Радашковічы: майскія народзіны

АМАЛЬ пяць стагоддзяў таму мястэчка Радашковічы, побач з якім узвышаўся драўляны замак, атрымала статус горада, а неўзабаве і Магдэбургскае права, што давала пэўныя прывілеі. Да паловы ХIХ стагоддзя тут рэгулярна праводзіліся кірмашы.


Упершыню паселішча ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах 1447 года, калі кашталян віленскі Пётр Гедыгольдавіч узвеў касцёл Найсвяцейшай Тройцы, у якім у 1882 годзе хрысцілі хлопчыка Яна Луцэвіча — будучага народнага песняра Янку Купалу. Нямала іншых гучных імён звязана з гэтым багатым на гістарычныя падзеі куточкам Міншчыны, дзе зліваюцца ў адну плынь рачулкі: Вязынка, Гуйка і Рыбчанка. Валодалі мясцовасцю нашчадкі легендарнага Дзмітрыя Данскога, вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца, магнаты Глебавічы, Масальскія, Агінскія, Радзівілы.

Кароль польскі і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падарыў гораду арыгінальны герб, сэнс якога так і не разгадалі геральдысты: на сярэбраным полі выява хрысціянскага першамучаніка святога Стэфана, пабітага камянямі.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Радашковічам давялося расстацца з магдэбургскімі прывілеямі і стаць заштатным горадам Вілейскага павета, а потым цэнтрам воласці Віленскай губерні царскай Расіі.

Пры панскай Польшчы населены пункт выконваў ролю памежнага горада і стаў трэцім па значэнні пасля Вільнюса і Мінска цэнтрам беларускага нацыянальнага адраджэння. Адкрылася Таварыства беларускай школы, дзейнічалі мастацкая студыя Язэпа Драздовіча, прыватная беларуская школа, беларуская гімназія імя Францыска Скарыны, у якой вучыўся і будучы народны паэт Беларусі Максім Танк. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Радашковічы сталі раённым цэнтрам.

У гады Вялікай Айчыннай вайны тут здзейсніў подзвіг легендарны лётчык Мікалай Гастэла, якому пастаўлены помнік. У брацкай магіле пахаваны 133 савецкія воіны, што загінулі пры вызваленні мястэчка. На другім абеліску выбіты 38 імён землякоў, якія не вярнуліся з вайны. Больш як тысяча мірных жыхароў, расстраляных акупантамі, спачываюць у мемарыялах.

Ганчарствам, выпускам высакаякаснай цэглы, цудоўнымі зонамі адпачынку славіцца гарадскі пасёлак Радашковічы Маладзечанскага раёна.

Майстар роспі сукерамікі Наталля СТАСЕВІЧ

У МАЙСКІЯ дні, нягледзячы на парывы снегавых хмар, на вачах зелянеюць дрэвы ў скверах і садах выцягнутага ўздоўж юркіх прытокаў Віліі мястэчка Радашковічы, куды прывяла мяне чарговая вандроўка. Пачаць яе выпала з сустрэчы з мясцовымі старажыламі Аленай Піліпаўнай і яе мужам, якога гаспадыня ласкава называе Павелкам. Франтавік Павел Васільевіч Мароз прыняў шмат віншаванняў са святам Перамогі. Юнаком пачынаў барацьбу з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў партызанскім атрадзе “Грозны” брыгады “Штурмавая”. Народныя мсціўцы дзейнічалі непадалёку ад беларускай сталіцы. Давялося прайсці і франтавымі шляхамі-дарогамі. Малады баец Мароз папоўніў дзясятую дывізію марской пяхоты 2-га Беларускага фронту. Прымаў удзел у вызваленні польскай сталіцы. Ранняй вясною 1945 года ў баях з адступаючымі фашыстамі на подступах да Берліна ад разрыўной кулі атрымаў моцнае раненне і страціў прытомнасць. З поля бою яго вынеслі старшына і санінструктар. Амаль паўгода лячыўся ў ваенным шпіталі ў падмаскоўных Горках. Пасля вайны без правай рукі вярнуўся да бацькоў на радашковіцкі хутар Зосіна. Здранцвелую ад гора маці суседзі і родныя супакойвалі: добра, што жывым застаўся. Многіх землякоў забрала вайна. Прызвычаіўся франтавы інвалід левай рукою ўпраўляцца на хутарской гаспадарцы. Моцна трымаў сякеру, за плугам хадзіў. На вечарыне пазнаёміўся з вясковай дзяўчынай Аленай.

— Сваёй сціпласцю Павелка пакарыў маіх бацькоў, — узгадвае Алена Піліпаўна. – Восенню 1950 года абвянчаліся ў радашковіцкай Свята-Ільінскай царкве, якую пачалі будаваць ў вайну. Вяселле гулялі ў маёй вёсцы Стары Бор. У Радашковічах збудавалі драўляны дом, у якім і зараз жывем. Гаспадарку завялі. Муж уладкаваўся на керамічны завод, а я да выхаду на пенсію выкройвала вопратку ў швейнай майстэрні. Каня і кароўку зусім нядаўна звялі.

 
Старшыня пасялковага Савета дэпутатаў Віктар НЕКАЗАКОЎ
 
Майстар па добраўпарадкаванні ЖКГ Таццяна ЛАСЯКІНА
Выхавалі сыноў Васіля, Валянціна і Уладзіміра. Сталіца не спакусіла іх. Атрымалі прафесіі, жаніліся і жывуць побач. Працавітыя нявесткі Ліля, Люда і Зіна. Разам пятнаццаць сотак агарода абрабляюць. Раней і ў полі бульбу садзілі. У цяпліцы і на градах агародніну вырошчваюць. Радуюць унукі.

ПРАЗ тыдзень вялікая сям’я Мароз будзе адзначаць 92 дзень нараджэння Паўла Васільевіча. Шесцьдзясят сёмы год разам крочыць ён па жыцці з Аленай Піліпаўнай.

Шэсцьдзясят сёмы год разам радашковіцкія ветэраны Алена і Павел МАРОЗ

Наведвае іх старшыня пасялковага Савета Віктар Неказакоў. Клапоціцца пра ветэранаў. Віктар Фёдаравіч са сталіцы пераехаў у Радашковічы і ўзначаліў мясцовую ўладу. Па яго ініцыятыве ўсталявалася традыцыя ў першую суботу восені адзначаць свята гарадскога пасёлка, які стаў родным і для дзясятка армянскіх сем’яў, што амаль трыццаць гадоў таму пераехалі сюды з ахопленых неспакоем каўказскіх мясцін. Бежанцам прадаставілі жыллё і працу. На радашковіцкія святы прыязджаюць дэлегацыі і артысты з гарадоў-пабрацімаў: польскага Каргова і латвійскага Саўлкрасты.

— І мы наведваемся да іх, — адзначае Віктар Неказакоў. — З цікавасцю аглядалі госці багатую выставачную экспазіцыю керамічных вырабаў ААТ “Белмастацкераміка”. Наведвалі цагельны завод, нядаўна адкрытую вытворчасць па выпуску касметыкі, дзе працуе звыш двухсот рабочых. Праблемы працаўладкавання ў нас няма.

Удзельнік тэатральнага гуртка Цэнтра культуры і адпачынку шасцікласнік Віталік АГАЯН

Больш за сто чалавек задзейнічана ў шматпрофільнай бальніцы, пры якой наладжана служба хуткай дапамогі. Пасля заканчэння Маладзечанскага медкаледжа фельчарам працуе на “хуткай дапамозе” Надзея Рабушка, а муж — вадзіцелем. Кватэру купілі. Выхоўваюць сына і дачку.

Пасля атрымання адукацыі моладзь вяртаецца ў родныя мясціны. Пробашч касцёла Найсвяцейшай Тройцы Юрый Быкаў нарадзіўся і вырас у Мінску. Школьныя канікулы праводзіў у роднай вёсцы бацькоў на Вілейшчыне. Спрабаваў сябе ў журналістыцы. Але душа прагла веры. Паўтара гады правіць у храме, дзе 135 гадоў таму хрысцілі маленькага Яна Луцэвіча, які юнаком працаваў пісарам следчага радашковіцкага суда. Недалёка ад касцёла захаваўся мураваны будынак пажарнай каманды, дзе ў жніўні 1913 года ў прысутнасці маладога літаратара Янкі Купалы і прататыпаў герояў была пастаўлена слынная “Паўлінка”. У Цэнтры культуры і адпачынку, якім кіруе Элеанора Саакова, захоўваюцца каштоўныя дакументы пра гэту падзею. У адным з успамінаў адзначаецца, што ”перад спектаклем госці выпілі і ўспрынялі лагодна камедыю. Паспяхова справілася з галоўнай роллю Аляксандра Ліпніцкая”.

Упрыгожваюць Цэнтр культуры і адпачынку дырэктар Элеанора СААКОВА, Руслан ГЛУШКОЎ і Ігар АЛІМБАЕЎ

Пробашч касцёла Найсвяцейшай Тройцы Юрый БЫКАЎ
ТЫМ, што беларускі пясняр хадзіў па радашковіцкіх вулачках, ганарацца ў сярэдняй школе. Малады Купала тут пісаў свае першыя творы. Па традыцыі да бюста паэта, што ўсталяваны на галоўнай вуліцы Радашковіч, прыходзяць сустракаць світанак выпускнікі. У прасторным тыпавым будынку сярэдняй школы вучыцца звыш сямісот хлопчыкаў і дзяўчынак. Сотня выхаванцаў у школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Побач з пасёлкам круглы год прымаюць адпачываючых санаторыі “Брыганціна”, “Зоркавы” і адзін з самых буйных у Беларусі — “Сасновы бор”. Школьнікі на працягу трох летніх месяцаў аздараўляюцца ў сямі дзіцячых лагерах.

Паспяхова развіваюцца вакол Радашковіч фермерскія гаспадаркі. Сям’я сялянскага гаспадара Ігара Пакуша рупліва працуе на зямлі. Вырошчваюць гародніну, бульбу і пастаўляюць як мясцовым, так і сталічным спажыўцам.

Першае і адзінае ў Беларусі прадпрыемства па вырошчванні дэкаратыўных кветак-сукулентаў наладзіў мінскі прадпрымальнік Юрый Агеенка. Па яго ініцыятыве да свята Перамогі рэканструяваны сквер і абеліск, які ўсталяваны мясцовым жыхарам, што загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У скверы замянілі верхні слой зямлі і засеялі газоннай травою, паклалі дэкаратыўную плітку і высадзілі 10 тысяч кветак. Раней у сваёй цяплічцы вырошчвала расаду для ўпрыгожвання пасёлка майстар па добраўпарадкаванні Таццяна Ласякіна, якая мае ганаровае званне “Чалавек года”. Амаль сто работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі падтрымліваюць чысціню і парадак. Пасля кожнага дажджу для ўборкі пяску на крутабокіх радашковіцкіх вуліцах даводзіцца заказваць з Маладзечна спецыяльную аўтамашыну, гадзіна працы якой абыходзіцца ў 60 рублёў.

Намеснік дырэктара школы-інтэрната Таццяна ХАРОШКА з выхаванцамі

Пастаянна ў гарадскім пасёлку падтрымліваецца парадак. Абнаўляюцца старыя дамы. Пустуючы будынак былой паліклінікі выкупіў прадпрымальнік і наладзіў там вытворчасць медабсталявання, якое карыстаецца попытам не толькі ў беларускіх медустановах, але і за мяжой.

БРЭНД не толькі Радашковіч, але і Беларусі — прадукцыя ААТ “Белмастацкераміка”, якое пасля мадэрнізацыі стала самым буйным у рэспубліцы вытворцам керамічных вырабаў гаспадарча-бытавога прызначэння. Для іх характэрна спалучэнне традыцыйнага стылю з сучаснымі метадамі дэкарыравання. 450 рабочых заняты на вытворчасці. Рэнтабельнасць прадпрыемства дасягае амаль дзесяці працэнтаў. Высокія заробкі ў працаўнікоў. Узначальвае прадпрыемства Юрый Кацнельсон.

Трыццаць пяць гадоў распісвае посуд, сувенірную прадукцыю Наталля Стасевіч, якую засталі за працоўным станком. Ад прадпрыемства атрымала трохпакаёвую кватэру, у якой цяпер засталася з малодшым сынам Паўлам, ён марыць пра караблебудаванне. Старэйшыя сын Валянцін і дачка Марына з дыпломамі дызайнераў працуюць у сталіцы.

Фельчар хуткай дапамогі Надзея РАБУШКА з сынам Аляксеем і дачкой Настассяй

Славяцца Радашковічы і адмысловай чырвонай цэглай, якая пастаўляецца не толькі на беларускія будоўлі, а і ў Расію. Каля двухсот рабочых заняты выпускам яе. Раней працавалі два заводы, але на пачатку новага тысячагоддзя адзін закрыўся. Звольненыя падаліся ў сталіцу ў пошуках працы. У складаны час узначаліў прадпрыемства Алег Нішчанка і паступова вывеў яго з крызісу. Без банкаўскіх пазык за свае сродкі мадэрнізавалі тэхналагічнае абсталяванне, і цяпер ААТ “Радашковіцкі цагельны завод” лідзіруе ў галіне. Моладзь актыўна папаўняе калектыў. Слесарам працуе Арцём Раманчык. Жонка яго Сняжана — кладаўшчыком у бальніцы. Жывуць у завадскім інтэрнаце. Мараць займець кватэру.

За апошнія два гады ў пасёлку пабудавана чатыры саракакватэрныя дамы. Сёлета плануецца пачаць будаўніцтва яшчэ аднаго дваццацікватэрнага. Чарга на жыллё вялікая. Прыпынена выдача льготных крэдытаў, і маштабы будаўніцтва скараціліся. Для жадаючых будавацца праводзяцца аўкцыёны па продажы сядзіб. Сярэдні кошт стандартнага ўчастка каля шасці тысяч долараў. У мінулыя гады ўсё раскупалася. З-за недахопу сродкаў знізіўся попыт. Няма пустуючых участкаў у навакольных вёсках. Жыхары сталіцы аблюбавалі радашковіцкія мясціны, да якіх зручна забірацца.

Выпускны клас і настаўнікі Радашковіцкага вышэйшага пачатковага вучылішча, 1910 год

Колькасць насельніцтва ў Радашковічах павялічваецца. Моладзь знаходзіць сабе занятак. З шасці тысяч жыхароў амаль трэцяя частка — маладыя сем’і. Летась нарадзіліся 78 немаўлят. Два дзіцячыя садзікі перапоўненыя выхаванцамі. Пашыраецца, прыгажэе старажытнае мястэчка.

Маладзечанскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter