Спявай з душой, Евангеліна!

У Самары, на берагах вялікай ракі Волгі, у чарговы раз ладзіўся фестываль “Беларусь — мая песня!”Што значыць для вас Беларусь? Задаю пытанне землякам, калі сустракаюся з імі ў замежжы. Звычайна суразмоўцы прызнаюцца ў любові да Бацькаўшчыны. “Для мяне Беларусь — гэта прыгажосць прыроды, самабытныя традыцыі гасціннага, ветлівага народа, а яшчэ меладычная мова, пра якую вобразна казаў Янка Купала: “Магутнае слова, ты, роднае слова!/ Са мной ты на яве і ў сне…”, — цытуе класіка Ірына Глуская, прэзідэнт Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Дадам, што асаблівае месца ў яе жыцці займаюць і беларускія музыка, танцы, песні. Гэта ж па яе ініцыятыве, намаганнямі яе і аднадумцаў з 2004 года ў Самарскім рэгіёне ладзіцца абласны беларускі дзіцячы фестываль мастацтваў “Беларусь — мая песня!”, прымеркаваны да свята апошняга снапа “Дажынкі”.
У Самары, на берагах вялікай ракі Волгі, у чарговы раз ладзіўся фестываль “Беларусь — мая песня!”

На сцэне – Юлія Цяплянская і Любоў Ярохіна<br />Што значыць для вас Беларусь? Задаю пытанне землякам, калі сустракаюся з імі ў замежжы. Звычайна суразмоўцы прызнаюцца ў любові да Бацькаўшчыны. “Для мяне Беларусь — гэта прыгажосць прыроды, самабытныя традыцыі гасціннага, ветлівага народа, а яшчэ меладычная мова, пра якую вобразна казаў Янка Купала: “Магутнае слова, ты, роднае слова!/ Са мной ты на яве і ў сне…”, — цытуе класіка Ірына Глуская, прэзідэнт Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Дадам, што асаблівае месца ў яе жыцці займаюць і беларускія музыка, танцы, песні. Гэта ж па яе ініцыятыве, намаганнямі яе і аднадумцаў з 2004 года ў Самарскім рэгіёне ладзіцца абласны беларускі дзіцячы фестываль мастацтваў “Беларусь — мая песня!”, прымеркаваны да свята апошняга снапа “Дажынкі”.
У палітры самарскага фэсту “Беларусь — мая песня!” шмат яркіх фарбаў<br />Сёлета ў дзявяты раз напрыканцы лістапада ў 82-й самарскай школе прайшоў гала-канцэрт фэсту. Гучала шмат беларускіх народных і сучасных песень, народнай музыкі і твораў беларускіх кампазітараў. Было нямала беларускіх народных, сучасных, эстрадных танцаў і арыгінальных кампазіцый. А ўмовы конкурсу ўжо вядомыя: адзін з двух нумароў павінен мець беларускі каларыт. “Самабытнасць наша, этнічная непаўторнасць ярка выяўлены ў народнай творчасці, нацыянальным касцюме і, вядома ж, у беларускай мове. Таму і хочацца нам, каб удзельнікі конкурсу заглянулі “ўглыб” душы беларускай, а не рабілі “беларускі кіч”, не слізгалі толькі па знешнасці-паверхні беларускасці. Вядома, гэта патрабуе душэўнай працы: трэба ж асвоіць правільнае вымаўленне, вывучыць адметныя беларускія словы, якіх няма ў мове рускай, пачытаць кнігі ў арыгінале, на беларускай мове, паслухаць жывую беларускую мову — на кампакт-дысках ці ў інтэрнэце, на сайтах беларускіх радыёстанцый… Дзецям тое падабаецца: яны з задавальненне спяваюць песні па-беларуску, выконваюць нашу музыку і танцы. Фэст збірае штогод нямала юных талентаў, улюбёных у беларускую культуру”, — гаворыць Ірына.
Пра тое, што плынь беларускасці здольная паспрыяць духоўнаму развіццю як юных талентаў, так і дарослых, казала мне таксама Іна Сухачэўская. Яна выкладчыца па вакале, педагог вышэйшай катэгорыі Цэнтра пазашкольнай адукацыі “Творчасць”, салістка гурта “Каданс”, актыўна працуе ў суполцы беларусаў. Іна адзначыла: сёлета было шмат цудоўных харэаграфічных нумароў. І штогод на фэсце — усё вышэй творчая планка, бо падвышаецца выканальніцкае майстэрства. Харавое, ансамблевае і сольнае спяванне па-беларуску — таксама на досыць высокім узроўні.
Адкрыццём фэсту сёлета стала Евангеліна Сытнік, першакласніца з 82-й школы. Поспех яе — далёка не выпадковы: яна вучаніца Алены Дзмітрыевай, выкладчыцы па вакале, педагога вышэйшай катэгорыі, мастацкага кіраўніка гурта “Каданс”. Беларускія песні Евангеліна спявала так, што многія падумалі: дзяўчынка, пэўна, прыехала з Беларусі, настолькі бездакорнай была яе беларуская мова. Так і хочацца пажадаць ёй: спявай яшчэ, Евангеліна! Спасцігай праз нашы песні прыгажосць беларускасці.
Цудоўна спявае Евангеліна СытнікХораша праявіў сябе на фэсце і Даніла Аблыгін, пяцікласнік 2-й самарскай гімназіі. “Ён прыйшоў да мяне на вакал у “Творчасць” яшчэ пяцігадовым, — згадвае Іна Сухачэўская. — Ахвотна наведвае заняткі па вакале, харэаграфіі. А ёсць базавая падрыхтоўка — можна і эксперыментаваць, рабіць цікавыя нумары.
Ужо праз год хлопчык стаў лаўрэатам гарадскога фестывалю “Пралеска”: спяваў разам з сястрычкамі Алінай і Алесяй — яны таксама былі маімі вучаніцамі, удзельнічалі ў беларускіх фэстах. Аліна цяпер вучыцца на факультэце журналістыкі Маскоўскага дзяржуніверсітэта, Алеся там жа, але на факультэце вылічальнай матэматыкі і кібернэтыкі”.
Што ж, творчая пераемнасць — вялікая сіла ў мастацтве. Каб эстафета творчасці прадаўжалася, клапоцяцца актывісты моладзевага аддзялення беларускай суполкі, якое ўзначальвае Юлія Цяплянская.
Зрэшты, на творчым форуме сёлета яна і сама паспрабавала сілы ў якасці сувядучай: упершыню вітала ўдзельнікаў і гасцей свята на беларускай мове.
Варта назваць дабрадзеяў ды членаў аргкамітэта, дзякуючы якім адбыўся фэст. Гэта Аляксандр Патанейка, Любоў Ярохіна, Алена Дзмітрыева, Іна Сухачэўская, Таццяна Марозава, Аліна Жаваева, Ірына Цвяткова, Кацярына Міхайлава… І многія іншыя прыхільнікі беларушчыны пастараліся. Словы ўдзячнасці ад абласной суполкі беларусаў Ірына Глуская адрасуе супрацоўнікам Дома дружбы народаў, адміністрацыі гарадской акругі Самары, міністэрству культуры Самарскай вобласці, якія спрыяюць развіццю беларускага мастацтва ў рэгіёне. “Фестываль яшчэ раз засведчыў: сапраўдных прыхільнікаў беларускай культуры на Самарскай зямлі становіцца ўсё больш, — гаворыць Ірына Міхайлаўна. — І нам ёсць стымул працаваць, рыхтаваць ужо юбілейны, дзясяты фэст “Беларусь — мая песня!” А ёсць у іншых суполках замежжа юныя таленты — давайце падумаем: можа, і ім варта завітаць у песенную Самару-гарадок — на нас паглядзець ды сябе паказаць”.

Мікалай Бойка

На здымках:
На сцэне – Юлія Цяплянская і Любоў Ярохіна
У палітры самарскага фэсту “Беларусь — мая песня!” шмат яркіх фарбаў
Цудоўна спявае Евангеліна Сытнік
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter