Імя мастака з Палесся Аляксея Кузьміча занесена ў вядомую Кнігу рэкордаў

Пакланенне прыгажосці

Імя мастака з Палесся Аляксея Кузьміча занесена ў вядомую Кнігу рэкордаў

Здзіўляцца ёсць чаму: не часта мастакі трапляюць у рэкардсмены за шматгадовую і плённую вернасць ідэі, творчаму крэда. Зрэшты, “дзіва” таленавітага ўраджэнца вёскі Мохра Іванаўскага раёна, якога не стала ў 2013-м, можна акрэсліць і так: “Тым пацвярджаецца, што мастак Кузьміч Аляксей Васільевіч (Рэспубліка Беларусь) за 30 гадоў творчасці напісаў 700 (семсот) жывапісных палотнаў з вобразам Мадонны, што з’яўляецца сусветным рэкордам”. Такі дыплом атрымаў напрыканцы года сын мастака Аляксей Кузьміч-малодшы ад Кнігі рэкордаў Расіі, краін СНД і Балтыі “ДИВО”. Дыплому знайшлося месца і на выставе мастака-жывапісца “Акрылены Мадоннамі” ў Доме Масквы ў Мінску.

На выставе карцін Аляксея Кузьміча “Акрылены Мадоннамі” ў мінскім Доме Масквы. Фота: Іван Ждановіч

Выстава прэзентавалася напярэдадні Раства Хрыстова — таго вялікага хрысціянскага свята і таінства, дзякуючы якому, пэўна, і стаў магчымы такі духоўна-культурны фенамен, як Мадонна. Слова, дарэчы, у перакладзе з італьянскай мовы азначае: мая спадарыня. Гэта адно з імёнаў святой Дзевы Марыі.

Чаму абраў такі творчы шлях нашчадак старажытнага шляхецкага роду? Мастаку, які нарадзіўся менш чым праз месяц пасля вайны — 1 чэрвеня 1945 года — давялося шукаць у жыцці падтрымку, апору. “Калі хлопчыку было паўтара года, памёр яго бацька: скарацілі жыццё раненні, атрыманыя на франтах Вялікай Айчыннай, — чытаем на сайце kuzmicha.narod.ru , прысвечаным жыццю і творчасці мастака. — Маці, Аляксандра Максімаўна, адна выхавала семярых дзяцей, у спадзяваннях на працу, Бога і добрых людзей. Сёстры захапляліся рукадзеллем. Нягледзячы на цяжкасці жыцця, у доме часта гучала песня”. Пэўна, тады яшчэ душа палескага хлопчыка пацягнулася да святла, а потым і ў мастацтве ягоным праявілася шчырае пакланенне таму лепшаму, што ёсць у жанчыне: самаахвярнасці, чысціні, прыгажосці. І ўвогуле: “жыццё цудаўнае, па сутнасці, дзякуючы маці”. Так мудра гаварыла на прэзентацыі выставы адна з прыхільніц творчасці Майстра. Яшчэ згадвалася, што ён напісаў каля 1000 вобразаў мадоннаў, але сляды не ўсіх карцін удалося знайсці: яны разышліся і па шматлікіх музеях, і па прыватных калекцыях.

Вобразы мадоннаў — гэта магчымасць для кожнага з нас падняць вочы да Неба. І таму сімвалічна, што цяпер імем беларускага мастака Аляксея Кузьміча названая… адна з Галактык. На ўрачыстасці ў Доме Масквы такі сертыфікат прадставіў сябар мастака — вядомы кінааператар, рэжысёр, сцэнарыст, старшыня прадзюсарскага цэнтра Universe Юрый Елхаў.

“Для мяне як мастака сцвярджэнне прыгажосці, Божага ў чалавеку ёсць сэнс майго жыцця і творчасці”, — гаварыў Аляксей Кузьміч. Каб ушанаваць памяць пра Майстра, прадаўжаць пачатае ім служэнне высокім ідэалам, Аляксей Кузьміч-малодшы рыхтуе вялікую кнігу пра бацьку. Хоча рэалізаваць і даўнюю мару мастака: узвесці Храм Мадонны, напоўніць яго святлом і карцінамі.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter