Шануючы мову, шануем Айчыну

Больш за дзве тысячы прафесійных і самадзейных артыстаў, пісьменнікаў, дзеячаў культуры выступалі на шматлікіх пляцоўках у Быхаве, сталіцы юбілейнага, ХХ Дня беларускага пісьменства
Больш за дзве тысячы прафесійных і самадзейных артыстаў, пісьменнікаў, дзеячаў культуры выступалі на шматлікіх пляцоўках у Быхаве, сталіцы юбілейнага, ХХ Дня беларускага пісьменства

Дзень беларускага пісьменства святкавалі ў Быхаве гожа і ўрачыстаСталіца Дня штогод іншая. Адметнае свята, як і сучасныя беларускія Дажынкі, спалучае ў сабе як стабільнасць традыцыі, так і няспынны рух. Пошукі дасканаласці. Гэта нібы кнігі: падобныя па форме — а які розны змест! Знамянальна, што ўсё новыя месцы, гарады для ўрачыстасцяў з нагоды Дня беларускага пісьменства “адкрываюцца”, прыхарошваюцца штогод. Гэтак “дух ведаў” дабратворна ўплывае на рэальнае, камунальнае “быццё” беларускіх гарадоў. Цікавы аргумент у спрадвечную спрэчку філосафаў пра тое, што ж першаснае: быццё ці свядомасць? Шануючы мову, культуру Бацькаўшчыны — мы выбудоўваем годную, заможную, прыгожую і стабільную яе будучыню. Для ведаў, кнігаў не было і быць не можа межаў на зямлі беларускай. Хоць, здаралася ў гісторыі, былі яны на вагу золата. І нават жыцця.
Кампазіцыя “Баркулабаўскі летапіс”Кніга, разумнае друкаванае слова і цяпер у краіне ў пашане. “Свята беларускага пісьменства па драбніцах збірае лепшыя літаратурныя дасягненні кожнага рэгіёна Беларусі, — казала на прэс-канферэнцыі напярэдадні свята першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч. — Сёлета мы ні ў якім разе не зніжаем колькасныя і якасныя паказчыкі нацыянальнага кнігавыдання. Летась у нас было больш за 11 тысяч назваў кніг і больш за 35 мільёнаў тыражу, за першае паўгоддзе 2013-га — пад шэсць тысяч назваў кніг, агульны тыраж перасягнуў 15 мільёнаў”.
У шэрагу яркіх, ключавых падзей свята ў Быхаве — і прэзентацыя “Баркулабаўскага летапiсу” ў двух тамах. Першы — факсімільнае выданне (усяго сто экземпляраў), другі — даследаванні беларускіх вучоных: тыраж у дзесяць разоў большы. У знакамітым летапісе адлюстраваны важны перыяд жыцця краіны, ён яскрава сведчыць пра магутныя карані беларускай дзяржаўнасці, беларускай мовы і культуры. У Быхаве ўшанавалі каштоўнасць і арыгінальнай кампазіцыяй “Баркулабаўскі летапіс”. У ёй скампанаваны як унікальны помнік беларускага пісьменства, так і абраз Божай Маці Баркалабаўскай.
Пра тое, што родная мова, пісьменства, вера і цяпер вызначаюць аснову духоўнага жыцця нацыі, засведчыла штогадовая Навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”. Вернікі, дзеячы культуры, навукі, мастацтва пачалі шлях з Мінска і з жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга прайшлі спачатку да вёскі Баркалабава Быхаўскага раёна, а потым былі ўдзельнікамі свята.
Расказаць пра ўсе колеры свята, якое цэлы дзень віравала больш як на дваццаці тэматычных пляцоўках — гэта як перачытаць усе кнігі з святочных экспазіцый. Канцэрты, вернісажы мастакоў, тэматычныя выставы бібліятэк, народных майстроў… Найбольш людзей было на мясцовым стадыёне, дзе зманціравалі сцэну, партэр для дзвюх з паловай тысяч гледачоў. Там жа праходзілі ўрачыстае адкрыццё і закрыццё свята, ушаноўвалі пісьменнікаў-пераможцаў Усебеларускага конкурсу на лепшы літаратурны твор, выступалі сотні артыстаў. На стадыёне ладзіўся фэст кніг і прэсы, прэзентаваліся СМІ і выдавецкія праекты, а празаікі, паэты, журналісты сустракаліся з чытачамі.
Шмат гасцей прыняў і рэканструяваны да свята Раённы цэнтр культуры. На будынку адкрылі памятную дошку з барэльефам ураджэнца Быхаўшчыны, вядомага журналіста і вучонага Барыса Стральцова. У РЦК прайшоў конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка”, міжнародны круглы стол “Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гістарычна-культурнай спадчыны”, навукова-практычная канферэнцыя “Быхаўскія чытанні”, прэзентавалася выданне “Баркулабаўскі летапіс”.
Заглянуць у мінуўшчыну Быхава і яго ваколіц можна было на пляцоўцы “З крыніц гістарычнай спадчыны” паблізу сінагогі ды Быхаўскага замка. Там ладзілася дзея з удзелам творчых калектываў і акцёраў, круцілася “Кола гісторыі”, збіраў гледачоў рыцарскі фэст. Права быць сталіцамі Свята ўжо мелі 17 гарадоў: Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае. Пад час свята закладзена алея гарадоў-сталіц Дня беларускага пісьменства. А пасля Быхава сталіцай Дня беларускага пісьменства стане Заслаўе: гораду ўжо і перададзена эстафета свята.

Іван Яцкавец

На здымках:
Дзень беларускага пісьменства святкавалі ў Быхаве гожа і ўрачыста
Кампазіцыя “Баркулабаўскі летапіс”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter