Пазiтыў ад майстра

В Иваново открылась персональная выставка обозревателя "СБ" Олега Карповича

Пачатак апошняга летняга дня. Побач з уваходам у будынак «Дома прэсы» сустракаю святочна апранутага мастака Алега Карповiча. Ён у вышыванай кашулi i саламяным капелюшы, як i заўсёды, у клопатах. Пераносiць у рэдакцыйны аўтамабiль аформленыя малюнкi. Тры дзясяткi твораў, якiя складаюць выставу, адправяцца разам з аўтарам на Брэстчыну, у Iванава — на Дзень беларускага пiсьменства.



Удзельнiкi традыцыйнага свята i ўсе жадаючыя змогуць пазнаёмiцца з творамi Алега Карповiча, якiя звязаны з беларускай культурай, лiтаратурай, з вобразамi айчынных пiсьменнiкаў i паэтаў.

Упэўнены, што не ўсе нашы лiтаратары асабiста ведаюць мастака Карповiча. Ён жа — ведае амаль усiх, бо неаднойчы маляваў iх партрэты, сяброўскiя шаржы, iлюстрацыi да iх твораў.

Выстава называецца «Беларусы Аrt–пазiтыў». У яе склад уваходзяць сяброўскiя шаржы на вядомых лiтаратараў i карыкатуры. Як па мне, то вялiкай рознiцы памiж шаржамi i карыкатурамi ў выкананнi Алега Карповiча няма. I шаржы прымушаюць усмiхацца, i карыкатуры, бо ўсе малюнкi — пазiтыўныя. Зразумела, што мастак i ставiў перад сабой менавiта такую задачу — стварыць яркiя i запамiнальныя вобразы, зразумелыя ўсiм гледачам: дарослым, дзецям, настаўнiкам, паэтам, вяскоўцам i жыхарам вялiкiх гарадоў.

Усё, што робiць мастак, здаецца неверагодна лёгкiм, элегантным i простым. Быццам намаляваным на адным дыханнi, тут i цяпер. Але за гэтай лёгкасцю вялiкая i доўгая праца. Дзясяткi, а часам сотнi накiдаў, эскiзаў i варыянтаў тэмы. Часам у самы апошнi момант Алег нешта папраўляе i ўдасканальвае, дадае нейкiя толькi яму вядомыя i зразумелыя дэталi. А таму кожная выстава — вынiк шматгадовай працы. Пошукi i няўдачы на шляху да дасканалай яснасцi i лёгкасцi.

Алег Карповiч лiчыць, што мастацтва павiнна аб’ядноўваць, а не дзялiць людзей на сваiх i чужых, таму i шукае ў вобразах герояў сваiх малюнкаў найлепшае i яркае, а не адмоўнае.

«Мова малюнка, як гэта не дзiўна, павiнна быць беларускай. Справа ў тым, што каб зразумець малюнак — перакладчык не патрэбны. Але чалавек з iншай краiны, якi будзе глядзець на партрэты Якуба Коласа, Алаiзы Пашкевiч, Максiма Багдановiча, Раiсы Баравiковай павiнен адчуваць, што гэтыя лiтаратары — беларусы. Такую я ставiў сабе задачу, калi задумваў гэтую выставу. Менавiта ў гэтым яе рознiца ад папярэднiх. Ад тых, што адбывалiся ў Дзяржаўным мастацкiм музеi, Доме кiно i на iншых пляцоўках. Вось што яшчэ хачу сказаць. У селянiна на далонi зерне. У паэта ў руках верш. У мастака — малюнак... Але ўсе мы — цаглiнкi адной вялiкай справы. Мы ўсе будуем наш агульны беларускi дом! I трэба, каб ён быў утульны, светлы i гасцiнны!» — сказаў мастак Алег Карповiч, сцiпла ўсмiхнуўся i паправiў свой саламяны капялюш.

Упэўнены, што ўсё сказанае майстрам напярэдаднi персанальнай выставы на свяце беларускага пiсьменства, а галоўнае — зробленае iм, бу-дзе цiкава i зразумела гледачам. Яны адчуюць радасць i хваляванне, i шчырасць мастакоўскага выказвання, зробяцца прыхiльнiкамi яго таленту.

ladzimir@tut.by Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор фото: Владимир ШЛАПАК
3.3
Новости