Познаем Беларусь: обряд «Колядные цари», еврейская ярмарка - как белорусы встречали вторую Щедрую Кутью

Шчодры вечар добрым людзям!

Другі «дубль»: сёння сустракаем Новы год па старому стылю. Праваслаўныя вернікі адзначаюць Шчодры вечар, гатуюць другую, або Шчодрую, куццю. У гэтыя калядныя дні аматараў народных традыцый збірае аграгарадок Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Цікавы абрад «Калядныя цары» ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, а таксама ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэты абрад штогод ладзіцца напярэдадні старога Новага года. Разгледзім гэты і некаторыя іншыя звычаі беларусаў, што здаўна імі шанаваліся.


Пра паходжанне абраду на Капыльшчыне мясцовая легенда расказвае наступнае. У ХVІІІ стагоддзі тут знаходзіўся атрад рускай царскай арміі. На Каляды салдаты і афіцэры хадзілі ў сваёй звычайнай вайсковай форме па вясковых хатах, віншавалі гаспадароў са святам, паказвалі невялікі спектакль, танцавалі, спявалі, пасля прасілі падарункі. Пасля таго як атрад пакінуў вёску, мясцовыя жыхары, у асноўным маладыя хлопцы, пачалі для калядных абыходаў апранацца ў карнавальныя касцюмы, якія нагадвалі вайсковую форму. Гэтых персанажаў у народзе называлі царамі.

Пазней да цароў далучыліся даўнія мясцовыя маскі-персанажы Дзеда і Бабы, якія, дарэчы, сустракаліся ў Капыльскім раёне і ў час традыцыйнага вяселля. Этнографы адзначаюць, што крыху падобыя на цароў персанажы — каляднікі — хадзілі на Шчодры вечар у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. У гурце былі маскі Генерала, Капітана, салдат, Яўрэя і нават Трунара, які хадзіў па хатах з лапатай. Ідучы па вуліцы, каляднікі неслі зорку, або «зару». Заходзячы ў дом, разыгрывалі сцэнку: біліся на шаблях, пасля чаго адзін Салдат падаў, быццам забіты, а Трунар яго «закопваў у магілу». У гурце калядоўшчыкаў былі хлопцы і дзяўчаты. Усе разам спявалі калядныя песні.

Адметную гульнёвую ролю ў гурце калядоўшчыкаў іграў і персанаж Яўрэя. Ён быў апрануты ў чорны доўгі плашч, за плячыма насіў торбу з рознымі рэчамі, у руках трымаў кій. Зайшоўшы ў хату, звяртаўся да гаспадара і прапаноўваў купіць у яго «цудоўны тавар»: парваныя лапці, панчохі, здохлую варону, пацеркі з шалупіння бульбы, а пасля прасіў прадаць цялушку, курачку, яйкі. Яўрэй не супакойваўся, пакуль гаспадар не даваў яму крыху дробных грошай ці чарку гарэлкі.

Шчадравальшчыкі хадзілі па ўсёй вёсцы ад хаты да хаты, пачынаючы абход з найбольш заможных і ганаровых сялян або з прадстаўнікоў мясцовай улады — пана, папа, старасты. Паход па вуліцы імкнуліся зрабіць як мага гучнейшым, бо, па павер’ях, рытуальны шум і смех адганяюць ад вёскі злыя сілы.

У адрозненне ад калядоўшчыкаў шчадравальшчыкі маглі выконваць песні і абрадавыя дзеянні ў двары («пад вакном»), не заходзячы ў хату. Але калі шчадравалі не па скарочанай праграме, у «спектаклях» гасцей знаходзілася месца і для элементаў эротыкі. Найчасцей камічныя сцэнкі выконвалі Дзед і Баба, якія ўжо сваім знешнім выглядам падкрэслівалі прыналежнасць да мужчынскага і жаночага полу. У карнавальным касцюме Дзеда магла быць морква з бурачкамі ці цыбулінамі, у касцюме Бабы — накладныя грудзі з ануч, унутры якіх былі загорнуты бульбіны, буракі. Персанажы або бясконца абдымаліся і цалаваліся, або лаяліся паміж сабой, сыпалі сарамлівымі жартамі.

У канцы выступлення пераапранутыя ў алегарычнай і жартоўнай форме патрабавалі ў гаспадароў падарункі за візіт. У розных рэгіёнах Беларусі меліся дзеля гэтага традыцыйныя песні або вершаваныя звароты. Часта ў песнях змяшчаліся пажаданні дабрабыту, шчасця, здароўя і просьба даць пачастункі.

АД ПРАДЗЕДАЎ

З песні шчадравальшчыкаў

Добры вечар, гаспадару!

Вынесь жа нам каўбас пару.

Ой, пахадзі каля печкі,

Пашукай жа нам перапечкі.

Ой, пахадзі каля кваскі,

Пашукай жа нам каўбаскі.


kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter