Газеце беларусаў Латвіі споўнілася 20 гадоў

“Прамень”– выданне на роднай мове

Першы нумар газеты “Прамень” пабачыў свет напярэдадні 1995-га. Лютавала зіма. Былі і палітычныя завіхрэнні першых дзён латвійскай незалежнасці, якія прывялі да рэзкага пагаршэння становішча нацменшасцяў. Паміж Беларуссю і Латвіяй паўстала мяжа. Стала менш сувязяў з этнічнай радзімай, інфармацыі з Бацькаўшчыны амаль што не было. Каб абараніць свае інтарэсы, беларусы ядналіся ў суполкі. Патрэбна была газета. Прычым на роднай, беларускай мове. Ініцыятары яе стварэння меркавалі: яна дапаможа суродзічам і з рэгіёнаў Латвіі яднацца, будзе інфармаваць пра жыццё ў Беларусі.

Л. Шакавец (крайні справа) на выставе “СМІ ў Беларусі”
Л. Шакавец (крайні справа) на выставе “СМІ ў Беларусі”

І збылося жаданае. Хоць не ўсім, скажу шчыра, падабалася, што выходзіць “Прамень” па-беларуску. 
Але з вышыні гадоў бачна: такое рашэнне было правільным. Газета вельмі паспрыяла росквіту, шырокаму прызнанню і аўтарытэту беларускай дыяспары, найперш Саюзу беларусаў Латвіі, у якога цяпер моцнае кіраўніцтва, дакладная праграма дзейнасці і нават ёсць прадстаўнік у вышэйшым дзяржаўным органе краіны — Сэйме.

Сцвярджаць актыўную прысутнасць у грамадскім жыцці Латвіі беларускай нацыянальнай меншасці 
ніколі не было лёгка. Часам суполкам даводзілася проста выжываць, пытанне стаяла: быць ні не быць? 
Але мы не апускалі рукі. Галоўнымі для аўтараў, актыву рэдакцыі сталі тэмы культуры ў розных яе праявах. Мы трымаліся думкі: менавіта яна станоўча ўплывае на атмасферу ў суполках, фарміруе яе.  

Да таго ж культура, на што газета звяртала ўвагу, гэта і сродак выхавання чалавека-па-трыёта, клапатлівага сем’яніна, асобы творчай і духоўна багатай. І як тут не згадаць словы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі: “Усё нам патрэбна, але гэтае “ўсё” можа стварыць толькі чалавек высокакультурны, адукаваны”. Таму ўсе важнейшыя падзеі ў жыцці таварыства “Прамень”, а цяпер і ў Саюзе беларусаў Латвіі, адлюстроўваюцца ў газеце. І не толькі справаздачна: аўтары аналізуюць культурныя акцыі, робяць высновы, акрэсліваюць задачы і шляхі іх вырашэння на перспектыву.

Не кожны наш чытач мог пабываць на ўсіх канцэртах, фэстах, якія ладзілі беларускія мастацкія гурты. Таму мы пісалі, што і дзе, як прайшло. Гартаеш нумары газеты і бачыш, як прыгожа, падрабязна, са здымкамі падаюцца матэрыялы пра культурныя падзеі з гарадоў Латвіі. Цэлы нумар расказвае, як праходзіў фестываль “Латвіяс вайнагс”, ці, скажам, падобнае мерапрыемства ў Вентспілсе. Пісалі мы пра танцавальна-песенныя імпрэзы ў Вільні, Таліне. Справаздача пра першы Міжнародны фестываль беларускай песні ў Рызе — амаль на ўсе старонкі “Праменя”, за што аўтары пачулі шмат добрых слоў. З цікавасцю і цяпер чытаюцца тэксты з Гродна, дзе праходзіў заключны этап пятага Фестывалю нацыянальных культур, у якім удзельнічаў беларускі гурт “Надзея” з Рыгі. Мы падалі матэрыял жыва, з 
нюансамі — каб чытач быццам сам стаў удзельнікам свята на берагах Нёмана.

Ішлі гады. Калі газеце было 10 гадоў, юбілей адзначылі ў Мінску, у Доме дружбы. Афіцыйныя асобы, грамадскія дзеячы высока ацанілі газету, яе курсу. Былі і крытычныя заўвагі, выказваліся спадзяванні, што газета набярэ і вагу ў грамадстве, і тыраж. Што зроблена і што яшчэ наперадзе — пра тое ішла размова на ўрачыстасці ў гонар 15-годдзя выдання. І вось газе-це ўжо 20. Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло 15 лістапада ў Белай зале Рыжскага Латышскага таварыства. Павіншаваць нас з юбілеем прышлі многія прыхільнікі беларускага руху ў Латвіі, сябры і паплечнікі з грамадскіх суполак многіх нацменшасцяў Рыгі, прадстаўнікі пасольстваў Беларусі і Расіі ў Латвіі.

Мы рады, што “Прамень”, выжыўшы ў нялёгкай жыццёвай барацьбе, атрымаў прызнанне ў розных краінах, што газета застаецца сімвалам годнасці беларусаў, нясе святло, мір, згоду ў грамадскае жыццё. Ды і сам “Прамень” цяпер — важная частка жыцця беларускай супольнасці. Мяркую, наш прыклад натхняе і суайчыннікаў з іншых краін на выданне сваіх газет. Што ж, рабіць выданне на грамадскіх 
пачатках — справа нялёгкая, але ж і вельмі патрэбная. Каму спатрэбіцца досвед, можам сустрэцца, пагутарыць, асвятліць “Праменем” дарогу наперад. 

Ад рэдакцыі. далучаемся да віншаванняў, якія атрымліваюць калегі з рыгі. Жадаем “Праменю” і надалей заставацца люстэркам жыцця суродзічаў у латвіі, мацаваць беларуска-латышскае сяброўства, у якога багатая гісторыя. ваша падзвіжніцкая дзейнасць, паважаныя калегі і актывісты беларускіх суполак, па-сапраўднаму сонечная, прамяністая. бо не туга і настальгія, а жаданне самарэалізавацца ў творчасці, быць карыснымі для бацькаўшчыны даюць вам жыццёвыя сілы для працы.

Лявон Шакавец, 
галоўны рэдактар газеты “Прамень
Фото Iван Ждановiч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter