская школа будзе абавязкова, мы таму паспрыяем”, — запэўніў Валерый Казакоў. Дарэчы, чатыры міжшкольныя факультатывы па вывучэнні беларускай мовы ў расійскай сталіцы ўжо працуюць.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter