Шмат легенд звязана з імем Заіра АЗГУРА і гісторыяй яго твораў

Паэт у скульптуры

15 студзеня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Заіра Азгура — народнага мастака БССР і СССР, славутага партрэтыста ХХ стагоддзя. Напярэдадні памятнай даты мы зазірнулі ў яго былую майстэрню, цяпер мемарыяльны музей, каб успомніць выдатнага скульптара сярод маўклівых сведак яго жыцця і творчасці.

Гузік правадыра
Заір АЗГУР

Новую майстэрню для Азгура пабудавалі ў Мінску ў 1984-м. Заір Ісакавіч любіў працаваць тут, прызнаваўся, што ў гэтых сценах у яго ўзнікае адчуванне роднага дома. Сюды ён прыходзіў штодзень на працягу 11 гадоў і стварыў тут больш за 50 работ. А за ўсё жыццё — каля паўтары тысячы скульптур. Больш за 400 з іх захоўваюцца ў музеі. Усе перададзены ў дар, такім быў наказ майстра.

Дзве вялізныя выявы Леніна і Маркса сустракаюць наведвальнікаў ва ўваходнай зоне. Рэдкі выпадак: манументальная пластыка — унутры залы. З 1980-га яны знаходзіліся на вуліцы Карла Маркса каля будынка ЦК КПБ, цяперашняй Адміністрацыі Прэзідэнта. А ў пачатку 1990-х, пасля распаду СССР і кампартыі, вярнуліся ў майстэрню свайго аўтара. 

Цікавая і гісторыя помніка Сталіну. Пасля вайны над яго стварэннем працавалі чатыры вядомыя скульптары — Азгур, Бембель, Глебаў і Селіханаў. 40-тонны 10-метровы манумент, умацаваны ў зямлі сталёвымі рэйкамі, знаходзіўся на плошчы імя Сталіна, цяперашняй Кастрычніцкай, да 1962 года. Пасля развянчання культу асобы быў дэманціраваны. Усяго за адну ноч. І знік бясследна. Ці то пераплавілі, ці то закапалі, невядома дасюль. Але, кажуць, Азгур прысутнічаў пры дэмантажы яго твора. І быццам адзінае, што паспеў выратаваць, — гіганцкі бронзавы гузік з выявы правадыра. Аднак навуковы супрацоўнік Мемарыяльнага музея-майстэрні З.І. Азгура Ганна Сінілава ўпэўнена, што гэта не больш чым легенда, бо, зыходзячы з памераў помніка, проста падняць і перанесці гузік такіх габарытаў нерэальна.

Яшчэ адна гісторыя звязана з партрэтнай статуяй Сталіна. Яе ў 1960-я планавалі ўстанавіць у мінскім ГУМе. Але не паспелі. Па легендзе, дзякуючы менавіта гэтай скульптуры Азгур і Сталін асабіста пазнаёміліся. Маўляў, партрэт «бацькі народаў», зроблены майстрам па фатаграфіі, не спадабаўся аднаму з памочнікаў правадыра, ён назваў яго занадта пампезным — Сталін сядзіць у крэсле, як на троне. Сам жа Сталін працу, наадварот, ухваліў, пасля чаго нібыта і запрасіў Азгура ў Маскву і дазволіў ляпіць сябе з натуры ў працоўным кабінеце падчас нейкага паседжання.

Вучыся, студэнт

Адна з самых вядомых работ Заіра Азгура — створаны ў 1972 годзе помнік-ансамбль Якубу Коласу і героям яго літаратурных твораў у Мінску. Ляпіць пісьменніка скульптар любіў і рабіў гэта на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Упершыню ў 1924-м, калі яшчэ вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме.

У 1928 годзе яму ўпершыню пазіраваў Янка Купала, які да гэтага часу адмаўляў усім. У дамах Коласа і Купалы Азгур нярэдка гасцяваў. Дапамагалі яму класікі і матэрыяльна. Вядома, напрыклад, што ў сярэдзіне 1920-х на вучобу ў ленінградскай акадэміі мастацтваў Колас на працягу трох гадоў кожны месяц высылаў Азгуру па 40 рублёў. А аднойчы, калі студэнт прыехаў у Мінск, употай падкінуў яму ў кішэню паліто велізарныя па тых часах грошы — 200 рублёў.

Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Аркадзь Куляшоў, Янка Маўр, Максім Танк, Пімен Панчанка... Азгур стварыў цэлую галерэю скульптурных партрэтаў пісьменнікаў. З многімі блізка сябраваў, сачыў за іх творчасцю і ў цэлым цікавіўся літаратурай. Пісьменнікі ж называлі яго паэтам у скульптуры. У музеі захоўваюцца больш за 500 падораных скульптару кніг з аўтографамі аўтараў і больш за 1000 выданняў з асабістай бібліятэкі, у тым ліку па гісторыі, мастацтве, філасофіі.

У пачатку 1990-х гігантскія выявы правадыроў вярнуліся з вуліцы Карла Маркса да свайго аўтара ў майстэрню
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

У некалькіх тамах мемуараў Азгура змяшчаецца нямала цікавых успамінаў пра яго сяброў-пісьменнікаў. Дарэчы, сябе літаратарам ён не лічыў, у тых жа мемуарах прызнаецца: адважыўся ўзяцца за пяро, бо настаяў і прымусіў Янка Брыль.

Другі склад пад націскам 

Азгур быў незвычайна працавіты. Кожную раніцу адпраўляўся ў майстэрню і праводзіў там за працай не менш за 12 гадзін. Вядома пра такі пацешны выпадак: аднойчы Заір Ісакавіч, як заўсёды, спяшаўся ў майстэрню, але па дарозе сустрэў знаёмага, які надта любіў пагаварыць. Некаторы час скульптар цярпліва слухаў, аднак, калі суразмоўца схапіў майстра за гузік і пачаў расказваць чарговую гісторыю, Заір Ісакавіч дастаў з кішэні пінжака сцізорык, адрэзаў гузік і пабег.

На яго лёс выпала нямала выпрабаванняў. Нарадзіўся ў простай сям'і на Віцебшчыне. У 6 гадоў застаўся без бацькі, той быў ламавым фурманам, цяжка працаваў і рана памёр. Падчас акупацыі фашысты жывой закапалі ў зямлю яго маці. Яго першая жонка, актрыса БДТ (будучага Купалаўскага тэатра) Маргарыта Шашалевіч, загінула падчас крушэння цягніка ў 1944 годзе, калі трупа вярталася ў Мінск з эвакуацыі. Да слова, другой жонкай Азгура стала выдатны жывапісец Галіна Гарэлава. З ёй Заір Ісакавіч шчасліва пражыў да сваіх апошніх дзён у лютым 1995-га. Памёр у 87 гадоў. 

...Дзякуючы артыстычнай знешнасці яго немагчыма было не вылучыць з натоўпу — берэт, элегантны кіёк, люлька і абавязковы шаўковы чорны бант замест гальштука. Падобны бант завязала яму на шыю маці, калі адпраўляла паступаць у Віцебскі мастацкі тэхнікум. Ці не таму гэты атрыбут на ўсё жыццё застаўся нязменным у вобразе знакамітага мастака?

І яшчэ пра адно. На самай справе націск у прозвішчы Заіра Ісакавіча ставіцца не на першым, а на другім складзе. Спецыялісты сцвярджаюць: правільна менавіта так.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter