I бясплатны Wi-Fi
Вакзал — першае, што бачаць госці. Выходжу з маршруткі, і вочы слепіць свежапафарбаваны будынак аўтастанцыі. Унутры яшчэ кіпіць праца, але карціна ўжо ясная: савецкі стыль выціснулі сучасныя дызайнерскія рашэнні. На ўсё пра ўсё прыйшлося выдаткаваць каля 600 тысяч рублёў. Што грошы пайшлі па прызначэнні, відаць адразу: фасады з новай тынкоўкай, унутры дарагое «начынне», мяняецца і тэрыторыя вакол.
— Давай, заводзь машыну! — рабочыя ў яркіх камізэльках, відаць, не адрываюцца на частыя перакуры. Час падціскае, а яшчэ трэба замяніць асфальт.
Побач зіхаціць чысцінёй чыгуначны вакзал. Крочу па новай плітцы і разглядаю ўсё вакол: ля перона людзі прысаджваюцца на новыя лаўкі, электрыкі наладжваюць асвятленне арыгінальных ліхтароў. Моладзь бавіць час у смартфонах — Wi-Fi бясплатны. Дарэчы, на ўпрыгожванне вакзала звонку і ўнутры пайшло больш за 300 тысяч рублёў, і не дарэмна: такую прыгажосць будуць штодзень бачыць, як мінімум, пяць тысяч пасажыраў.
Новыя вароты горада
У Полацку 1 верасня сустрэнуць шмат замежных гасцей: дыпламатаў, пісьменнікаў, звычайных турыстаў. Трохдзённы ўік-энд у нас правядуць жыхары Германіі, краін Прыбалтыкі, прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў. І, вядома ж, бліжэйшыя суседзі — расіяне. Для іх і не толькі цалкам перайначылі ўезд у горад. Пад’язджаем да вуліцы Зыгіна, тут літаральна гарачы асфальт — кладуць ужо трэці, фінальны пласт. Размаўляю з дарожнікам.
— Сам не мясцовы, але часта па гэтай дарозе катаўся. Калі трапляў у час пік, то бяда — жудасныя заторы. Усе ціснуліся: легкавушкі, фуры. А зараз двухпалоснiк пашырылі ўдвая, — змахвае пот Мікалай Карась. Стаміўся, але трымаецца: спякота сышла, працаваць лягчэй.
На доўгачаканую рэканструкцыю ўезда ў горад спатрэбілася 2 мільёны рублёў.
Фота Артура ПРУПАСА
Абноўцы ўзрадуюцца не толькі вадзіцелі аўто: тут з’явіліся прасторныя тратуары і веладарожкі. Колькі грошай спатрэбілася на ўсю гэтую раскошу, папярэдне падлічыў Сяргей Лейчанка, першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама:
— На доўгачаканую рэканструкцыю ўезду ў горад спатрэбілася
2 мільёны рублёў. На Палац культуры выдаткавана больш за 1,2 мільёна. Але і гэта не ўсё — абноўлена 340 аб’ектаў. Гэта больш, чым было першапачаткова запланавана. Акультурылі гістарычныя помнікі, сацаб’екты, двары і фасады жылых дамоў.
Назад у мінулае
Двухгадзінны праменад па горадзе, і ў памяці тэлефона з’явіўся гігабайт свежых фотаздымкаў. Здымала ўсё, бо надта спадабаліся ціхія маляўнiчыя полацкія вулачкі. А вось у будынках, дзе працуюць работнікі сфер культуры і адукацыі, шматлюдна і шумна. Тут поўным ходам ідзе падрыхтоўка да свята.
Ніткай у іголку спрытна трапляе Людміла Мацюшчэнка. Майстар і педагог хіміка-тэхналагічнага каледжа робіць апошнія шыўкі, пакуль я разглядаю ўжо гатовыя работы.
У Полацку знайсці Сафійскі сабор не складана. Нават школьнікі ведаюць: адзін з найбуйнейшых культурных помнікаў размешчаны на набярэжнай Заходняй Дзвіны.
— Працуем, як знакамітыя дызайнеры перад выхадам новай калекцыі, — дні і ночы напралёт. Вырабляем касцюмы, як у дружыны князя XII стагоддзя. Эскізы малявалі па архіўных дакументах, шылі з натуральных тканін. Хочаце прымераць?
Мне ўручаюць скрутак. Апранаюся ў доўгую кашулю, штаны, зверху — вышываны пояс. Абавязковы атрыбут — кісеты для захоўвання дробных рэчаў. Амаль усё выраблена з мяккай ільняной тканіны. Грубыя абрэзкі выкарыстоўвалі для абутку — надзяваю нешта накшталт ботаў.
З эпохі Сярэдневякоўя ў рэальнасць мяне вяртаюць юныя ўмельцы. Школьнікі натхніліся духам свята і таксама ўнеслі сваю лепту — вырабілі дакладныя копіі галоўных славутасцей горада ў мініяцюры. Маштаб 1:30. Зазіраю ў клас гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны. Дзеці працуюць у поце чала. І так, кажуць, цэлы год.
— Пазнавальны гэты занятак, хоць і ювелірны, — дзевяцікласніца Яна Курто перадае фарбы і пэндзлік малодшай памочніцы, сямігадовай Машы. Сама прымаецца за «ўстаноўку» званоў. Менавіта такія красуюцца на знакамітым Богаяўленскім саборы: толькі ў мініяцюры не з бронзы, а са звычайнай гліны. Галоўнае, што і адны, і другiя звоняць.
Гуляць дык гуляць
Гэты і яшчэ дзясяткі макетаў прадставяць гледачам на свяце. Разглядаю сапраўдны міні-гарадок: тут ёсць усё, што дзясяткі гадоў нязменна вабіць турыстаў. Зроблена, безумоўна, і візітка Полацка — Сафійскі сабор. Адной мініяцюры для шчасця мала — іду паглядзець на ўнікальны старажытны храм у поўную велiчыню. Знайсці яго не складана. Нават школьнікі ведаюць: адзін з найбуйнейшых культурных помнікаў размешчаны на набярэжнай Заходняй Дзвіны. А прырода там — проста любата!
Дзясяткі прыступак лесвіцы, і я на вышыні. Побач з велізарным саборам адчуваю сябе мурашкай. Затое, калі гляджу ўніз, дух захоплівае ад лёгкага адчування нейкага палёту. Неўзабаве супакаенне і цішыню парушаюць крыкі будаўнікоў. Яны ўносяць апошнія штрыхі ў выгляд старажытнага будынка.
1 верасня ў рэгіёне сустрэнуць шмат замежных гасцей: дыпламатаў, пісьменнікаў, звычайных турыстаў.
Разам са шпаклёўшчыкамі і малярамі сінхронна працуюць электрыкі. Майстар Леанід Шук ненадоўга спыняецца і дзеліцца, чым так моцна захоплены:
— Тут будзе вялікая пляцоўка, шмат людзей. Падчас свята адкрыецца памятны знак «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці». Працуем, каб усё прайшло шыкоўна. А гэта не адзін метр часовай праводкі трэба пракласці — і гук, і святло забяспечыць.
Дарэчы, такіх пляцовак у Полацку ўстановяць шмат. Распрацавана насычаная культурная праграма і забаўляльная. Гандлёвыя палаткі разгорнуцца на ўсіх цэнтральных вуліцах. Будзе відовішчна: лазернае шоу, гістарычная рэканструкцыя, тэатральныя пастаноўкі, фестываль нацыянальнай кухні, кірмашы сувеніраў... Пералічваць можна доўга.
Арганізатары заўважаюць ці то жартам, ці то ўсур’ёз: калі дэталёва распісаць праграму трохдзённага свята дробным шрыфтам, «брашуру» трэба друкаваць на двухметровым аркушы. Кожны госць павязе са свята сваё, адрознае ад іншых прыемнае ўражанне. Полацк запрашае!
ypopko@bk.ru