Мировую экономику охватывает жесткая конкуренция

Рэаліі і прагнозы

Усё больш жорсткая канкурэнцыя ахоплівае сусветную эканоміку. У гэтых няпростых умовах усе дзяржавы імкнуцца выпрацаваць стратэгію супрацьстаяння традыцыйным і новым пагрозам і выклікам. Як паказвае практыка, рабіць гэта больш эфектыўна разам. Да таго, сёння міжнародная сітуацыя імкліва мяняецца, і часцей за ўсё яе даволі складана спрагназаваць, заявіў наш Прэзідэнт на адной з нядаўніх нарад па сацыяльна-эканамічных пытаннях.

Адкрытая барацьба за рынкі сыравіны і збыту шырокай наменклатуры прадукцыі ў абыход агульных норм і правілаў на міжнародных пляцоўках, моцныя гандлёвыя і фінансавыя абмежавальныя меры, нацыянальны пратэкцыянізм у прасоўванні ўласных эканамічных інтарэсаў — наогул не ідуць на карысць раўнамернага і гарманічнага развіцця сусветнай эканомікі, пагаршаюць магчымасці для росквіту як асобных краін, так і многіх рэгіёнаў планеты. Сёлета, паводле Bloomberg, сусветная эканамічная гаспадарка поўнасцю адчуе на сабе наступствы гандлёвых войнаў і ўсеабдымных санкцый.

Тым часам, Міжнародны валютны фонд ва ўласным студзеньскім эканамічным аглядзе (World Economic Outlook, WEO) знізіў ацэнку росту сусветнага валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у 2019 годзе з 3,7 да 3,5%. У 2020-м узмацненне гэтага найважнейшага эканамічнага індыкатара ў агульным маштабе чакаецца на ўзроўні 3,6%.

Рост эканомікі Індыі ацэнены сёлета фондам з павышэннем да 7,5%, у 2020-м да 7,7%. Прагноз МВФ для кітайскай эканомікі на 2019—2020 гады застаўся ранейшым — 6,2%. Між іншым, КНР за мінулы год захавала статус другой эканомікі свету — агульны аб’ём яе ВУП выйшаў на вялізныя 13,6 трыльёна долараў. У 2017-м было 12 трыльёнаў. На першым месцы летась, безумоўна, апынуліся ЗША.

Эканомікі краін СНД, паводле падлікаў спецыялістаў гэтай міжнароднай фінансавай установы, пакажуць у бягучым годзе павышэнне на 2,2% (раней было 2,4%), без уліку эканомікі Расіі, паказчык якой пагоршыцца да 1,6%. Што датычыцца развітых дзяржаў, то іх эканамічная прыбаўка ў 2019-м складзе 2%, а ў 2020 годзе — толькі 1,7.

Адносна айчыннай народнай гаспадаркі, МВФ прапануе нашай краіне захады для падтрымкі эканамічнага росту, адзначыўшы шэраг пазітыўных трэндаў развіцця ў мінулым годзе. Эксперты фонду для “скарачэння макраэканамічных праблем і павышэння патэнцыялу росту, рэкамендуюць Беларусі скарыстацца цяперашнім цыклічным аднаўленнем эканамічнага росту і рэалізаваць рэформы”.

Да таго, дзеля перспектыў далейшай стабілізацыі нацыянальнай эканомікі, Беларусь актыўна супрацоўнічае з Сусветным банкам (СБ), іншымі аўтарытэтнымі фінансавымі інстытутамі (Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, Еўразійскім банкам развіцця і іншымі). Так, нядаўна па распараджэнні Прэм’ер-міністра краіны створана міжведамасная рабочая група па арганізацыі сумеснай работы з СБ. Мэта — падрыхтоўка дакумента “Дарожная карта структурных рэформаў у Рэспубліцы Беларусь”.

Днямі галоўным фінрэгулятарам краіны — Нацбанкам — быў падрыхтаваны даклад аб асноўных крыніцах сістэмнай рызыкі ў бягучым годзе, сярод якіх вызначаны наступныя: нізкая эфектыўнасць дзейнасці дзяржаўных прадпрыемстваў, высокі ўзровень знешняга доўгу і спажывецкага крэдытавання насельніцтва, даларызацыя балансаў банкаў, адзначаны некаторыя іншыя важныя пазіцыі.

Разам з тым, як паведаміла БЕЛТА са спасылкай на звесткі Белстата, лічбы з канчатковымі вынікамі па знешнім гандлі Беларусі ў 2018-м чакаюцца са станоўчым сальда. За апошнія гады ў нашай краіне, дзякуючы міжнароднай кан’юнктуры рынкаў і мэтанакіраванай дзейнасці Урада, значна вырас экспарт. У 2017 годзе гэты паказчык павялічыўся на 5,7 мільярда долараў адносна 2016-га, у 2018-м да аб’ёмаў 2017 года мы прыраслі яшчэ прыкладна на 5 мільярдаў. Як вядома, у студзені — лістападзе мінулага года экспарт тавараў і паслуг узняўся ў параўнанні з адпаведным перыядам 2017-га на 16% (да 38,2 мільярда долараў). Знешнегандлёвы абарот айчынных тавараў і паслуг склаў амаль 75,7 мільярда долараў (на 15,7% больш, чым у студзені —лістападзе 2017-га).

Калі браць рэальныя існуючыя грашовыя даходы беларускага насельніцтва, то ў студзені — лістападзе мінулага года яны павялічыліся на 8,4% у параўнанні з падобным адрэзкам 2017 года.

Будзем спадзявацца, што і ў 2019-м наша краіна захавае тэмпы росту ВУП (прагноз па выніках года складае 4%). Па меркаванні міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога, гэта плануецца дасягнуць з улікам росту інвестыцый і нацыянальнага экспарту.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter