Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларуская сталіца першай падала афіцыйную заяўку на правядзенне Сусветнай шахматнай Алімпіяды ў 2022 годзе

Шахматныя традыцыі вяртаюцца

У шахматным жыцці краіны ёсць важныя навіны, і таму ўзрастае інтарэс у грамадстве да самага інтэлектуальнага віду спорту. Як жывецца шахматам у Беларусі? Ці ёсць у іх шанец стаць нацыянальным відам спорту? Пра тое ды шмат што іншае мы гутарылі са Старшынёй федэрацыі шахмат Беларусі Анастасіяй Сарокінай.

Старшыня федэрацыі шахмат Беларусі Анастасія Сарокіна

Пачнем з таго, што першы ход зроблены: упершыню ў гісторыі Беларусі ў Мінску адбылося пасяджэнне Прэзідэнцкага савета Міжнароднай федэрацыі шахмат (ФІДЭ). У плыні яго прайшла і своеасаблівая інспекцыя спартыўнай інфраструктуры горада: бо якраз беларуская сталіца першай падала афіцыйную заяўку на правядзенне Сусветнай шахматнай Алімпіяды ў 2022 годзе. 

Паколькі ў шахматах я дылетант, пра тонкасці шахматных баталій Насту вырашыла й не распытваць. Пацікавілася перад сустрэчай: ці часта пра гэтую гульню ў Беларусі пішуць калегі. Не надта... То можа час шахматных вундэркіндаў і гучных матчаў прайшоў? “Працаваць галавой” у прысутнасці камп’ютараў не хочацца? Логіка простая: навошта тыднямі шукаць патрэбны ход, калі машына зробіць тое за секунды... І ўсё ж сёлета пра шахматы ў нас загаварылі як пра самабытны від спорту, які выхоўвае культуру мыслення й розуму, як пра інтэлектуальны від спорту з багатымі беларускімі традыцыямі. Таму першае маё пытанне да Анастасіі было даволі простым.

— Якое месца займаюць сёння шахматы ў спартыўным жыцці Беларусі?

— Без перабольшвання магу сказаць: яны вельмі папулярныя і актыўна развіваюцца. З гісторыі ж нагадаю, што дастаткова арганізавана, масава ў шахматы ў Беларусі гуляюць гадоў сто. Пасля ўтварэння БССР у Мінску пачалі адбывацца масавыя турніры моладзі, піянераў і школьнікаў, калгаснікаў і рабочых. Запрацавалі шахматныя аддзелы ў газетах “Савецкая Беларусь” і “Звязда”, з’явіліся першыя чэмпіёны: Антон Касперскі, Гаўрыла Верасаў, Саламон Розенталь. Потым былі Ісаак Баляслаўскі, Віктар Купрэйчык, Вячаслаў Дыдышка — гэта ўжо наступнае пакаленне таленавітых прадстаўнікоў беларускай шахматнай школы, якія выйшлі на авансцэну ў 1960-80-х гадах. Менавіта яны й запусцілі махавік развіцця шахмат у Беларусі так, што яны сталі сапраўды народным відам спорту. Помніцца, за шахматнымі партыямі сачылі з экранаў тэлевізараў, іх слухалі па радыё, а прозвішчы гросмайстраў былі шырока вядомыя. З пакалення шахматыстаў 1990-х — Барыс Гельфанд, Аляксей Аляксандраў, Аляксей Фёдараў. Цяпер у краіне шахматы нібы перажываюць другое нараджэнне. У Мінску амаль штогод праходзяць шахматныя турніры самага высокага ўзроўню, сюды прыязджаюць вядучыя шахматысты свету. Летась мы правялі асабісты чэмпіянат Еўропы, а таксама першы чэмпіянат свету сярод кадэтаў у Мінску. Высока ацаніўшы наш арганізацыйны ўзровень, ФІДЭ прадаставіла Беларусі права правесці дзіцячыя чэмпіянаты свету ў 2018 і 2019 гадах. Ёсць у нас і сур’ёзная плеяда гульцоў: браты Сяргей і Андрэй Жыгалкі, Уладзіслаў Кавалёў. Падрастае і моладзь, якая ўмее перамагаць: Вячаслаў Зарубіцкі, Міхаіл Нікіценка, Вольга Бадзелька. Так што Беларусь гучна заявіла пра сябе на міжнароднай шахматнай арэне як арганізатар найбуйнейшых еўрапейскіх і сусветных спаборніцтваў, а нашы шахматысты змагаюцца за самыя высокія месцы на любых спаборніцтвах.

— Весткі на тэму шахматнага ўсенавуча прыходзяць з розных месцаў. У 2011-м Арменія стала першай краінай у свеце, якая зрабіла навучанне шахматам абавязковай часткай школьнай праграмы. Чула, з наступнага года нешта падобнае задумалі ў Расіі. А што чуваць у Беларусі на гэты конт?

— У краіне два гады працуе праект “Шахматы ў школе”, удзельнічаюць многія школы. Заняткі — на факультатыўнай аснове, іх вядуць выкладчыкі тых жа школ, якія прайшлі спецсемінары. Для педагогаў выдадзены метадычныя дапаможнікі, для дзяцей — падручнікі, рабочыя сшыткі. Марым, вядома ж, каб і ў нашых школах шахматы сталі прадметам абавязковым. Пакуль рана пра тое казаць, але перамовы вядзем, на станоўчае рашэнне — спадзяемся. Я ўпэўнена: таму, хто з ранняга дзяцінства займаецца шахматамі, тое абавязкова спатрэбіцца ў будучыні. Бо шахматы вучаць нас прымаць самастойныя рашэнні. Дарэчы, школьныя педагогі з праекта “Шахматы ў школе” адзначаюць: хто наведвае іх факультатывы, той становіцца больш засяроджаным, уважлівым, уседлівым. А гэта важна!

— Шахматы — даўні трэнажор для развіцця лагічнага мыслення, уважлівасці, памяці, уяўлення. Да таго ж яны выхоўваюць вытрымку, павагу да апанента, да правіл гульні. Так што гэта й добры інструмент сацыялізацыі. А з якога ўзросту, на ваш погляд, можна малое аддаваць у шахматы?

— Варта прыгледзецца: каб не позна і не рана. Я, напрыклад, пачала гуляць у 5 гадоў, і пэўных поспехаў дасягнула: 8 разоў перамагала на першынствах Беларусі сярод дзяўчат. Выступала на першынствах свету, Еўропы, на сусветных шахматных Алімпіядах у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі. У нашу Школу Шахмат ФІДЭ ў Беларусі прыводзяць 3-гадовых. Школе пяць гадоў, цяпер у ёй навучаецца больш за 300 дзяцей — у гульнявой форме па праграмах, распрацаваных нашымі педагогамі й псіхолагамі. Бяром абсалютна ўсіх дзяцей, якія жадаюць гуляць у шахматы. Бо галоўнае: прывіць любоў да гульні. Ёсць, вядома, і групы, якія працуюць на вынік. Адно з падраздзяленняў школы — Акадэмія Віктара Купрэйчыка, у якой навучаюцца тыя, хто паказаў годныя вынікі на гарадскіх, усебеларускіх першынствах. У гэтых групах дзеці вучацца бясплатна, хоць школа прыватная. Ёсць шмат іншых прыватных і дзяржаўных школ, у якіх гуляць у шахматы вучаць з 6 гадоў. Так што ў нас падрастае вельмі сур’ёзная змена, беларускія шахматныя традыцыі вяртаюцца і, магчыма, з такой сілай, якой ніколі не было ў Беларусі.

— Сёлета было пасяджэнне Прэзідэнцкага савета ФІДЭ. Гаварылі на ім і пра магчымасць правядзення ў Беларусі 45-й Сусветнай шахматнай Алімпіяды ў 2022 годзе. Што там чуваць далей?

— Быць ці не быць у нас Алімпіядзе — будзе вырашана ў верасні: у плыні Сусветнай шахматнай Алімпіяды-2018 у Батумі прой-дзе Кангрэс ФІДЭ. Інспектары ФІДЭ ўважліва агледзелі аб’екты шматфункцыянальнага спарткомплексу “Мінск-Арэна” і, наколькі я зразумела, былі ў захапленні ад убачанага. Кажуць, на Алімпіяду-2022 прэтэндуюць Кітай, ААЭ, Туніс. Аднак Беларусь першай падала заяўку на правя-дзенне Алімпіяды. Спадзяемся, што ў выніку галасавання, у якім прымуць удзел амаль 190 краін, Беларусь пераможа.

Голас Радзімы № 22 (3574), чацвер, 14 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter