Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Сябры суполкі “Голас Радзімы”, што дзейнічае ва ўкраінскім горадзе Мікалаеве, зладзілі канцэрт з падарункамі для жыхароў гарадскога прытулку

Прыемна радасць падарыць

А ці ведалі вы, што прычарнаморскі Мікалаеў, аказваецца, — адзіны з гарадоў, названы якраз у гонар хрысціянскага святога Мікалая, епіскапа з Мір Лікійскіх? Так, у прыватнасці, сцвярджае аўтар і складальнік цікавай кнігі “Святой Николай Чудотворец. Факты, предания, современность” Ігар Кісараў, вялікі сябар і дарадца беларусаў Мікалаева. Ну а тое, што якраз гэты святы славіўся дабрачыннасцю, паслужыў правобразам для Санта Клауса — мяркую, многія ведаюць. І беларусы горада суднабудаўнікоў ужо й самі не раз пераконваліся: прыемна дарыць людзям радасць.

Беларусы Мікалаева з дырэктарам прытулку

Пад Новы год нам пісала Таццяна Дзяменнікава, стваральніца й кіраўніца Мікалаеўскага абласнога нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў “Голас Радзімы”. Павіншавала “любімую газету” і яе стваральнікаў, чытачоў з Калядамі, Новым годам, Раством. Даслала фотаздымкі, кароткую інфармацыю пра перадкалядную акцыю суполкі. З яе вынікае, што 23 снежня актывісты наведалі Мікалаеўскі гарадскі прытулак для грамадзян пажылога ўзросту, інвалідаў. Віншавалі ўсіх са святамі, падарылі жыхарам салодкія і музычныя падарункі: “Спявалі ў асноўным беларускія песні — народныя, лірычныя, сучасныя, жартоўныя, а таксама ўкраінскія песні-“шчадроўкі”. Танчылі “Лявоніху”. Нас так цёпла, душэўна прымалі! Прыемна было пачуць шчырыя словы падзякі, бачыць усмешкі на тварах людзей. І як жа гэта прыемна: дарыць людзям дабро, радасць!”

Па спасылцы, дасланай Таццянай, паглядзеў у нэце рэпартаж Наталлі Якабсан для тэленавін Мікалаеўшчыны, пад назвай “Благодійність білорусів Миколаївської області”. З яго бачна, што ініцыявалі акцыю ўдзельнікі нядаўна створанага хору “Родныя напевы”, у складзе якога спяваюць этнічныя беларусы. Першымі яго слухачамі сталі якраз жыхары прытулку. Прыехалі ж супляменнікі парадаваць людзей і песнямі, і падарункамі — цукеркі, пячэнне, садавіну набылі за ўласныя сродкі. А “голова Тетяна Деменнікова” ў сюжэце кажа: “Галоўны дэвіз нашай суполкі — рабіць людзям дабро. Прыносіць радасць. І мы сёння атрымалі вялікае задавальненне, калі пабачылі, што людзі ўсміхаюцца, што ў іх свецяцца вочы. Мы хочам і надалей пры дапамозе беларускай культуры рабіць людзям дабро”.

У рэпертуары хору пакуль што каля 15 вакальна-танцавальных нумароў, і ўсе — пад гармонік. Ёсць і шчадроўкі, калядкі, украінскія народныя песні ў перакладзе на беларускую мову. З вядомых кампазіцый тэлевізійшчыкі паставілі ў эфір такі сінхрон: “А я лягу-прылягу/ Край гасцінца старога: Я здарожыўся трошкі,/ Я хвілінку пасплю”. А як сардэчна вітаюць у прытулку артыстаў яго жыхары! Там іх каля 40: засталіся ў свеце адны, і таму ім патрэбна дапамога, догляд лекараў. Сярод іх 80-гадовая Ала Зіноўева, якая два гады таму страціла адзінага сына, змушана была перасяліцца ў прытулак. Канцэрт, кажа, яе вельмі расчуліў, бо беларуская мова ёй — не чужая: “Мне так прыемна было пачуць беларускую мову! Бо мой дзядуля — беларус, быў родам з Палесся, з ранейшай Пінскай вобласці. Мой тата не забываў, адкуль яго карані, быў доўгажыхаром: пражыў больш за сто гадоў”. Мяркую, пра такога цікавага чалавека сябры з Мікалаева яшчэ раскажуць нам падрабязней. І што ініцыятыву беларусаў, якую высока ацаніла старшыня праўлення Савета нацыянальных таварыстваў Мікалаеўскай вобласці Лаліта Каймаразава (напісала яна пра тое на старонцы Савета у Фэйсбуку), падхопяць іншыя этнасуполкі Мікалаеўшчыны.

Голас Радзімы № 2 (3554), чацвер, 11 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter