Стаяць, думаць і плакаць... Трагедыя Хатыні не мае тэрміну даўнасці.

Смяротны прысуд мірным жыхарам Хатыні фашысты вынеслі яшчэ да таго, як уварваліся 22 сакавіка 1943 года ў вёску. Азвярэлыя ад абстрэлу партызанамі нямецкай аўтакалоны і забойства іх афіцэра, акупанты вырашылі адпомсціць беларусам... Выбар паў на бліжэйшую лясную вёсачку Хатынь.

Смяротны прысуд мірным жыхарам Хатыні фашысты вынеслі яшчэ да таго, як уварваліся 22 сакавіка 1943 года ў вёску. Азвярэлыя ад абстрэлу партызанамі нямецкай аўтакалоны і забойства іх афіцэра, акупанты вырашылі адпомсціць беларусам... Выбар паў на бліжэйшую лясную вёсачку Хатынь.

...Усё насельніцтва вёскі ад малога да вялікага выганялі з хат у калгасную адрыну. Прыкладамі аўтаматаў падымалі з пасцелі хворых і старых, не літавалі жанчын і дзяцей, нават грудных. Калі ўсё насельніцтва было ў адрыне, фашысты замкнулі дзверы, абклалі яе саломай і, абліўшы бензінам, падпалілі. Драўляная адрына імгненна загарэлася. З дыму даносіліся крыкі і плач дзяцей. Жыхары спрабавалі выратавацца, як маглі. Пад напорам дзясяткаў чалавечых цел не вытрымалі і паваліліся дзверы. У падпаленай адзежы, абхопленыя жахам, людзі кідаліся бегчы, але іх тут жа спыняла варожая куля. Толькі шасці жыхарам вёскі ўдалося выратавацца. Астатнія 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей, згарэлі жыўцом. За імгненне Хатынь была сцёрта з твару зямлі. Але каб жа толькі яна... Лёс Хатыні напаткаў яшчэ 628 беларускіх вёсак і пасёлкаў. 186 так і не адрадзіліся пасля вайны. У памяць аб іх сёння жалобна б’юць званы ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. Кожны, хто пабыў там хоць аднойчы, не застаўся раўнадушным.

Гэта і ёсць Памяць

— Хатынь нікога не пакідае спакойным, — дзеліцца эмоцыямі былы дырэктар комплексу Наталля Кірылава. — Колькі ў свой час пабывала тут замежных дэлегацый і высокіх асоб — усе пакідалі тэрыторыю Хатыні ў шоку... Мемарыял унікальны. Пабудаваны ў перыяд, калі нічога падобнага не ўзводзілася, ён перажыў час. Хатынь хвалявала, хвалюе і будзе хваляваць...
Яно так і было задумана — каб хвалявала, каб не давала забыць, каб гук хатынскіх званоў адзываўся ў кожным сэрцы трывожным набатам, каб гучаў для кожнага галоўным пытаннем: а што вы зрабілі дзеля таго, каб падобны жах ні на гэтай зямлі, ні на зямлі ўвогуле ніколі не паўтарыўся?..
— Тое, што перажылі людзі, немагчыма паказаць ніякімі інсцэніроўкамі, — разважае адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін. — Ні муляжамі танкаў, ні шынелямі вы гэта не пакажаце. Памяць — гэта не гаспадарчы двор, памяць — гэта нешта большае. Хатынь — гэта і ёсць нешта большае.

Трэцяе пакаленне

Што перажылі людзі падчас зверства фашыстаў, сапраўды немагчыма ўявіць. Тыя, каму пашчасціла выжыць у вогненных вёсках, і сёння не могуць пра гэта гаварыць. Віктар Жарэла, сведка трагедыі вёскі Лозкі Калінкавіцкага раёна, якая ў ліпені 1942 года была спалена акупантамі разам з насельніцтвам, не любіць успамінаць пра тыя страшныя дні. І не толькі таму, што цяжка. Трэцяе пакаленне, якое падрастае на гэтай зямлі без вайны, не вельмі хоча пра яе ведаць...
— У мяне два ўнукі-школьнікі, — расказвае Віктар Міхайлавіч. — Я спрабаваў ім расказваць пра тыя падзеі. Вазіў малога ў Хатынь. Прайшліся з ім, усклалі вянок — а ў яго нуль эмоцый. Можа, ён проста яшчэ не ўсё разумее?.. Я веру, што ён усё-такі, калі падрасце, уявіць тую карціну, якая і сёння стаіць у мяне перад вачыма: зялёны нямецкі цягнік, людзі ў касках, дзед, які сцякаў крывёй пад ударамі немцаў, хаты, што падалі ў агні, нібы картачныя домікі. І жыта, высокае жыта, якое толькі і выратавала мяне з братам...
Чамусьці да сёння не пусцілі да Хатыні прамы аўтобусны маршрут. І калі няма ў вас уласнага аўтамабіля, каб трапіць туды, прыйдзецца звяртацца ці да знаёмых, ці ў турагенства.

Мемарыял не для забаў

Наталля Кірылава ўпэўнена, што ўскалыхнуць людзей нейкім чынам дапаможа міжнародны праект “Павышэнне статусу жыхароў спаленых беларускіх вёсак, якія выратаваліся”, распачаты Беларускім фондам міру і Нацыянальным архівам Беларусі, каардынатарам якога яна з’яўляецца.
— Наша мэта — звярнуць увагу грамадства на тых людзей, жыхароў спаленых беларускіх вёсак, якія на свае вочы бачылі жудасныя зверствы нацыстаў і якім дзіўным чынам удалося выратавацца, — расказвае Наталля Віктараўна. — Мы павінны ведаць такіх людзей, як Віктар Жарэла, дапамагаць ім, арганізоўваць сустрэчы з моладдзю і школьнікамі, круглыя сталы і канферэнцыі.
Тым часам супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу выязджаюць з лекцыямі ў школы, расказваюць пра гісторыю Хатыні і стварэнне мемарыялу.
— Людзі павінны зразумець хаця б тое, што “Хатынь” не забаўляльны мемарыял, — разважае дырэктар мемарыяльнага комплексу Артур Зельскі. — Туды бессэнсоўна ісці весела правесці час. Туды варта ісці стаяць, думаць і плакаць па ўсіх спаленых вёсках і знішчаных нацыстамі людзях.

Карысная інфармацыя
Звязацца з каардынатарам праекта “Павышэнне статусу жыхароў спаленых беларускіх вёсак, якія выратаваліся” можна па тэлефоне 8-029-623-64-28 альбо па электроннаму адрасу: n.v.kirillova@tut.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter