Узлёт і падзенне

Сусветная эканоміка, рухаючыся наперад хуткімі тэмпамі, пераадольвае негатыўныя і пазітыўныя цыклы развіцця. Сёлета паводле прагнозу Global Economic Prospects Сусветнага банка (СБ) яна ўпершыню з часоў фінансавага крызісу 2008 года дасягне найвышэйшага ўзлёту. Такім чынам, сусветны ВУП вырасце ў 2018-м на 3,1 працэнта (чакалася 2,9), у 2019 годзе згаданы ключавы паказчык атрымаецца ўжо 3 працэнты. Адпаведна рост эканомікі нашай краіны павінен скласці: у 2018-м — 2,1 працэнта, у 2019—2020 гадах — 2,4.

Перадумовы па змяненнях статыстыкі да лепшага ўзніклі з-за павелічэння аб’ёмаў інвестыцый, росту гандлю і прамысловай вытворчасці. Але ў бліжэйшае дзесяцігоддзе агульны паказчык развіцця сусветнай эканомікі не будзе выглядаць занадта аптымістычным: рост ВУП запаволіцца да ўзроўню каля 2,3 працэнта, а, можа, і меней. Таксама эксперты СБ убачылі ў цяперашнім стане міжнародных фінансавых рынкаў абрысы магчымай будучай рэцэсіі.  

Пасля крызісу-2008 марудна аднаўлялася нават самая буйная эканоміка свету — амерыканская (штогод на паўтара працэнта). Удвая менш за папярэднія крызісныя перыяды ў гісторыі ЗША. Гэта гаворыць аб тым, што новая рэцэсія, магчыма, не за гарамі.

І вось тады зноў кепска будзе ўсім: адбудзецца чарговы абвал рынкаў, кошту нафты, энерганосьбітаў. Новы ўдар закране ў міжнародным маштабе фондавы рынак, фінансавую сістэму, будаўніцтва, прамысловасць і многія іншыя сферы жыццядзейнасці. Да таго ж, Мінфін ЗША папярэдзіў заканадаўцаў — сенатараў і кангрэсменаў — аб рызыцы дэфолту ў сувязі з неабходнасцю зноў павысіць ліміт дзяржаўнага доўгу ў краіне. Доўг стопрацэнтна перавысіў ВУП ЗША і дасягнуў астранамічнай лічбы — 20,5 трыльёна долараў.

На фоне ўсіх гэтых працэсаў сёння, па сутнасці, адбываецца эканамічная вайна ЗША і КНР. Амерыканцы афіцыйна паведамілі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, што адмаўляюцца прызнаваць Кітай краінай з рынкавай эканомікай. У дадзеным пытанні ЗША падтрымлівае ЕС. Пекін наважаны дамагчыся для сваёй краіны “рынкавага” статусу, каб пазбавіцца ад дадатковых пошлін на кітайскія тавары. Да гэтага трэба дадаць, што краіны БРІКС (Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і ПАР) у перспектыве мусяць змяніць статус-кво долара ЗША у якасці сусветнай рэзервовай валюты і перайсці ў міждзяржаўных разліках на нацыянальныя грашовыя адзінкі. З’явіцца не толькі нафтаюань, але і адзіная сістэма гандлю золатам у межах “аб’яднання пяці”.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter