У трэцюю нядзелю чэрвеня медыкі Беларусі святкуюць сваё прафесійнае свята

Уладзімір Корык: “Дынастыя працягваецца...”

Традыцыйна ў чэрвені, у трэцюю нядзелю месяца медыкі Беларусі святкуюць сваё прафесійнае свята. Гэты дзень дае падставу яшчэ раз успомніць пра тое, што ўрачы — прадстаўнікі прафесіі, у якой асаблівы статус. Бо яны, агульнапрызнана, маюць справу з жыццём чалавека.

Сярод іх і Уладзімір Корык, загадчык кафедры ваенна-палявой медыцыны Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар, палкоўнік медыцынскай службы. Практыкуе ў 2-й мінскай клінічнай бальніцы, адной з лепшых і найстарэйшых бальніц горада.

Знаёмая з Корыкам, напэўна, гадоў гэтак дванаццаць. Так склалася, што не раз даводзілася бываць у аддзяленні экстраннай хірургіі ­2-й клінічнай бальніцы. І самой у яго лячыцца, і па кансультацыю звяртацца, і сяброў наведваць. Назірала яго і падчас абходаў, сярод урачоў аддзялення і студэнтаў, і ў зносінах з сярэднім ме­дыцынскім персаналам. Але літаральна з першага дня знаёмства падумала пра яго: гэты чалавек на сваім месцы. Чаму? А ўсё проста. Уладзімір Корык — чалавек добразычлівы. Гутарыш з ім і адчуваеш сябе абароненым. Яшчэ ён умее гаварыць з пацыентамі на зразумелай для іх мове. Не памылюся, калі скажу: інтэлігентнасць у гэтага доктара ў крыві. Вядома, гэта не толькі яго адукаванасць, а хутчэй той стыль жыцця, які фарміраваўся з дзяцінства, які быў уласцівы яго бацькам. І ён няўлоўна праяўляецца ў голасе, інтанацыях, у выразе твару і нават у размове. Дзесьці я чытала пра тое, што інтэлігентнасць гэта не “што”, а “як” і звязана яна з унутранай годнасцю чалавека. Такі, па-мойму, Уладзімір Яўгенавіч, урач, якога яшчэ вылучае стрыманасць, такт і павага да суразмоўцы. І, безумоўна, высокі прафесіяналізм.

Пра тонкасці работы сучаснага хірурга, пра яго самога і пра іншых прадстаўнікоў гуманнай і адказнай прафесіі, людзей высокага грамадскага абавязку, мы і гутарым з Уладзімірам Корыкам.

— Уладзімір Яўгенавіч! Што падштурхнула вас выбраць шлях медыцыны? Можа, прачыталі ў дзя­цінстве кніжку Карнея Чукоўскага пра доктара Айбаліта і натхніліся? Ці бацькі былі ўрачамі?

— Я з сям’і патомных урачоў. Маці Галіна Іванаўна — мульці-доктар. Была гінеколагам, акушэрам, ігларэфлексатэрапеўтам. А бацька Яўген Фёдаравіч — кардыёлагам. Спачатку ён скончыў Кіеўскае ваенна-ме­дыцынскае вучылішча, якога ў нашы дні, на жаль, ужо няма. Там рыхтавалі ваенных фельчараў. Пасля гэтага пяць гадоў праслужыў на Курылах афіцэрам. З маці пазнаёміўся ўжо ў Мінску, у медінстытуце. Пажаніліся бацькі студэнтамі, а потым паехалі разам працаваць у Смалявіцкую бальніцу. Маё дзяцінства праходзіла ў яе сценах з маленства. Таму пытанне з выбарам прафесіі наогул не стаяла. Потым бацька і галоўным урачом стаў. А калі ў Мінск пераехалі, працаваў у 4-м упраўленні Міністэрства аховы здароўя, займаў высокія пасады. У доме была вялікая бібліятэка з медыцынскіх кніг. І я іх уважліва вывучаў з дзяцінства. Быў і такі казус цікавы. Неяк я прыйшоў да маці на работу ва ўзросце 6 гадоў, зайшоў у аглядны кабінет, а там ляжала жанчына з гінекалагічным захворваннем. Я не спалохаўся і нават паставіў дыягназ. Што цікава, ён быў правільны. А калі ў мяне сын нарадзіўся, адной з яго любімых кніжак была тапаграфічная анатомія. Так што Айбаліт тут не прычым, хоць Карнея Чукоўскага ў дзяцінстве чытаў.

— Сын па вашых слядах пайшоў?

— Так, сын Яўген вучыцца на чацвёртым курсе лячэбнага факультэта.

— Як думаеце, у яго гэта прызванне ці вы яго ўгаварылі?

— Жонка так і падумала, калі ён прыняў рашэнне туды паступаць. Яшчэ ў школе Жэня хацеў стаць дыпламатам. І рыхтаваўся ў БДУ. Але, з’ездзіўшы ў скаўцкі лагер, рашэнне змяніў. Ніхто ў сям’і не настойваў. Ён сам выбраў медыцыну. Аднойчы я ўзяў яго з сабою на аперацыю: аперыравалі цяжкага пацыента. У перадаперацыйнай усіх папярэдзіў: калі Жэньку стане дрэнна, каб вывелі з аперацыйнай… Але ён усю аперацыю правісеў у мяне за плячом, пытаючы, што ды як. І я ўжо тады зразумеў: яму на самай справе гэта цікава. Яшчэ раз ён мяне здзівіў. Калі прыйшоў на практыку ў клініку, папрасіўся працаваць у аддзяленні рэанімацыі. Я нікому не гаварыў, што гэта мой сын. Было цікава паглядзець, як выстройваюцца яго адносіны з медыцынскім персаналам, сярэднім, перш за ўсё. Для мяне гэта асноўны персанал. Урачы выконваюць невялікую частку той работы, якая робіцца ў бальніцы. А асноўную, з майго пункту гледжання, робіць сярэдні медыцынскі персанал. Гэта і догляд, і выкананне прызначэнняў урачоў, і многае іншае. На жаль, ёсць урачы, якія не ўмеюць працаваць з сярэднім медыцынскім персаналам. І лепш за ўсё гэта разумеюць тыя дактары, якія самі былі і санітарамі, і медбратамі. Дык вось, сын з усімі хутка знайшоў агульную мову. Я не думаў, што Жэня настолькі міласэрны, бачачы, як ён даглядаў бездапаможных пацыентаў, як іх карміў…


Абход — важны момант у жыцці аддзялення экстраннай хірургіі

— Вашы родавыя карані адкуль?

— Бацька з Беразіно. Дарэчы, дзед мой быў сакратаром Бярэзінскага райкама партыі, арганізоўваў партызанскі рух у Беларусі падчас вайны. На жаль, загінуў ва ўзросце 36 гадоў. А прадзед (па мамінай лініі) быў святаром, пабудаваў у Глуску (Бабруйскі раён — Аўт.) царкву. Яго там дагэтуль паважаюць і памятаюць.

— Вы самі вучыліся ў Мінску?

— Пачынаў з медыцынскага ву­чылішча №2, што ў Мінску, скончыў яго з чырвоным дыпломам. Пасля паўгода папрацаваў на здраўпункце фарфоравага завода як фельчар, а потым мяне прызвалі ў рады Узброеных Сіл Савецкага Саюза. Праслужыўшы год, напісаў рапарт, што хачу паступаць у Ваенна-медыцынскую акадэмію імя С.М.Кірава ў Санкт-Пецярбурзе. На той час гэта была адна з самых магутных вядучых ВНУ, дзе рыхтавалі ваенных урачоў. Дарэчы, яе дыплом у савецкі час не патрабаваў пацвярджэння за мяжой. Скончыў акадэмію з адзнакай і залатым медалём, чым вельмі ганаруся. Дарэчы, у штабе акадэміі ёсць музей з мармуровымі плітамі, дзе золатам кожны год пішуць імёны выпускнікоў, якія атрымалі залатыя медалі. Так што і я прозвішча сваё там увекавечыў.

— Напэўна, у вас была магчы­­масць паехаць працаваць і за мяжу?

— Магчымасцяў было шмат, але я вярнуўся ў Беларусь, бліжэй да бацькоў: яны ўжо мелі патрэбу ў маёй дапамозе. Выпускнікі акадэміі маглі працаваць па любой медыцынскай спецыяльнасці, бо ўзровень падрыхтоўкі надзвычай шырокі. Спецыялізацыя ў ёй — па родах войскаў. Напрыклад, авіяцыйны — 3-ці факультэт, ваенна-марскі — 4-­ы, а я заканчваў 2-гі — сухапутныя і ракетныя войскі. Прыехаўшы ў любую часць, выпускнік можа працаваць тэрапеўтам, і стаматолагам, і хірургам. Няма, скажам, стаматолага ў часці — будзеш стаматолагам. Вось такую шырокую спецыялізацыю я атрымаў.

— Пачыналі ў Мінску кім?

— Бачыў сябе кардыёлагам: тэрапія мяне захапляла. І вельмі ганарыўся, што не прачытаў ніводнага падручніка па тэрапіі — пра кожную хваробу чытаў толькі манаграфіі. Але мне прапанавалі пасаду хірурга ў асобным ме­дыцынскім батальёне, дзе я праслужыў тры гады і зноў паехаў у Санкт-Пецярбург, у акадэмію. На факультэце кіруючага складу правучыўся яшчэ тры гады. Скончыў яго таксама з залатым медалём. За тыя тры гады абараніў і кандыдацкую дысертацыю. Так што ў мяне ёсць два медалі — адзін савецкага ўзору, адзін расійскага.

Калі вярнуўся ў Мінск, быў назначаны на пасаду старшага ардынатара аддзялення абдамінальнай хірургіі галоўнага клінічнага ваеннага шпіталя. А праз паўгода Сяргей Анатольевіч Жыдкоў, начальнік кафедры ваенна-палявой хірургіі, яе заснавальнік, а ў той час і галоўны хірург Міністэрства абароны, запрасіў мяне на кафедру выкладаць. Дзякуючы Сяргею Анатольевічу і медыцынскаму кіраўніцтву горада для падрыхтоўкі курсантаў і студэнтаў, акрамя ваеннага шпіталя, былі выбраны яшчэ дзве базы — 4-я бальніца і 2-я. Асноўная база знаходзіцца ў 2-й, бо тут ёсць аддзяленне экстраннай хірургіі. Такіх аддзяленняў усяго два: у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і ў 2-й клініцы, якія працуюць кругласутачна і без выхадных.


“Прафесар Сяргей Жыдкоў — глыба ў хірургіі”. Падрыхтоўка да аперацыі

— Прафесія хірурга, напэўна, для вынослівых і псіхічна ўстойлівых — не для слабанервных. Калі і ў якой сітуацыі вы гэта зразумелі?

— Відаць, разуменне прыходзіць з практыкай. Вынослівасць, вядома, быць павінна. Але, па-мойму, прафесія мая больш звязана з псіхалагічнай устойлівасцю, чым з фізічнай падрыхтаванасцю. Ёсць, да прыкладу, маса аператыўных умяшанняў, якія звязаны з малаінвазіўнай хірургіяй. Яны патрабуюць вельмі карпатлівай, выверанай работы, якая не церпіць мітусні. Часам такія аперацыі доўжацца працяглы час: і восем, і дзесяць, і больш гадзін. Прызнаюся, я не бачыў у хірургіі людзей, якія былі б слабыя духам. Далёка не кожны можа зайсці ў аперацыйную і нанесці хвораму рану на карысць яго здароўя.

— Што скажаце пра нашу ме­дыцынскую школу?

— Яна вельмі добрая. Адна з наймацнейшых у свеце. І я не разумею тых людзей, якія спяшаюцца лячыцца на захадзе. Трэба лячыцца ў сваёй краіне.

— Ці даводзілася вам фармуляваць для сябе нейкія асобасныя ўстаноўкі для таго, каб вытрымліваць напружанне ад аперацый?

— Трэнінгам ніколі не займаўся. І ўстановак не фармуляваў. Пачынаючы любую аперацыю, я абавязкова засяроджваюся. Гэта не кананічная малітва Богу. У мяне ёсць свой зварот, які пра сябе прамаўляю. Калегі ўжо ведаюць, што я не пачну аперацыю, пакуль не пастаю над пацыентам.

— Пры якіх абставінах зрабілі для сябе адкрыццё: хірург яшчэ павінен быць і добрым псіхолагам. Як пераносіце эмоцыі сваякоў пацыентаў, калі, скажам, пасля аперацый ёсць ускладненні?


— Калі хірург не ўмее размаўляць з пацыентам, то і аперыраваць не павінен. Паміж хворым і ўрачом павінен быць поўны давер і ўзаемаразуменне. А што датычыцца эмоцый сваякоў, то скажу, што гэта самая цяжкая частка нашай работы. Паведамляць ім пра тое, што іх сын, дачка, брат або нехта з бацькоў пайшоў з жыцця, заўсёды цяжка. Словы падтрымкі і суцяшэння ў такія моманты, як правіла, гучаць бессэнсоўна. І ўрач тады зведвае не меншы, чым сваякі, стрэс. Не дзень потым, не два прайграецца ў думках: а ці правільна ты ўсё зрабіў, каб прадухіліць смерць пацыента. І такое самаедства характэрна для нармальных урачоў.


Падчас аперацыі

— Як хутка вы навучыліся дыстанцыравацца ад уласных пачуццяў, перажыванняў і як рана пачалі сівець?

— Навучыцца немагчыма. І дыстанцыравацца таксама. Але сіндром эмацыйнага выгарання існуе. З часам, вядома, пачуцці прытупляюцца. Але хвалюешся штораз і пракручваеш, як я ўжо гаварыў, у думках, што ды як. А сівець пачаў у трыццаць з нечым. Што ж, гэта асаблівасць нашай прафесіі.

— Наколькі важныя ў ёй асабістыя якасці ўрача?

— Часта асабістыя якасці ніяк не ўплываюць на тое, што могуць рабіць рукі. І ў хірургіі гэта не рэдкасць. Урач можа быць бліскучым хірургам, а чалавекам, мякка кажучы, своеасаблівым: і няўжыўчывым, і не таварыскім, і рэзкім. Характары розныя ў людзей…

— Ваша работа патрабуе імгненных рэакцый і экстраннага рашэння, ад якога залежыць жыццё пацыента падчас аперацый. Як часта даводзілася дзейнічаць, засноўваючыся на інтуіцыі, а таксама на веры ва ўдачны зыход аперацыі?

— Калі гэта планавая аперацыя, то ўсё павінна быць пралічана. Зыход у такіх выпадках стапрацэнтна плануецца ўдачны. Але ў экстраннай хірургіі нечаканасці здараюцца. І звязана гэта не з апаратурай і не з хірургам, а часцей за ўсё са станам пацыента, працягласцю захворвання, яго ўзростам, а часам і з анатамічнымі асаблівасцямі пацыента.

— Сэрца справа знаходзіцца?

— І такое здараецца. І іншыя органы могуць размяшчацца атыпічна. Здараецца і падваенне анатамічных структур. А паспрабуй ты тады хутка разбярыся з тым, чаго не бачыў у анатамічным атласе. І ў такой сітуацыі няма нічога ганебнага ў тым, каб паклікаць кагосьці з дасведчаных калег на дапамогу для парады. У экстраннай хірургіі ёсць нюансы, асабліва ў абдамінальнай. Жывот чалавека як скрыня Пандоры. Адкрыеш яго — і за галаву схопішся. Не заўсёды сучасныя метады дыягностыкі адлюстроўваюць тое, што часам існуе на самай справе. І тады даводзіцца прымаць імгненнае рашэнне.

— Як вядома, хірург не мае права на некампетэнтнасць: яго работа часта на грані жыцця і смерці. Ці даводзілася вам адчуваць уласную віну, калі паміраюць пацыенты?

— Па маладосці гадоў нічога не баішся. Падаецца, галава поўная ведаў, а навыкаў і ўменняў няма. І страху няма! Але што цікава: жыццё, мабыць, любіць маладых урачоў і засцерагае ад многіх нечаканасцяў. Па меры набыцця досведу становішся больш асцярожным. І тады падаецца, што ведаў становіцца ўсё менш і менш. Хоць на самай справе іх менш не становіцца. Думаю, такое пачуццё нараджаецца нарастаючай з гадамі адказнасцю за тое, што ты робіш. А цяжар на душы адчуваеш заўсёды, калі пацыент адыходзіць з жыцця.

Раскажыце пра сваё аддзяленне. Як вам у ім працуецца?

— Аддзяленне, у якім працую з 2002 года, вельмі добрае. Працуюць у ім у інтэнсіўным рэжыме, таму што, як прынята ў нас гаварыць, абарот койкі вельмі вялікі. Бывае, зробіш абход, і з 60 чалавек, скажам, 25 выпісваюцца, а да вечара ўжо няма месцаў. Работа ў аддзяленні вельмі цікавая і цяжкая. Як вавёрка ў коле, круцяцца ўсе на працягу 24 гадзін. Не ўсе вытрымліваюць гэты напружаны рытм, асабліва сярэдні персанал.

— А вы дзяжурыце па начах?

— Яшчэ некалькі гадоў назад дзяжурыў. Цяпер ужо не. Хоць гэтай работы не баюся: даводзілася дзяжурыць некалькі разоў на тыдзень. А не дзяжуру не таму, што стаў прафесарам. Проста ёсць людзі, якім трэба набірацца досведу, ды і падзарабіць.

— Што думаеце пра экспарт хірургічных паслуг?

— А чаму не? Сучасныя рэаліі такія, што клінікі павінны зарабляць грошы. І развіваць гэты прыярытэтны напрамак трэба.

— Хто для вас аўтарытэт у хірургіі?

— Я заканчваў такую ВНУ, дзе ўсе выкладчыкі, якія працавалі на любой кафедры, тэарэтыкі і практыкі, былі ўнікальнымі педагогамі і асобамі, людзьмі энцыклапедычнага розуму. Мне пашанцавала: многіх заспеў жывымі. Сістэма выкладання, адшліфаваная гадамі, была такая цікавая, што я літаральна ўсмоктваў веды. Дагэтуль жыве мой першы настаўнік па хірургіі, прафесар Ханевіч Міхаіл Дзмітрыевіч. Дарэчы, ён наш зямляк, беларус. Яшчэ Леанід Васільевіч Струкаў (вучань Паўла Мікалаевіча Напалкова). Калі ён аперыраваў, я не мог адарваць вачэй. Неяк я яму сказаў аб тым, што марыў бы зрабіць яго такім маленькім, каб ён мог змясціцца ў нагруднай кішэні майго медыцынскага халата. І калі трэба, даставаць і пытаць пра ўсё, чаго не ведаеш. Струкаў адказваў на любое пытанне. Я мог бы назваць шмат імёнаў сваіх піцерскіх настаўнікаў. Не магу не ўспомніць і нашага прафесара Жыдкова Сяргея Анатольевіча. Ён — заснавальнік нашай кафедры ваенна-палявой хірургіі і глыба ў хірургіі. У аддзяленні працаваў унікальны экстранны хірург Дзмітрый Дудараў. Цяперашні загадчык аддзялення Сяргей Аляксандраў таксама бліскучы хірург, але ўжо ў іншай галіне — у эндаскапічнай хірургіі. Робіць такія рэчы з дапамогай лапараскапічнай тэхнікі, што можна пазайздросціць. Гэта вялікі набытак для аддзялення. Нарайр Мелканян — удумлівы ўрач, карпатлівы ў рабоце, са сваімі цікавымі пунктамі погляду: ён не думае штампамі. І калі ёсць цікавы пацыент, яго лепш аддаць Нарайру. Ён пачынае яго раскручваць і знаходзіць прычыну захворвання.

— Ці сутыкаліся ў сваёй практыцы з цудоўным вылячэннем пацыента?

— А што лічыць цудоўным вылячэннем? Для мяне гэта ракавы пацыент, пра якога ведаеш, што яму ўжо нічога не дапаможа, а ён, насуперак захворванню, застаецца жыць. І жыве доўга і шчасліва. На жаль, такіх пацыентаў не сустракаў. Мабыць, яшчэ не час. Але духоўныя кнігі, у якіх апісваюцца выпадкі вылячэння, чытаў.


“Сяргей Аляксандраў, загадчык аддзялення, робіць такія рэчы з дапамогай лапараскапічнай тэхнікі, што можна пазайздросціць”

“Нарайр Мелканян — удумлівы ўрач, карпатлівы ў рабоце. Са сваімі цікавымі пунктамі погляду”



Уладзімір Корык задаволены тым, як прайшла аперацыя





“Сяргей Жыдкоў — глыба ў хірургіі”





— Работа хірурга звязана з рызыкай. Ці даводзілася аперыраваць пацыентаў з агнястрэльным раненнем? Па-за сценамі бальніцы?

— У палявых умовах я не аперыраваў. А з агнястрэльным раненнем мець справу даводзілася. Пры аказанні дапамогі такім пацыентам трэба ўлічваць тыя асаблівасці, якія крыху адрозніваюцца ад прынцыпаў лячэння ран у агульнай хірургіі. Нездарма ваенна-палявую хірургію выдзелілі ў асобную хірургічную дысцыпліну. Таму што раны, нанесеныя агнястрэльнай зброяй, кардынальна адрозніваюцца ад пашкоджанняў, якія бываюць у мірным жыцці. На жаль, аказваць дапамогу такім пацыентам умеюць не ўсе ўрачы.

— Што, па-вашаму, адрознівае добрага хірурга ад пасрэднага?

— Любоў да сваёй спецыяльнасці. Калі цікавасці да яе няма, то ніколі не станеш добрым урачом, ці то кардыялогія, ці то хірургія. Нездарма стара­жытныя людзі гаварылі, што добры ўрач падобны да Бога. Добры ўрач не стаіць на месцы, ён пастаянна развіваецца: чытае, наведвае выставы, знаёміцца з новымі дасягненнямі ў медыцыне, пераймае досвед у вядучых спецыялістаў… Ён не можа, не павінен спыняцца. За ім ідуць маладыя і славалюбівыя ўрачы, якія лёгка асвойваюць новыя тэхналогіі і якія гэтак жа лёгка абыдуць дасведчанага ўрача, які спыніўся.

— У якіх выпадках хірургі адмаўляюцца ад сваёй прафесіі?

— Мне даводзілася сутыкацца з такімі людзьмі. Ёсць і аднакашнікі, якія пайшлі з прафесіі. Ёсць людзі, якія зразумелі, што памыліліся ў выбары: яны не гатовыя суперажываць і аказваць дапамогу пацыентам. Сыходзяць і тыя, якіх не задавольвае фінансавае становішча.

— Што б вы як хірург хацелі ад сваіх пацыентаў?

— Большага разумення. Іншы пацыент лічыць сябе настолькі падрыхтаваным, што калі да яго прыходзіць доктар і пачынае нешта тлумачыць, то месца для яго тлумачэнняў у галаве ў хворага няма. Здараецца, што такая дасведчанасць садзейнічае канфліктным сітуацыям, калі пацыент пачынае вучыць доктара, што таму рабіць і як. Вось такія выдаткі дасведчанасці хворых праз інтэрнэт ды іншыя інфармацыйныя крыніцы. Я раней дыскутаваў з такімі пацыентамі, нешта спрабаваў растлумачыць. А цяпер проста адыходжу ад канфлікту і прадастаўляю хвораму магчымасць зразумець, хто ж з нас доктар, а хто пацыент. І гэта працуе! Назаўтра той знаходзіць мяне і просіць прабачэння.

— Якія якасці трэба развіваць, каб стаць хірургам? Што пажадалі б тым, хто сёння асвойвае ў сценах медыцынскіх універсітэтаў у Мінску, Віцебску, Гродне і Гомелі навуку хірургіі?

— Не ведаю, што трэба развіваць. Прызванне быць павінна. Можа, і лёс. Я ніколі не думаў, што стану хірургам, нават не марыў і не разглядаў ні адну з хірургічных спецыяльнасцяў як родную і блізкую. Але абставіны так склаліся. Мабыць, гэта лёс. Калі быў курсантам, сваю галаву ўяўляў у выглядзе губкі ў сціснутым стане. Калі яе расціскаеш, яна пачынае ўсмоктваць веды. Я пажадаў бы студэнтам, курсантам і слухачам, каб яны як мага больш карыснай інфармацыі ўсмоктвалі ў свае галовы, пакуль для гэтага ёсць магчымасць. Спатрэбяцца!

Валянціна Ждановіч

Фота: Іван Ждановіч, Юрый Мазалеўскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter