“Санк-Пецярбург і беларуская культура”

Менавіта пад такой назвай праходзіла ў горадзе на Няве юбілейная, XV навуковая канферэнцыя.
Расійская нацыянальная бібліятэка валодае лепшай у свеце калекцыяй кніг на кірыліцы, надрукаваных у Вялікім княстве Літоўскім у часы Францыска Скарыны і Івана Фёдарава, а таксама выданняў XVII і XVIII стагоддзяў. У склад калекцыі “Росіка” ўваходзяць практычна ўсе творы на замежных мовах, прысвечаныя Беларусі. А ў аддзеле рукапісаў захоўваецца самая ранняя з нашых рукапісных кніг — Полацкае Евангелле XII стагоддзя. З гэтага вынікае, што РНБ — цяпер асноўны асяродак збірання і вывучэння кніг, прысвечаных Беларусі.

У 1992 годзе тут была арганізавана першая канферэнцыя “Санкт-Пецярбург і беларуская культура”. Мэта — абмен інфармацыяй аб дасягненнях у вывучэнні беларускай, найперш за ўсё, кніжнай культуры. Падтрыманая навуковай грамадскасцю горада, кіраўніцтвам бібліятэкі, яна стала штогадовай, ператварылася ў аўтарытэтны міжнародны форум. У канферэнцыях прымалі ўдзел навукоўцы з Масквы, Беларусі, Польшчы, Венгрыі, Швецыі, а па іх выніках выдадзены тры выпускі “Беларускага зборніка”. Іх нязменны ўкладальнік і навуковы рэдактар — наш суайчыннік (родам з Навагрудчыны), сённяшні загадчык аддзела рэдкай кнігі РНБ, кіраўнік рэгіянальнай суполкі ГА “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”, доктар філалагічных навук Мікола Нікалаеў.

Юбілейная, XV канферэнцыя “Санкт-Пецярбург і беларуская культура” была прысвечана 500-годдзю першага на тэрыторыі Беларусі спіса славянскай кірылічнай Бібліі — “Дзесятаглаву” Мацвея Дзесятага. У канферэнцыі прынялі ўдзел філолагі-славісты Санкт-Пецярбурга, а таксама прадстаўнікі Беларусі і Польшчы.

У ходзе канферэнцыі былі заслуханы даклады і навуковыя паведамленні, з якімі выступілі прарэктар Беластоцкага універсітэта Галіна Параф’яновіч (Польшча), загадчык аддзела навуковых публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Віталь Скалабан, загадчык сектара аддзела рукапісаў РНБ Міхаіл Шыбаеў, сябар Саюза кампазітараў Беларусі Яўген Паплаўскі, аўтар гэтых радкоў.

Цікавасць удзельнікаў канферэнцыі выклікала таксама інфармацыя, якую прадставілі галоўныя бібліятэкары РНБ Марыя Ткачэнка і Вера Кнорынг, аспірантка Еўрапейскага універсітэта ў Санкт-Пецярбургу Ірына Герасімава, аспіранты Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага універсітэта Анжаліка Дубасава, Аляксей Кібень і студэнтка гэтай жа ўстановы Марыя Іванова.

На канферэнцыі былі наладжаны асабістыя кантакты, намечаны сумесныя праекты. Тэксты выступленняў мяркуецца апублікаваць.

Аляксандр Вашчанка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter