Председатель совета молодых ученых Института плодоводства Илья Полубятко: «Святое дело — заниматься садом»

Старшыня савета маладых вучоных РУП «Інстытут пладаводства» Ілля Палубятка: «Сад стаў сэнсам майго жыцця»

На прысталічных перакатах, што за аграгарадком Самахвалавічы, на дзвюх сотнях гектараў раскінуўся ўнікальны сад РУП «Інстытут пладаводства». Па разнастайнасці сартоў пладовых дрэў яму няма роўных ва Усходняй Еўропе. Тут прадстаўлены 700 найменняў груш, удвая больш яблынь, звыш паўтысячы варыянтаў сартоў вінаграду, мноства ягаднікаў. Вучонымі інстытута выведзены беларускія сарты персіка, чарэшні, грэцкага арэха, фундуку, ляшчыны. Калекцыі пладовых, ягадных, арэхаплодных культур і вінаграду сталі нацыянальным набыткам Беларусі і ўключаны ў Дзяржаўны рэестр навуковых аб'ектаў.


Калектыў селекцыянераў папаўняецца выпускнікамі вышэйшых аграрных навучальных устаноў. Аб'яднаны яны ў савет маладых вучоных. Узначальвае яго загадчык лабараторыі генетычных рэсурсаў кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Ілля ПАЛУБЯТКА. Пасля заканчэння аграфака Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта пачынаў працоўную біяграфію спецыялістам у слонімскім СВК «Драпава». Малады аграном загарэўся заняцца аграрнай навукай. Скончыў магістратуру ў роднай альма-матэр, а потым аспірантуру ў РУП «Інстытут пладаводства». Пяць гадоў таму абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную біялагічным асаблівасцям і гаспадарчай каштоўнасці сартоў вішні і чарэшні беларускай селекцыі на клонавых прышчэпах. Навуковая дзейнасць Іллі Генадзьевіча пераплятаецца з гаспадарчай. У лютым, калі ў садзе яшчэ пануе звыклая зімовая цішыня, самы час рыхтаваць дрэвы да новага сезона. Садовая прастора разбіта на кварталы. Яблыневая дзялянка змяняецца пасадкамі груш, сліў, іншых садовых дрэў. Паміж імі ўзвышаецца паласа грэцкага арэха. Асобна выстраіліся прышчэпы, прызначаныя для селекцыйных эксперыментаў. Расчышчаная ад снегу садовая дарога вядзе да вішнёвых плантацый. Пранізлівыя промні лютаўскага сонца купаліся ў чарнеючых на фоне белага покрыва галінках. Лёгкі ветрык даносіў подых вясны.

– Як толькі маразы адышлі, пачалі абрэзку дрэў, — малады вучоны-селекцыянер Ілля Палубятка акінуў позіркам сцішаны сад. — Звычайна працуем талакой. Гэта адказная справа, патрэбна практыка. За дзесяць гадоў маёй працы ў Інстытуце пладаводства ні разу не спазніліся. І зараз, калі дрэвы ў чаканні цяпла, спяшаемся ўправіцца.

Днямі абмяркоўвалі праект Асноўнага Закона краіны. Парадавала, што ў Канстытуцыі новы артыкул, які тычыцца моладзі. Ён прызваны ствараць умовы для актыўнага ўдзелу прадстаўнікоў майго пакалення ў жыцці краіны. Каму, як не маладым, працягваць справу старэйшых. Дзяржава дала нам магчымасць атрымаць адукацыю, знайсці сябе ў жыцці. Вырас я ў сялянскай сям'і. Продкі мае карэнныя сяляне. Бацька Генадзь Рышардавіч да выхаду на пенсію працаваў механізатарам, а маці Валянціна Уладзіміраўна — заатэхнікам.

— Пэўна, гэта паўплывала на выбар прафесіі?

— Вялікую ролю адыграла тое, што дома і ў Сялявіцкай сярэдняй школе мяне выхоўвалі працай. З задавальненнем наведваў гурток разьбы па дрэве. Любіў з сябрамі ганяць у футбол. На раённай і абласной алімпіядах па працоўным навучанні атрымаў дыпломы пераможцы за свае вырабы з дрэва. Гэтыя навыкі пераняў ад школьнага настаўніка Алега Сцяпанавіча Акулевіча. Дзякуючы вырабленым у школьнай майстэрні дэкаратыўным лыжкам у выглядзе галінак яблыні, грушы, гронак вінаграду стаў прызёрам алімпіяд.

Пасля заканчэння сярэдняй школы як пераможца абласной алімпіяды меў права без уступных экзаменаў паступаць у педуніверсітэт. Разам з атэстатам сталасці атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста, чым вельмі ганаруся. Такое пасведчанне і ў майго старэйшага брата Яўгена. Летам мы дапамагалі механізатарам на ўборцы збожжа. Брат паступіў на аграфак Гро­дзенскага дзяржсельгасуніверсітэта. Шмат цікавага расказваў дома пра студэнцкае жыццё. Усё гэта і вызначыла мой выбар месца вучобы.

— Вучоба на аграфаку насычана заняткамі ў розных лабараторыях, дзе ёсць магчымасць эксперыментаваць, даследаваць. Вас гэта вабіла?

— З першых курсаў выкладчыкі ўніверсітэта прызвычайвалі нас зай­мацца ў навуковых гуртках. Мяне больш вабіла практычная дзейнасць. Гарэў працай агранома. У перспектыве ўяўляў сябе кіраўніком гаспадаркі. Паралельна з вучобай на аграфаку скончыў ва ўніверсітэце факультэт менеджменту. Жаданне займацца навуковай дзейнасцю агарнула мяне, калі працаваў аграномам у слонімскім СВК «Драпава». Сваімі думкамі падзяліўся з навуковым кіраўніком дыпломнага праекта Генрыхам Мар'янавічам Мілосам. Ён шчыра падтрымаў маё імкненне паступаць у магістратуру. Год вучобы хутка праляцеў.

— Потым была аспірантура ў Інстытуце пладаводства, абарона кандыдацкай дысертацыі. У чым навізна вашага навуковага даследавання?

— Мяне ўключылі ў навуковы праект па вывядзенні новых сартоў вішні і чарэшні. Апантана ўзяўся за справу. У час вучобы ў аспірантуры атрымліваў прэзідэнцкую стыпендыю. Разам з вядомымі беларускімі селекцыянерамі Аляксандрам Таранавым і Марыяй Вышынскай працаваў над ранняспелым сортам чарэшні «марыя». Ён высокапрадукцыйны і па вытрымцы нашых кліматычных умоў пераўзыходзіць айчынныя і замежныя аналагі. Выкарыстанне новага сорту дазволіць закладваць высокапрадукцыйныя вішнёвыя і чарэшневыя сады ў розных рэгіёнах Беларусі. Пашчасціла мне на кіраўніка гэтага навуковага даследавання.

— І хто гэта такі?

— Доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Зоя Казлоўская. Інтэлігент вышэйшай пробы. У інстытуце яна загадвала аддзелам селекцыі пладовых культур. На творчым рахунку вучонай новыя сарты беларускіх яблыкаў, сліў і фундуку, якія паспяхова зарэкамендавалі сябе. У час вучобы на аграфаку Белдзяржсельгасакадэміі Зоя Аркадзьеўна, акрамя спецыяльных дысцыплін, грунтоўна авалодала англійскай мовай. Для вучонага-селекцыянера гэта вельмі важна. Яна прадстаўляла Беларусь у Міжнароднай арганізацыі па генетычных рэсурсах пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН. Нам, пачынаючым навукоўцам, раіла дзеля справы авалодаць англійскай мовай. Якімі б важнымі справамі яна ні была занята, але заўжды знаходзіла час для нас, маладых навукоўцаў. На вялікі жаль, мінулагодняй вясною Зоі Аркадзьеўны не стала…

Узгадваецца, як на ўступным экзамене ў аспірантуру яна пацікавілася ў мяне, каго з беларускіх вучоных-садаводаў ведаю. Тут жа ў памяці ўсплыла інстытуцкая галерэя партрэтаў выбітных нашых аграрыяў розных часоў. Сорамна было, што назваў толькі некалькі з іх. Мне падказалі, што гісторыю дысцыпліны трэба ведаць. Аснова любой навукі мае ўласны базіс. Калі стаў аспірантам, зацікавіўся гісторыяй беларускага садоўніцтва: лягчэй вызначыць, у якім кірунку развівацца, калі добра ведаеш яе. Шмат цікавага прачытаў пра слыннага селекцыянера нашага земляка Васіля Васільевіча Пашкевіча. Жыць яму выпала на стыку стагоддзяў. Сын святара, ён скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Але абраў іншы жыццёвы накірунак. У Санкт-Пецярбургскім універсітэце атрымаў адукацыю па біялагічнай спецыяльнасці. Вывучаў сарты, даследаваў біялогію цвіцення і плоданашэння пладовых культур. Стагоддзе таму пад яго кіраўніцтвам сабрана і сістэматызавана вялікая колькасць сартоў пладовых культур у беларускіх садах. Значны ўклад у развіццё садоўніцтва ўнеслі практык-садавод Іван Паўлавіч Сікора, вучоная Інстытута пладаводства Эма Пятроўна Сюбарава. Выведзеныя імі сарты яблынь, груш, сліў абагацілі залаты фонд беларускіх садоў.

— У Інстытуце пладаводства ёсць каму працягваць навуковую дзейнасць селекцыянераў-генетыкаў?

— Узначальвае калектыў кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Аляксандр Таранаў. Дырэктар таксама маладога ўзросту. Актыўна падтрымлівае наш савет маладых вучоных, у якім 13 чалавек. За апошнія гады двое пачынаючых навукоўцаў абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Маладыя вучоныя актыўна ўключыліся ў доследную дзейнасць.

Навука заўжды патрабуе самаахвярнасці. Шлях да Алімпу ўсцелены выпрабаваннямі. Не кожны іх вытрымлівае. Важна, у якое асяроддзе трапляе пачынаючы навуковец. У гэтым мне пашчасціла. З першых дзён адчуў увагу да сябе. Сам імкнуўся зацвердзіцца ў навуковым асяроддзі.

Наш сад можна назваць залатым фондам Беларусі. На невялікай плошчы ў натуральных кліматычных умовах захоўваюцца эталонныя экземпляры пладовых дрэў, класічныя сарты, якія ўтрымліваюць у сабе каштоўныя крыніцы прызнакаў устойлівасці. Многія песімістычна заяўляюць, што ў Беларусі знікла элітная антонаўка. У нас яе экземпляры захаваліся, ёсць і шэраг клонаў. Спецыялісты выязджаюць з экспедыцыяй у рэгіёны і даследуюць устойлівыя для выжывання экземпляры пладовых дрэў, якія прайшлі натуральны адбор. Такім чынам на адным з нясвіжскіх хутароў выявілі экземпляр мясцовай вішні. Зрэзалі чаранкі, прывезлі ў інстытут, размножылі і прадоўжылі яго вывучэнне. Так адшуканая хутарская вішня стала сортам, які атрымаў назву «нясвіжская». Уключылі яго ў Дзяржаўны рэестр.

Падтрымліваем навуковыя сувязі з калегамі з суседніх краін. Рыхтуем даклады і выступаем з імі на розных форумах. Моцна супрацоўнічаем з маладымі навукоўцамі з розных рэгіёнаў Расіі, Казахстана, Таджыкістана і іншых краін блізкага і дальняга замежжа.

— Ці існуе нейкая мяжа ў генетыцы?

— Яна ўмоўная. Колькасць насельніцтва на планеце расце хутчэй, чым забеспячэнне харчаваннем. Пры вывядзенні новага сорту садавіны важна яго прадукцыйнасць. Улічваюцца і магчымыя экалагічныя наступствы. Наш аграрны сектар мацуе харчовую бяспеку краіны. З кожным годам павялічваецца плошча беларускіх садоў. Актывізавалася закладка вішнёва-чарэшневых плантацый. З'явіліся яны ў Баранавіцкім, Шчучынскім і некаторых іншых раёнах. А вішнёва-чарэшневы сад гродзенскага СВК імя В. І. Крэмко стаў узорным. Каб птушкі не прыносілі шкоду ўраджаю, дрэвы накрылі спецыяльнай сеткай, усталяваны капельны паліў. Гэта гарантуе атрыманне якаснай прадукцыі. У суседніх Верцялішках таксама інтэнсіўны прамысловы сад. Маларыцкія садаводы завезлі канадскі пасадачны матэрыял чарэшні сорта «стаката» і заклалі плантацыю. Калекцыі пладовых дрэў пастаянна поўняцца новымі найменнямі. Зараз працуем над вывучэннем і адаптацыяй да нашых кліматычных умоў чарэшань турэцкай і ўзбекскай селекцыі «зіраат» і «бахор». Спадзяёмся, яны акліматызуюцца на беларускай зямлі.

— Ілля Генадзьевіч, якія ў вас задумы ў навуковай дзейнасці?

— Што за салдат, які не марыць стаць генералам. Як і ўсе мае калегі, што­дзённа працую над пашырэннем асартыменту беларускіх сартоў пладовых дрэў. Увогуле, сад стаў сэнсам майго жыцця. У зімовым сне яшчэ дрэвы, а мне сняцца чарэшні, усыпаныя спелымі пладамі. Святая справа — займацца садам. Яна мае біблейскі пачатак.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter