Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вядомы дзіцячы танцавальны ансамбль “Равеснік” з Мінска выступаў у латышскім Даўгаўпілсе

Танцавальныя падарункі землякам

На пачатку лістапада наш горад прымаў з Беларусі юных танцораў. А “Равеснік”, нагадаю, гурт вядомы: гэта заслужаны аматарскі калектыў. Танцоры падарылі даўгаўпілчанам два выдатныя канцэрты.

Падарунак з Мінска для беларусаў Даўгаўпілса
фота: Марыя памецька

Ансамбль танца “Равеснік” мае багатыя традыцыі, амаль 60-гадовую слаўную гісторыю. Створаны ў 1958 годзе на базе Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў у Мінску, лаўрэат Спецпрэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Арганізоўваючы выступленні ў Даўгаўпілсе, мы з гонарам расказвалі сябрам, што юным танцорам з Беларусі апладзіравалі гледачы ў Вялікабрытаніі, Расіі, Турцыі, Францыі, Кітаі, Італіі, ЗША ды многіх іншых краінах.

Каб сабраць гледачоў, супрацоўнікі Цэнтра беларускай культуры зрабілі ды развесілі па школах горада афішы. Разаслалі прэс-рэлізы ў СМІ, запрасілі прадстаўнікоў дыяспары. Прыйшлі на канцэрты дзеці, якія займаюцца танцамі, іх бацькі з настаўнікамі, нашы творчыя калектывы, супрацоўнікі беларускага консульства. Днём 2 лістапада “Равеснік” выступіў перад вучнямі Лагапедычнай школы-інтэрната, вечарам быў гадзінны канцэрт у Даўгаўпілскім універсітэце. Вітала танцораў і гледачоў консул Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская.

Танцавальныя нумары ішлі бесперапынна: патрыятычны “Мая Беларусь”, працоўны “Кавалі”, гарэзлівая “Полька”, яшчэ танга “Ружы”, вяртуха “Пастушка”, перапляс “Хустачка”... Між танцамі гралі салісты цымбальнага аркестра “Абярог”. І былі авацыі залы ў канцы канцэрта. Зладзілі ж яго супольна Пасольства Беларусі ў Латвіі, Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе, мясцовы ўніверсітэт, Упраўленне адукацыі ды наш ЦБК. Пасля канцэрта юныя танцоры й педагогі ансамбля “Равеснік” наведалі гасцінны Беларускі дом у Даўгаўпілсе, за кубкам гарбаты азнаёміліся з яго дзейнасцю, абмеркавалі варыянты супрацы.

Марыя Памецька, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 46 (3550), чацвер, 7 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter