Рэха вайны

З маленства, калі наведваў у вёсцы радавыя сядзібы маіх бацькоў, мне моцна ўрэзаліся ў памяць адмысловыя “сямейныя іканастасы”, складзеныя са здымкаў розных часоў. Упэўнены, падобныя аматарскія фотападборкі дагэтуль ёсць у кожным беларускім сельскім доме. На іх нібыта ў насценным візуальным архіве старанна збіраўся падрабязны летапіс амаль усёй тамтэйшай радні. Наіўнае пытанне: для чаго гэта рабілася? Каб і дзеці, і ўнукі, і праўнукі памяталі пра кожнага з нашых сваякоў у некалі вялікім сямейным дрэве. 

Узгадваю, на тых зжаўцелых фота былі і выявы людзей у ваеннай  форме: маіх дзядоў, што прайшлі вайну. Іх даўно няма на свеце. 

Яшчэ ў дзяцінстве, размаўляючы са сваім дзедам па бацьку Паўлам, што жыў у вёсцы Баханы Хоцімскага раёна, ваяваў і меў узнагароды, я папрасіў распавесці аб вайне. Аднак былы салдат, славуты тады на ўсё наваколле пчаляр, толькі пажартаваў: “Я за тры вайны, унучак, тры вароны не застрэліў”. 

Цяпер, праз дзесяцігоддзі, гэты дзедаў досвед мне не падаецца чымсьці смешным і незразумелым, паколькі даросламу чалавеку немагчыма было даступна пераказаць малому перажытыя ў ліхалецце ратныя клопаты, пакуты і боль.

Вядома, не толькі ў маіх родзічаў, але і ва ўсяго тагачаснага пакалення Вялікая Айчынная вайна і акупацыя нямецка-фашысцкімі захопнікамі роднай Беларусі пакінулі ў душы трагічны адбітак. 

Нездарма, віншуючы суайчыннікаў напярэдадні 73-й гадавіны Вялікай Перамогі, наш Прэзідэнт зазначыў, што “гэтае свята прасякнута моцнымі эмоцыямі і пачуццямі: горыччу стратаў мільёнаў бязвінных жыццяў, радасцю вызвалення ад фашысцкага прыгнёту, асэнсаваннем крохкасці міру і адказнасці за яго”.            

Беларусы ніколі не забудуць, што ў перыяд акупацыі гітлераўцамі на тэрыторыі рэспублікі былі спалены і разбураны 209 з 270 нашых гарадоў і райцэнтраў, 9200 вёсак. Амаль поўнасцю зруйнавалі Мінск, Гомель, Віцебск. Катастрафічна пацярпела народная гаспадарка. 

У Беларусі існавала каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных, а таксама 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва. Толькі ў лагеры смерці Трасцянец загінула 206 500 вязняў, а ў мясцовых гета па ўсёй рэспубліцы карнікі смяротна закатавалі каля 800 тысяч яўрэяў. На прымусовыя працы ў Германію немцы вывезлі каля 

400 тысяч. Словам, за гады вайны з 9,2 мільёна грамадзян БССР загінуў кожны трэці. 

Сёння мы добра ўсвядомілі ўрокі Вялікай Айчыннай вайны, падтрымліваючы на належным узроўні нацыянальную абарону, у поўнай ступені забяспечваючы незалежнасць дзяржавы. 

Найважнейшай грамадзянскай задачай для кожнага з нас па-ранейшаму застаецца захаванне праўды аб мінулай вайне. Яе ва ўсёй сваёй чысціні неабходна перадаць будучым пакаленням. Найперш праз гераічны воінскі прыклад ветэранаў — залаты фонд беларускай нацыі. Сапраўдныя каштоўнасці жыцця, такія як любоў да Радзімы, патрыятызм, самаахвярнасць у цяжкія часы гістарычных выпрабаванняў, назаўжды застануцца ў генетычным кодзе народа.

Як заўсёды, асаблівая ўвага грамадства надаецца нашым ветэранам. Менавіта яны выцягнулі на ўласных плячах самую разбуральную для чалавецтва Другую сусветную, забяспечыўшы разам з іншымі народамі СССР перамогу над фашызмам. Сёлета толькі ў Мінску на дадатковую дапамогу 2358 ветэранам вайны з гарадскога бюджэту накіравана больш за 5,5 мільёна рублёў. 

Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, зараз у краіне пражывае 8,4 тысячы ветэранаў Вялікай Айчыннай, непасрэдных удзельнікаў вайны засталося ўсяго 4006 чалавек. Былых вязняў фашысцкіх канцлагераў — 16,2 тысячы. З кожным годам гэтых паважаных людзей, на жаль, становіцца ўсё менш.

Дзень Вялікай Перамогі ў нашай краіне прайшоў пад знакам рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Беларусь памятае”: адбылося ўскладанне кветак і вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску, арганізаваны дзясяткі іншых святочных мерапрыемстваў. 

У абласных гарадах урачыстыя цырымоніі прайшлі каля помнікаў Вялікай Айчыннай вайны, была абвешчана агульнанацыянальная хвіліна маўчання. А завяршылася 

9 Мая на сталічнай плошчы Перамогі запамінальным тэатралізаваным дзеяннем і канцэртам тэлепраекта “Плошча Перамогі-2018”.

У гонар Вялікай Перамогі паўсюдна быў дадзены грандыёзны святочны салют.  

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter