Святло “Праменьчыкаў”. На фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” прыз “Народнай газеты” атрымаў дзіцячы ансамбль з гарадскога пасёлка Акцябрскі.

Дзіцячы калектыў Акцябрскай школы мастацтваў “Праменьчыкі” — гэта 26 улюбёных у народныя песні і танцы хлопчыкаў і дзяўчынак.

Дзіцячы калектыў Акцябрскай школы мастацтваў “Праменьчыкі” — гэта 26 улюбёных у народныя песні і танцы хлопчыкаў і дзяўчынак.

Ён створаны ў 2006 годзе. Кіруе калектывам Таццяна Беразоўская, у якой у пасёлку рэпутацыя працалюбівага і таленавітага педагога. “Праменьчыкі” шмат рыхтаваліся да фестывалю, які, па сутнасці, быў для іх першым сур’ёзным творчым выпрабаваннем. Журы адзначыла высокі ўзровень музычнай падрыхтоўкі калектыву, тое, што юныя музыкі валодаюць рознымі музычнымі інструментамі. Да таго ж прыгожа выглядалі касцюмы, у якіх хлопчыкі і дзяўчынкі выйшлі на сцэну, а таму ў цэлым выступленне было яскравым і запамінальным.
Акцябране цёпла падтрымлівалі сваіх выхаванцаў і расказалі нямала ці-кавага пра асобных
удзельнікаў калектыву. У прыватнасці, у ім займаюцца брат і сястра Яраслаў і Аня Малаковічы са шматдзетнай сям’і. Іх бацька Уладзімір Малаковіч вядомы ў пасёлку педагог-музыкант. Брат і сястра не толькі добра музіцыравалі, але ж і прадэманстравалі іншыя таленты, у прыватнасці, Аня спляла пояс, Яраслаў — кошык. Валоданне рамёствамі бабуль і дзядуляў прадэманстравалі і іншыя члены калектыву: Ліза Дайнека вырабіла рэчы з саломкі, Эліна Назарава — традыцыйную вышыўку.
Інакш кажучы, “Праменьчыкі” — рознабаковы таленавіты гурт. Вельмі прыемна, што яго першы сур’ёзны выхад на сцэну ўдаўся: рабяты занялі трэцяе месца ў турніры дзіцячых фальклорных калектываў і атрымалі прыз ад “Народнай газеты”. Хочацца спадзявацца, што гэты добры пачатак “Праменьчыкі” працягнуць новымі поспехамі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter