Архімандрыт з Хоцімска захаваў Евангелле Кацярыны II з яе аўтографам і дарэвалюцыйныя іконы

Святое месца, святы чалавек

«На гарбу сваім цягнуў з Растова абразы і кнігі, ледзь не з вогнішчаў рукамі даставаў тое, што хацелі спаліць камуністы, і адбудоўваў наш разбураны сабор Святой Тройцы. 60 гадоў без перапынкаў і адпачынкаў», — так пераказваюць жыхары самага ўсходняга райцэнтра нашай краіны — Хоцімска — добрыя справы 91-гадовага архімандрыта Кірыла. Карэспандэнт «Р» пабывала ў гасцях у знакамітага бацюшкі.

— Калі пачаў служыць? О-о-о, калі пачаў… — мы з архімандрытам Кірылам сядзім на лавачцы на ўваходзе ў храм, які ў Хоцімску пабудавалі ажно ў 1861 годзе ў памяць аб вызваленні сялян ад прыгоннага права. Некалі яго разбурылі, а зараз храм — самы прыгожы і яркі, колеру марской хвалі, будынак у райцэнтры. Кірыл расказвае пра жыццё ў Хоцімску. Дакладна памятае: сюды прыбыў 21 жніўня 1958 года. «І з тых часоў тут тырчу», — усміхаецца бацюшка. Дык вось: спярша служыў у маленькай капліцы ля могілак.

Рэдактар сайта Хоцімскага сабора Таццяна АМЕЛІНА разам з архімандрытам Кірылам разглядаюць старадаўняе Евангелле
Фота аўтара

— Служылі і чакалі, што рана ці позна сабор нам аддадуць, становішча Царквы ўвогуле зменіцца. Дачака-ліся. На маю долю выпаў гонар сабор аднаўляць, — пра радасную падзею 1992 года ўспамінае ён. – Аддалі будынак, праўда, без вокнаў, без дзвярэй...

Быў сабор і банкам, і школай механізацыі, і збожжаскладам, і раённым Домам культуры… А ў XIX стагоддзі люді будавалі яго за свае грошы. Тады такі праект храма планаваўся ў Клімавічах — павятовым горадзе.

— Але хоцімскія купцы павярнулі справу па-свойму. Сабралі шапку золата і аддалі архітэктару, каб той праект дастаўся Хоцімску, а хоцімскі — Клімавічам. «Такую царкву пабудуем, што ні ў каго такой не будзе», — так казалі. І за 12 гадоў пабудавалі. Ужо потым, у 1938 годзе, закрылі храм. Разабралі багатае царкоўнае «начынне». Іконы завезлі, кажуць мясцовыя жыхары, у райвыканкам і там спалілі, — хмурыцца старац. — Але не скардзімся. Усе аднавілі…

Каб знайсці грошы на будаўніцтва, ён нават па маскоўскіх вакзалах хадзіў з працягнутай рукой. «На грудзях запіска вісела. Людзі патроху і давалі», — на дзясяткі гадоў назад у памяці вяртаецца архімандрыт.

— Галоўнае, што мы працавалі. Яшчэ, спадзяюся, пару гадоў змагу паслужыць сабору... — усміхаецца ў бараду настаяцель. А я пытаюся: чаму такі незвычайны колер для царквы выбралі?

— Мы ў Смаленск часта ездзім — блізка, родны нам горад. Там кафедральны сабор на гары стаіць, так пафарбаваны, і мы так захацелі.

Хоцімская царква была пабудавана ў 1861 годзе

Званіца ў царкве з 12 званамі, амаль усе дарэвалюцыйныя. Толькі адзін набылі не так даўно — двухтонны.

— У мяне яшчэ не прапала надзея, што я куплю шасцітонны звон. А пакуль вось сабралі грошы і купілі іконы. Iдзём  пакажу, — мы павольна ходзім па царкве, пажылы бацюшка праводзіць экскурсію. — Вось у нас хрысцiльнае памяшканне... Самi будавалi.

Заходзім, а там фікусы растуць, кітайскія ружы... Аказваецца, бацюшка з дзяцінства любіць кветкі. На гектары зямлі каля царквы звычайна высаджваюць сальвіі, цыніі, аксаміткі розных відаў і гладыёлусы.

У цішы і спакоі храма раздаецца толькі голас архімандрыта Кірыла. Вось Смаленская ікона Божай Маці — «Адзігітрыя», арыгінал якой у Смаленску. Вось Наўгародская ікона Божай Маці — «Знак», Казанская ікона Маці Божай і многія іншыя. Але галоўныя рэліквіі — іконы з гары Афон: у алтары знаходзяцца дарэвалюцыйныя іконы Георгія і Панцеляймона. Іх у свой час перадалі хоцімскаму сабору звычайныя людзі.

— У нас чатыры алтары. А вось панікадзіла над намі. Сродкі на яго выдзяліў Анатолiй Чубайс. Вось тут у нас асвечаная вада, — архімандрыт павольна, з палачкай перасоўваецца па храме.

Сабор гэты ведаюць не па аздабленнi, а дзякуючы бацюшку. Да 2000 года ён ахрысціў аж 45 тысяч чалавек! Па параду да яго едуць з самых розных месцаў. Пры ім тут жа, у Хоцімску, пачалі праводзіць штогадовы Нацыянальны фестываль звону. Едуць да старца людзі і ў пошуках вестак аб сваіх родных. Бацюшка сабраў у адной кнізе 11 тысяч імёнаў тых, хто загінуў з Хоцімскага раёна ў Другой сусветнай вайне. Ён прыносіць гэтую кнігу, разгортвае: сотнi старонак, тысячы імёнаў, напісаныя ад рукі... Інфармацыю пра людзей ён збіраў усюды, дзе мог. І такой кнігі ўжо сапраўды нідзе няма!

— Бацюшка, а пакажаце рэдкія кнігі і ўборы, — хачу дакрануцца да гісторыі. Ён iдзе за алтар і выносіць дарэвалюцыйныя ўборы. Вось рыза часоў Івана Грознага, рыза Яна Кранштацкага. Прывёз яе з Растова, дзе служыў. У старажытных рызах, якім больш за 200 гадоў, а самай старажытнай усе 350, ён служыць і цяпер. А кнігі? У яго мноства царкоўных кніг дарэвалюцыйнага выдання.

— У  сярэдзіне алтара ляжыць Евангелле Кацярыны II з яе подпісам, — бацюшка прыадчыняе царскія вароты алтара, і я бачу яго! — Ёсць некалькі кніг часоў Пятра I. Давайце вынесу адно Евангелле...

Выходзіць. У руках вялізная кніга! Ён адкрывае, гартае:

— Вазіў у Маскву гэта Евангелле 1785 года. Там паправiлi, пазалацілі яго, — паказвае пажоўклыя старонкі.

Нядзіўна, што бацюшка стаў «Чалавекам года» ў 2016-м! Колькі ўкладена сiл у гэты сабор! Адкуль iх столькі? «Жыць трэба са справай. Умець усё пераносіць і ніколі не страчваць надзеі на лепшае. Ніколі! Нашу царкву некалькі разоў абкрадвалі, мой дом таксама, але нічога з гэтым не зробіш — мы зноў пачыналі працаваць». Бацюшка частуе на развітанне просвiрамі, якія пячэ сам. У царкве пачынаецца служба...

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter