У кожнага чалавека ёсць выток — месца, дзе ён нарадзіўся, жыў

Там, дзе родныя вытокі

Пачатак усіх маіх дарог — у вёсцы Лелікава Кобрынскага раёна
Мікалай Бойка

Пачатак усіх маіх дарог — у вёсцы Лелікава Кобрынскага раёна

vitoki1.pngВыток — гэта пачатак жыцця ручая, рэчкі. І паколькі ў розных народаў менавіта рака лічыцца сімвалам жыцця, то і ў кожнага чалавека ёсць выток — месца, дзе ён нарадзіўся, жыў. Для мяне гэта Лелікава, вёска кіламетраў за сорак пяць ад Кобрына, непадалёк ад мяжы з Украінай. У палескай вёсцы я нарадзіўся, вырас, закончыў сярэднюю школу. У Беларусі жывуць мае сябры, родныя і блізкія. Жыў я ў Расіі, Украіне. Ды родныя вытокі па-ранейшаму застаюцца невычэрпнымі крыніцамі, якія пояць мяне “жывой вадою”. Толькі прыедзь туды — і падораць яны адчуванне радасці, паўнаты жыцця. Частка мяне назаўсёды застаецца там. Можа, таму кожны раз, як прыязджаю ў родныя мясціны, хвалююся...

Памятаеце, як хораша спявае Юрый Антонаў, які, дарэчы, як музыкант упершыню заявіў пра сябе ў беларускім горадзе Маладзечна, закончыў там музвучылішча: “В родных местах ромашкой пахнет ветер/ И до травинки вся земля своя./ В родных местах и солнце ярче светит,/ И серебристей голос у ручья”. Еду дадому, згадваю тыя словы і радуюся, што з кожным годам Беларусь прыгажэе, яе гарады растуць і маладзеюць. Тое можна сказаць і пра Кобрын, першае згадванне пра які адносіцца да 1287 года.

Дарэчы, некаторыя навукоўцы лічаць: у Арыны Радзівонаўны, няні Аляксандра Пушкіна, кобрынскія карані. Пра гэта, у прыватнасці,  піша доктар навук, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Мазырскага педуніверсітэта Васіль Шур у кнізе “Беларускія ўласныя імёны. Беларуская антрапаніміка і тапаніміка”: “Беларускія тапонімы-мігранты, як мы ўжо адзначалі, ёсць за межамі Беларусі. Так, сяло Кобрына і рэчку Кобрынка ведаюць пад Пецярбургам. Даследчыкі творчасці А. Пушкіна ўстанавілі, што нянька класіка рускай літаратуры Арына Радзівонаўна была родам з сяла Кобрына, што пад Пецярбургам, якое ўзнікла сярод іжорскіх балотаў непадалёку ад сталіцы імперыі ў выніку перасялення туды прыгонных беларускіх сялян з Кобрыншчыны як удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Разам з іншымі прыгоннымі, набытымі графам Ф.А. Апраксіным, з Кобрына-брэсцкага ў новае Кобрына паблізу Гатчыны былі прывезены і бацькі Арыны Радзівонаўны — Радзівон Якаўлеў і Лукер’я Кірылава. Якаўлеў і Кірылава — гэта не прозвішчы, а імёны па бацьку. У той час прыгонныя прозвішчаў не мелі…”

vitoki2.pngПагадзіцеся, цудоўная гіпотэза, якая можа надаць Кобрыну адметны літаратурна-культурны статус... А праз гэты горад ляжыць штораз мой шлях да вытокаў. Тут мяне заўсёды сустракае старэйшы брат Васіль, якога я вельмі люблю і ганаруся ім: за высокія вытворчыя паказчыкі, самаадданую працу ў 1986-м Васіль Іванавіч быў ушанаваны ордэнам Працоўнай Славы III ступені. Ён і сёння працуе механізатарам у СВК “Любань”. З братам я шмат паездзіў па вобласці, на свае вочы пабачыў гарады, вёскі Палесся.

Змяніўся і Кобрын, цэнтр раёна. Там на беразе ракі Мухавец узведзена Лядовая арэна, пабудаваны аквапарк. У цэнтры Кобрына вуліца Аляксандра Суворава — пешаходная, вядзе ў парк імя Суворава. Мае землякі памятаюць і шануюць подзвіг савецкіх воінаў, што палеглі за свабоду і незалежнасць Радзімы. Штогод у Дзень Перамогі праходзяць урачыстыя ўскладанні вянкоў да помнікаў воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета я і быў на святочным канцэрце ў гонар Дня Перамогі, які ў мясцовым Доме культуры давалі школьнікі і педагогі. Ва ўрачыстасцях удзельнічалі і воіны-пагранічнікі, якія праходзяць там службу.

Прыемна, што і мае сябры імкнуцца часцей бываць у Беларусі. Сёлета пад час веснавых канікул група самарскіх школьнікаў наведала Брэсцкую крэпасць, Хатынь, Мінск. Потым самарскія беларусы прыязджалі, каб паўдзельнічаць ва ўрачыстасцях з нагоды Дня Незалежнасці і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Заключылі дамову аб супрацоўніцтве з Заводскім раёнам Мінска, рыхтуецца пагадненне аб пабрацімскіх сувязях паміж Самарай і Мінскам. Для суайчыннікаў-самарцаў сустрэчы з гістарычнай Радзімай — ужо добрая традыцыя. Летась беларускі вакальны гурт “Каданс” Самарскай абласной грамадскай арганізацыі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” удзельнічаў у XI міжнародным фестывалі народнай творчасці “Вянок дружбы” ў Бабруйску, у святочных імпрэзах у Мінску з нагоды Дня Незалежнасці. Ірына Глуская, прэзідэнт суполкі, кажа: “Кожны раз з добрым настроем уязджаю на тэрыторыю дарагой сэрцу і любімай Беларусі. Пабывала амаль ва ўсіх абласных цэнтрах, захапляюся прыгажосцю гарадоў, добразычлівасцю суродзічаў. Атрымліваю тут шмат станоўчых эмоцый, таму зноў і зноў хочацца сюды вяртацца”. І Марына Кірылава з гурта “Каданс” з ёю згодна. Яна заўважыла, што ў Беларусі шануюць памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, надаюць увагу развіццю спорту — пра тое сведчаць сучасныя спартыўныя збудаванні ў многіх гарадах.

Было прыемна чуць, як пасля чарговай экскурсіі па Мінску самарскія беларусы дзяліліся ўражаннямі аб зямлі продкаў. Бачыў: яны, як і я, ганарацца дасягненнямі Беларусі,  шмат робяць для пашырэння беларускай культуры, захавання традыцый і звычаяў беларусаў у Самарскай вобласці. Увогуле ж, сустракаючыся з суайчыннікамі замежжа, прыходжу да высновы: дзе б ні жылі сёння беларусы і ўраджэнцы Беларусі, яны памятаюць пра гістарычную Радзіму, ганарацца яе дасягненням, памятаюць пра свае вытокі. Ну а каб мацаваць гэтае духоўнае адзінства, будзем рабіць так, як раіў народны паэт Рыгор Барадулін: “Трэба дома бываць часцей,/ Трэба дома бываць не госцем, / Каб душою ты стаў чысцей/ І не страціў святое штосьці”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter