Мастачка з беларускім родавымі каранямі Любоў Тарлецкая, якая жыве ў Латвіі, прысвяціла сваю выставу святому Мікалаю Цудатворцу

Шляхам святла і прыгажосці

Мастачка з беларускім родавымі каранямі Любоў Тарлецкая, якая жыве ў Латвіі, прысвяціла сваю выставу святому Мікалаю Цудатворцу


Дар мастачкі ў Любові Тарлецкай адкрыўся ў сталыя гады

Напрыканцы мінулага года ў латышскім горадзе Дагда, у памяшканні беларускага таварыства “Вербіца” ладзілася выстава карцін жыхаркі Краславы Любові Тарлецкай. Прысвячалася яна Мікалаю Цудатворцу. Такі незвычайны праект мы арганізавалі супольна са святаром Віктарам (Мялікам) ды актывісткай Нінай Тарарака. На вернісажы айцец Віктар цікава расказваў пра свяціцеля Мікалая, яго цуды, разважаў аб прыгажосці прыроды і ўхваліў намаганні тых людзей, якія ўмеюць перадаць яе ў творчасці. Любоў Тарлецкая — з іх ліку. Свет яна пабачыла далёка ад радзімы бацькі-беларуса ды маці-рускай: ва Уладзікаўказе. У дзяцінстве талентамі асаблівымі не вызначалася, аднак любіла спяваць, хадзіць з бацькамі ў музеі, разглядаць там карціны ды пад іх уражаннем марыла і сама навучыцца маляваць. Але жыццё з выяўленчым мастацтвам не звязала. А ў 65, ужо на пенсіі, наша супляменніца стала пастаяннай прыхаджанкай у царкве, дзе служыць айцец Віктар, пачала спяваць на клірасе. Потым па волі Усявышняга, як сама лічыць, пазнаёмілася ў інтэрнэце з грэчаскім мастаком-іканапісцам Іракліем Пасхалідзі. Гэты чалавек і ўклаў у яе рукі пэндзаль, стаў своеасаблівым куратарам на шляху творчасці. У жанчыны адкрыўся дар, на здзіўленне самой Любові, яе сям’і ды знаёмых. За велізарную падтрымку яна ўдзячна мужу Барысу, які сам — фатограф.


За год Любоў Тарлецкая напісала 30 карцін, на іх у асноўным — прырода Латгальскага краю, але ёсць паўднёвае мора і паўночныя льды, горныя вяршыні, ранішнія туманы, жывёлы і птушкі, гарадскія краявіды і біблейскія сюжэты. Памяшканне, дзе працуе наша таварыства, невялікае, але светлае і ўтульнае. Людзі прыходзілі групамі. Цікавай для Любові была сустрэча са старшакласнікамі. Яны задавалі розныя пытанні: як пішуцца туманы? Як напісаць, каб вада была празрыстаю? Адкуль бяруцца сюжэты? У адказ на апошняе пытанне мастачка прачытала верш Іосіфа Бродскага “Сретение” ды так, што стала зразумела: на хвалі высокіх, моцных пачуццяў многае магчыма.

Выставай засталіся задаволеныя ўсе. Нам жа, арганізатарам, было прыемна сустрэць на ёй і прадстаўнікоў гардумы Дагды. “Я вельмі ўдзячная ўсім, хто не застаўся абыякавым да маёй творчасці, — казала нам на развітанне Любоў Тарлецкая. — Я пішу так, як падказвае сэрца. Радуюся, калі бачу ў вачах гледачоў дабрыню і светлыя пачуцці. Гэта так здорава!”

Ад рэдакцыі.

У допісе спадарыні Таццяны, падалося нам, не хапае важных дэталяў. Скажам, як гэта мастачка-супляменніца раптам у тэксце “пераскоквае” з уладзікаўказкага дзяцінства ў дагдзінска-краслаўскае 65-годдзе? Хацелася даведацца пра яе жыццё, спецыяльнасць, і адкуль канкрэтна родавыя карані. Па нашай просьбе Таццяна адрасавала пытанні самой Любові, а потым і пераслала яе аповед пра сябе. Падаем яго са скарачэннямі асобным тэкстам пад назвай “Бабулін ручнік вышываны”.

Таццяна Гогалінская, старшыня суполкі “Вербіца”, г. Дагда
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter