"Мы i балгары добрая пара"

Нядаўна група кіраўнікоў мясцовай “вертыкалі” сумесна з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў рэспублікі наведала з сяброўскім візітам Балгарыю. Сярод членаў дэлегацыі быў і старшыня Бабруйскага гарвыканкома Міхаіл Бандарэнка. Карэспандэнт “Р” папрасіў яго падзяліцца ўражаннямі аб гэтай паездцы. — У горадзе Бургасе, — адзначыў Міхаіл Рыгоравіч, — адбылася, так бы мовіць, першая афіцыйная сустрэча, у якой прынялі ўдзел мы, прадстаўнікі ўрада Балгарыі, а таксама пасол нашай рэспублікі ў гэтай краіне Пятроў. Канешне, перш-наперш гаворка ішла пра эканамічнае супрацоўніцтва. Яно развіваецца хуткімі тэмпамі. Аб гэтым сведчыць і тавараабарот, які дасягнуў 40 мільёнаў долараў, удвая перавысіўшы ўзровень 2001 года. Наша краіна прадала балгарам 500 трактароў. Аднак гэта далёка не мяжа. Бакі прыйшлі да вываду, што супрацоўніцтва можа быць куды больш плённым. І не толькі ў эканамічнай, але і ў культурнай, спартыўнай і іншых сферах. Гэта знайшло адлюстраванне ў прынятай на сустрэчы рэзалюцыі. Затым члены дэлегацыі раз’ехаліся па гарадах-пабрацімах. Мой шлях ляжаў у Сяўліева, з якім у нас даўнія і трывалыя сувязі. На гэты раз я прыехаў у будні дзень. А гэта значыць, з’явілася магчымасць наведаць некалькі прадпрыемстваў і скласці пэўнае ўяўленне аб стане прамысловасці горада (у паездцы суправаджаў сяўліеўскі мэр Іўка Іўкаў). Павінен адзначыць, што працуе яна даволі стабільна. Падсілкоўвае замежны капітал. За апошнія пяць гадоў у эканоміку горада з 30-тысячным насельніцтвам паступіла 220 мільёнаў долараў інвестыцый. Невыпадкова ён увайшоў у пяцёрку лепшых балгарскіх гарадоў па гэтаму паказчыку. На той жа завод сантэхабсталявання, дзе працуе дзве з паловай тысячы работнікаў, прыйшоў амерыканскі капітал. На суседнія прадпрыемствы – нямецкі і шведскі. Працуе эканоміка – працуюць усе астатнія сферы. Гэта адчувалася і па стану горада, настроі гараджан, якія з аптымізмам глядзяць у будучае. Наша сяброўства было і застаецца. Мы дамовіліся з кіраўніцтвам, што на фестываль славянскага пісьменства, які неўзабаве адбудзецца, адправяцца мастацкія калектывы з нашага горада, а на фестываль “Вянок дружбы”, які пройдзе летам у Бабруйску, прыбудуць спевакі і музыканты з Сяўліева. Гэткія кантакты, як адзначалася, на карысць абодвум гарадам-пабрацімам. Наколькі яны будуць актыўнымі, ад нас саміх і залежыць. Канешне, не ўсюды так, як у Сяўліеве. Хапае яшчэ заводаў, якія прастойваюць, палеткаў, да якіх даўно не дакраналася гаспадарская рука, шмат іншых праблем. Балгарскія сябры ў пошуку, але, несумненна, яны свой шлях знойдуць. Цікавай была сустрэча з членамі заканадаўчага сходу турэцкага горада Малкары, якія таксама наведалі Сяўліева. Думаю, у першую чаргу для саміх туркаў. Яны шмат даведаліся пра нашу рэспубліку. Так, мэр Малкары Кескін распытваў пра Хатынь, пра іншыя спаленыя фашысцкімі захопнікамі вёскі, быў узрушаны тым, што кожны чацвёрты беларус загінуў у вайну. Я расказваў Кескіну пра Бабруйск цяперашні, а мой калега – пра Малкару. Ён прапанаваў наведаць іхні горад для падпісання дагавора аб дружбе і супрацоўніцтве – фактычна аб пабрацімстве. Такія сустрэчы, як мы пераканаліся, вельмі карысныя, асабліва ў плане развеяння міфаў пра закрытасць нашага грамадства. Трэба арганізоўваць іх часцей, каб і на іншых паглядзець, і сябе паказаць. Ну і не забываць пра эфектыўнасць, палітыку і эканоміку. А ў цэлым ад паездкі засталося прыемнае ўражанне. Нас усюды гасцінна сустракалі, балгарскі “клімат” вельмі нагадваў наш родны, беларускі. Таму, развітваючыся з балгарскімі сябрамі, мы казалі не “да пабачэння”, а “да новых сустрэч” — цяпер ужо на нашай беларускай зямлі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter