Старый замок в Гродно помнит самого Витовта

У розных стылях праз стагоддзі

Гарадзенскі дзядзінец, на месцы якога размяшчаецца Стары замак, існаваў яшчэ ў ХІ стагоддзі. Доўгі час ён служыў тутэйшым магнатам, а ў XIV стагоддзі стаў адной з галоўных рэзідэнцый вялікага князя літоўскага Вітаўта, які ў 1398 годзе замест драўлянай крэпасці пабудаваў каменны замак з пяццю вежамі.


У 1580-х гадах па ініцыятыве караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя замак перабудавалі ў стылі рэнесанс. У рэканструкцыі ўдзельнічаў архітэктар з Фларэнцыі Санці Гучы. Ад старога замка часоў Вітаўта былі выкарыстаны ніжняя частка абарончых сцен, часткі вежы, а таксама падмурак і сцены княжацкага палаца.

У час руска-польскай вайны ў сярэдзіне XVII стагоддзя палац быў значна пашкоджаны. Пасля перабудовы ён набыў барочны дэкор і працягваў выконваць ролю каралеўскай рэзідэнцыі, а да таго ж стаў месцам правядзення генеральных соймаў Рэчы Паспалітай. Паўночная вайна і пажар 1735 года таксама не пашкадавалі замак, і яго зноў прыйшлося перабудоўваць. На гэты раз архітэктура палаца значна спрасцілася, а сам ён перастаў выконваць былыя функцыі. Тым больш што побач быў узведзены Новы замак.


У ХХІ стагоддзі вырашылі вярнуць Старому замку калі не былую магутнасць, то ранейшую прыгажосць. Згодна з праектам Уладзіміра Бачкова, замак павінен набыць выгляд, які ён меў у часы Стэфана Баторыя. Рэканструкцыя пачалася ў 2017 годзе. Да лета 2020-га плануецца завяршыць агульнабудаўнічыя работы на ўязной вежы, камяніцы, галерэі, сярэдняй вежы, мернай хаце, стварыць частку экспазіцыі. Працягнецца работа над інтэр’ерамі. Другая чарга рэканструкцыі закране палац, трэцяя — тэрыторыю Замкавай гары. Ужо стартавалі перадпраектныя работы, якія ўключаюць археалагічныя і натурныя даследаванні.

Рэканструкцыя Старога замка суправаджаецца маштабнымі археалагічнымі даследаваннямі. З пачатку рэстаўрацыі, паведамляе БЕЛТА, знойдзена звыш 3 тысяч артэфактаў, сярод якіх, напрыклад, сярэдневяковыя ўпрыгажэнні, шахматныя фігуры, фрагмент шахматнай дошкі і іншыя каштоўныя прадметы.

mila@sb.by

Фото БЕЛТА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter