Хто атрымае прыз імя Уладзіміра Мулявіна? У прэтэндэнтах – 21 выканаўца

Спявае i паказвае Маладзечна

8 і 9 чэрвеня Маладзечна збірае гасцей на ХVIII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. У гэтым годзе музычна-паэтычнае свята прысвечана дзвюм знакавым падзеям — абвешчанаму ў краіне Году малой радзімы і 80-годдзю народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка.

Форум адкрые прэм’ерная канцэртная праграма «Мелодыя лёсу» з песень вядомага кампазітара Ігара Лучанка.

«Спадчына», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Алеся», «Вераніка», «Майскі вальс», «Зачараваная», «Полька беларуская»... Ігар Лучанок — аўтар больш за 400 песень, многія з якіх па праве называюць класікай жанру, яны папулярныя і любімыя слухачамі ўжо доўгія гады.

Форум адкрые прэм’ерная канцэртная праграма «Мелодыя лёсу» з песень вядомага кампазітара, падрыхтаваная артыстамі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. Прагучаць творы добра вядомыя і тыя, якія цяпер пачуеш нячаста. Усё — у новых аранжыроўках і на беларускай мове, пераклад рабілі спецыяльна. І, вядома, у «жывым» выкананні салістаў аркестра. Арганізатары спадзяюцца, што прысутнічаць у зале Летняга амфітэатра будзе і сам аўтар музыкі. Ігару Міхайлавічу рыхтуюць сюрпрыз.

У першы дзень фестывалю раскрыецца галоўная яго інтрыга. Стануць вядомыя імёны лаўрэатаў конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і ўладальніка Гран-пры імя Уладзіміра Мулявіна. У вакальным спаборніцтве ўдзельнічае 21 артыст-пачатковец — па тры салісты з усіх абласцей краіны і Мінска. 

Чаканыя госці на свяце — пісьменнікі. У гэты раз літаратары з’едуцца ў Маладзечна з усіх абласцей краіны. Кожны — з любоўю да сваёй малой радзімы ў душы, пра што і раскажуць лірычным радком аматарам паэзіі.

Паклоннікаў аперэты парадуе сустрэча з народнай артысткай Беларусі Наталляй Гайдай, легендарнай прымай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. 

У фестывальнай афішы — дзве тэатральныя пастаноўкі. Спектакль «Вечар» па знакамітай п’есе Аляксея Дударава ад Мінскага абласнога драматычнага тэатра і «гістарычна недакладная трагікамедыя» пра лёс Францыска Скарыны Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Кар’ера доктара Рауса».

Паглядзець на нашы краявіды вачыма замежных мастакоў запросіць вернісаж удзельнікаў міжнароднага пленэру «Святасць зямлі беларускай». Майстры пэндзля з пяці краін — Беларусі, Расіі, Украіны, Румыніі і Малдовы працуюць у гэтыя дні на Міншчыне. Першымі ўбачыць іх новыя творы змогуць жыхары і госці фестывальнага Маладзечна.

Яшчэ адзін цікавы і сімвалічны ў Год малой радзімы праект — выстава графікі «Меер Аксельрод. Вяртанне дадому». Вядомы мастак — ураджэнец Маладзечна, з 1918 года жыў у Мінску, з 1921-га — у Маскве, там ён і пахаваны. У дні фестывалю ўпершыню ў Беларусі і ў родным горадзе майстра прадставяць яго творы з асабістай калекцыі сям’і мастака.

Экспазіцыя работ народных майстроў і ўмельцаў, выстава-продаж беларускіх пачастункаў, гульнёва-забаўляльныя пляцоўкі. Музыка эстрадная, акадэмічная, народная, джаз. І — яркі гала-канцэрт закрыцця фестывалю. Чакаюць Ядвігу Паплаўскую, Аляксандра Саладуху, Ірыну Дарафееву, Алёну Ланскую, Іну Афанасьеву, Віталя Карпанава з «Драздамі», Аляксея Хлястова, Сашу Нэма.

Словам, няма прычын адмовіць сабе ў задавальненні правесці гэты ўікэнд у Маладзечне. 

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter