Тут мяне хрысцілі, тут мяне вучылі...

Мікола Аўрамчык: Беларускую літаратуру падсілкоўвае вёска

Сучасным школьнікам, напэўна, цяжка ўявіць, што нехта сёння можа расказаць, напрыклад, пра непасрэдныя зносіны з класікамі беларускай літаратуры Якубам Коласам або Піменам Панчанкам. Між тым менавіта ў прысутнасці знакамітага песняра яшчэ да вайны чытаў свой верш у бабруйскім Доме Чырвонай арміі сямнаццацігадовы Мікола Аўрамчык. Пайшоўшы ў дарослае жыццё, ён на ўласнай скуры адчуў усю жудасць вайны, узбагаціўся неабходнымі ведамі і ў выніку рэалізаваў свой талент тварыць, сябраваць, жыць. Аб гэтым і іншым мы гутарым з найстарэйшым пісьменнікам краіны.

— Сёння вам ужо 94, а колькі было, калі ўсё пачыналася, Мікола Якаўлевіч? І як яно было?

— У Мінск упершыню я прыехаў улетку 1938 года. Пасля дзясятага класа быў выкліканы на курсы пачынаючых аўтараў пры Саюзе пісьменнікаў.

— Каго з тых часоў і цяпер добрым словам успамінаеце?

— Па-першае, рэдактара Бярозкіна, толькі не Рыгора, а з іншым імем, вельмі інтэлігентнага чалавека. Пасля вайны ён атрымаў Сталінскую прэмію за кнігу пра савецкую дыпламатыю. У суседнім пакоі працаваў Мікола Целеш, побач са мной — Мікола Лупсякоў, Генадзь Шведзік, Павел Левановіч, Наталля Рэлес і яшчэ дзве-тры жанчыны.

— Пасля вайны вярнуліся ў «Піянер Беларусі»?

— Я прыйшоў у рэдакцыю, а ў калідоры мне ледзь не на шыю кідаецца дзяўчына: «Прывітанне, Мікола!» Гэта была Вера Палтаран — каханая майго сябра, любімца Кузьмы Чорнага пісьменніка Уладзіміра Кандрацені. Яна мяне літаральна зацягнула ў сваю «Чырвоную змену», дзе пазнаёміла з Алесем Асіпенкам, Авяр’янам Дзеружынскім, Алесем Астапенкам, Лідай Арабей. Яны і ўгаварылі мяне працаваць у іх. Так я застаўся ў «Чырвонай змене». Але праз год мне прапанавалі перайсці ў «ЛіМ», а яшчэ праз год Максім Танк запрасіў у «Полымя».

— А потым наступіў знакавы паварот?

— У «Полымі» я заставаўся б усё астатняе жыццё, мне падабалася там. Але мне перадалі, што кіраўнік камсамола краіны Пётр Машэраў хацеў бы бачыць менавіта мяне на працы ў часопісе «Маладосць». Так я стаў весці паэзію ў «Маладосці», у якой гуртаваліся тады лепшыя творчыя сілы: Аляксей Кулакоўскі, Пімен Панчанка, Янка Брыль, Іван Грамовіч, Вера Палтаран, Віктар Грамыка, пазней прыйшлі Іван Навуменка, Раман Сабаленка, Яўген Васілёнак, Георгій Шчарбатаў, Пятрусь Макаль, Алесь Асіпенка, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Генрых Далідовіч, Анатоль Кудравец, Алесь Жук, Вячаслаў Адамчык, Уладзімір Юрэвіч. Усе яны пакінулі адметны след у літаратуры.

— «Маладосць» паспрыяла, як кажуць, займець і сяброў, і выхаванцаў?

— Я вярнуся да пачатку гутаркі. Мяне ж на курсы выклікалі Кузьма Чорны і Аркадзь Куляшоў. Апошняга я, дарэчы, лічу сваім настаўнікам, бо ён, што называецца, разгледзеў нешта ўва мне, апублікаваў мае першыя вершы ў «Полымі», калі я яшчэ вучыўся ў Цялушскай школе на Бабруйшчыне. Менавіта Мінск падарыў мне сустрэчы са старэйшынамі беларускай літаратуры Якубам Коласам, Янкам Купалам, Змітраком Бядулем, Пятром Глебкам, Петрусём Броўкам, Рыгорам Мурашкам і іншымі.

— Заўважым, літаральна ўсе яны — дзеці вёскі. Вы тут не бачыце нейкага феномена?

— Я ўсё жыццё быў перакананы, што літаратуру падсілкоўвае вёска. Глядзіце: Куляшоў прыехаў з Саматэвічаў, Танк — з Заходняй Беларусі, Брыль — з Загор’я, Панчанка — нарадзіўся на Бягомльшчыне, працаваў у Кіраўскім раёне, Мележ — з Глінішчаў. І загінуўшыя нашы пісьменнікі — Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Валерый Маракоў — яны ўсе з вёскі. Мяркую, што не толькі талент падштурхоўваў іх да пакарэння сталіцы, але і асабістая цяга да навукі — што ні кажы, а вясковая школка не давала ўсяго патрэбнага. У выніку атрымлівалася карысная для нашай літаратуры справа: таленавітыя і прагныя да ведаў людзі напаўнялі паэзію і прозу сакавітай мовай, веданнем жыцця, імкненнем зрабіць яго лепшым.

— Мікола Якаўлевіч, на якія перыяды вы падзялілі б сваё жыццё?

— Шчыра кажучы, не дзяліў я ніколі яго нейкімі вехамі. Яшчэ гадоў дзесяць таму я наогул не ўяўляў, што дажыву да такога ўзросту. А зараз вось вымушаны… У трэцім ці чацвёртым класе купіў кнігу Лермантава — гэта, напэўна, і быў першы перыяд. Другі — сямігодка, дзе настаўнікі шмат далі. Потым інстытут, курсы маладых пісьменнікаў — кожны дзень прагна піў жыццё, літаратуру. Памятаю, з Рыгорам Мурашкам па тры-чатыры разы на дзень у букіністычны магазін хадзілі… Але да вайны ні разумення жыцця, ні ведаў шмат не было. Як вельмі важны і трагічны перыяд выдзелю вайну. Але асноўнае ўсё — пасля яе… А з васьмідзесяці гадоў пачаўся самы нязвычны час, што і сам не ўяўляў. Вось такая перыядызацыя!

— А што, як вы думаеце, сказалі б з нагоды вашага ўзросту сябры, якіх вы ўзгадвалі?

— Ну, пытанне… Адкуль я магу ведаць? Лічу, што лепш, чым Пімен Панчанка напісаў у вершы «Бярэзіна», прысвечаным мне, наўрад ці хто скажа:

Поўнач ты аб’ездзіў, брат,// Ды і поўдзень сонечны.//А Бярэзінскі фарштат?//  А сяло Любонічы?// ...Паначуем ля стагоў,// Пазбіраем голачкі!// Ля бабруйскіх берагоў// Ёсць мае аполачкі.

— Вы і сёння шмат вершаў чытаеце на памяць. Якія часцей з’яўляюцца ў думках?

— І Гейнэ, і Асееў, і Суркоў, і Дудзін. Гэта ад сітуацыі залежыць. Але, адчуваю, я жонцы ўжо перашкаджаю сваім дэкламаваннем.

— Раней вы казалі, што вам лягчэй пісаць вершы. А зараз?

— Тое ж самае і сёння. Толькі вершы я ўжо не пішу, а прозу — баюся. І растлумачыць гэта не магу. Мяне яшчэ ў юнацтве і Кузьма Чорны, і Рыгор Мурашка адгаворвалі ад паэзіі. Да вайны я толькі апавяданні пасылаў у друк…

— А атрымалася ўсё наадварот: за зборнік вершаў «Сустрэча былых канагонаў» вы атрымалі літаратурную прэмію імя Янкі Купалы; «баючыся», напісалі некалькі раманаў і аповесцей, потым паэзію закінулі, а зараз пішаце цікавыя ўспаміны...

— Я да асэнсавання сябе як паэта так і не прыйшоў. Заўсёды думаў, што паэзія не можа ўздымаць, як кажуць, пласты. У той жа час і сёння плачу над Някрасавым, хоць і не самы ён любімы для мяне з паэтаў. Таму, мяркую, у паэзіі застаюцца толькі сапраўдныя велічыні, стаўпы.

А наконт сённяшняй прозы, дык пачатак ёй дала дачка Куляшова. Гэта Валянціна, працуючы на тэлебачанні, уцягнула мяне ў аповеды пра нашых літаратараў. Я сеў у студыі і пачаў расказваць пра Міхася Лынькова, Змітрака Бядулю, Пімена Панчанку… Так з’явіўся на тэлебачанні цыкл перадач «Старонкі памяці», з гукавых запісаў якіх я пазней зрабіў раздрукоўкі.

— Яны і ўвайшлі ва ўспаміны «Знаёмыя постаці»?

— Яшчэ не ўсе. Ужо напісаны рэчы пра Янку Брыля, Васіля Быкава, Анатоля Вялюгіна, Уладзіміра Караткевіча, Андрэя Макаёнка, Івана Шамякіна.

— Ледзь не любімым вашым заняткам у дзяцінстве было вывучэнне геаграфічнай карты. Якія думкі вашы ля сённяшняй карты Беларусі, свету?

— Сёння знікаюць і ўзнікаюць цэлыя краіны — жыццё падштурхоўвае да гэтага. Але вельмі крыўдна, калі знікаюць спрадвечныя рэкі і лясы. Калі мне было гады два, ля вёскі Койміна была ляда з дубам і крынічкай пад ім. Зараз ні дуба, ні крыніцы…

— Мікола Якаўлевіч, вы не адно лета праводзіце на «Бабруйшчыне зялёнай», на сваёй малой радзіме. Чаму?

— Ведаеце, я быў у палоне ў Германіі, больш за дзесяць гадоў жыў у Крыме, а ў думках заўсёды вяртаўся ў Цялушу, у Плёсы. Менавіта тут у царкве мяне хрысцілі, тут у школе мяне вучылі, а ў бальніцы лячылі… Малая радзіма ўсё ўваскрашае ў памяці. Акрамя таго, тут такое паветра, тут успаміны, родныя краявіды, цікавыя людзі.

— На гэткім улонні так і цягне спытаць у вас аб нечым вечным. Напрыклад, якую падзею лічыце галоўнай у ХХ стагоддзі?

— На маю думку, гэта ўзровень тэхнічнага прагрэсу, які дазволіў чалавеку пакарыць космас і многае іншае, але, на жаль, зрабіў магчымымі і самыя згубныя войны і рэвалюцыі.

— А найбольш адметныя асобы ў гэтыя перыяды, на вашу думку?

— Для мяне больш цікавыя асобы з ХІХ стагоддзя — Дамброўскі, Дамейка… У ХХ стагоддзі можна вызначыць як асобу Леніна — не толькі правадыра, а і філосафа.

— У такім выпадку ваша слова аб падзеі і асобе ўсіх часоў і народаў?

— Распад СССР — што для нас мінус, а для Амерыкі і Еўропы плюс. Калумб з адкрыццём Амерыкі, праўда, з агаворкай: я неяк назваў Пушкі¬на геніем, дык сусед па гасцінічным нумары не пагадзіўся, маўляў, мы ж не ведаем іншых геніяў у іншых краінах.

— Пытанне глабальнае: як нам жыць далей?

— Цікавае пытанне. Ведаю, што сельская гаспадарка — аснова асноў…

— Што вы пажадаеце землякам, суайчыннікам з вышыні пражытых гадоў?

— Усім людзям жадаю здзяйснення жаданняў, планаў і мар, што немагчыма без моцнага здароўя, прыгожых помыслаў, мірнай працы, доўгіх гадоў жыцця.

Фота: Аляксандр КАЗАК

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter