Для эстонска-беларускага праекта “Школы-пабрацімы” наступны год будзе дзясятым, юбілейным

Новыя галінкі на дрэве сяброўства

Для эстонска-беларускага праекта “Школы-пабрацімы” наступны год будзе дзясятым, юбілейным

Дэлегацыя з Эстоніі пад час экскурсіі па Мінску
Дэлегацыя з Эстоніі пад час экскурсіі па Мінску

Выкладчыкі, гімназісты з Табасалу (гэта паселішча — заходні прыгарад Таліна, кіламетраў за 10 ад яго, цэнтр воласці Харку), прадстаўнікі ўлады воласці зноў пабывалі ў Мінску. Помніцца, як мы толькі пачыналі падобныя кантакты,  бацькі асцерагаліся адпраўляць дзяцей-гімназістаў у Беларусь. На жаль, не ўсе ў Эстоніі ведаюць, як тут жывецца. Лёд недаверу паціху растае. Сёлета, калі збіралі дэлегацыю, нават конкурс быў: каму ехаць. Выбіралі лепшых — актывістаў у грамадскім жыцці, моцных у вучобе гімназістаў, пераможцаў конкурсаў і прадметных алімпіяд.

Сябры з Мінска, з 48-й школы — а менавіта з ёй Табасалуская гімназія амаль 10 гадоў сябруе — падрыхтавалі нам, як заўжды, цікавую праграму. Былі мы, напрыклад, на экскурсіі ў Мірскім замку, нас прымалі ў беларускім Парламенце, бачылі яшчэ шмат чаго цікавага. Важным у праграме эстонскага візіту па праекце “Школы-пабрацімы” стаў, як і планавалася, апошні дзень. З дзесяці раніцы пачалася сустрэча, якую мы даўно рыхтавалі, называючы яе паўжартам: сустрэча з важнымі людзьмі. На яе прыбыў, у прыватнасці, пасол Эстоніі ў Мінску Майт Марцінсан. Ён толькі трэці месяц на гэтай пасадзе, для яго наш праект быў адкрыццём. Пасол вельмі ўважліва слухаў выступленні і потым падзякаваў нам (мне — ад Эстоніі, хоць я беларуска па родавых каранях, і Вользе Пятроўне Канановіч — ад Беларусі: яна настаўніца ў 48-й школе) за вельмі важную і плённую працу. Пасол пажадаў, каб у нас былі сілы для далейшага кіраўніцтва праектам.

Яшчэ быў на сустрэчы Міхаіл Савановіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Дарэчы, гэта дзякуючы яму два гады запар мы можам наведваць Нацыянальны сход — так было і на гэты раз. З цікавасцю аднесліся да нашых ідэй на перспектыву кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Алег Паскробка, начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Валянцін Канаплёў, намеснік гендырэктара Футбольнага клуба «Дынама-Мінск» Дзяніс Комар — і яны былі на сустрэчы. Нашы праекты ведае, падтрымліваў яшчэ адзін удзельнік сустрэчы: Вадзім Лазерка, раней Часовы павераны Беларусі ў Эстоніі. Вадзім Іванавіч дапамагае рухаць справы не толькі з праекта “Школы-пабрацімы”, але і падтрымлівае дзейнасць арганізацыі EVA-Studiorum, якая ўваходзіць у Асацыяцыю беларускіх суполак Эстоніі.


Сустрэча была надзвычай плённаю. Усе падтрымалі прапанову пасла Эстоніі: праект не павінен заканчвацца ў наступным годзе, які будзе для яго 10-м, юбілейным. Сяброўскія кантакты, лічыць Майт Марцінсан, павінны не толькі працягвацца, але і пашырацца. Было прапанавана, скажам, наладзіць абмен вучнямі на які-небудзь тэрмін — пра тое мы дамовімся, улічваючы магчымасці школ. Ідэя падтрымана з абодвух бакоў. Летам гімназісты з Эстоніі могуць адпачываць у лагерах Беларусі. Прадстаўніца суполкі  EVA-Studiorum Кэтлін Пук расказала, як працуюць так званыя інтэграцыйныя лагеры, якія мы арганізуем у Эстоніі. Яна прапанавала і вучням 48-й школы там пабываць.

Летась, калі мінская дэлегацыя прыязджала ў Эстонію, сустракаліся кіраўнік Футбольнага клуба Табасалу і дырэктарка 48-й школы Лола Карлаўна Пахомава. Эстонцы прапанавалі: давайце сябраваць футбольнымі клубамі. І вось на мінскай сустрэчы прапанова прынята. Цяпер акрамя адукацыйна-культурных праектаў будуць у нас і спартыўныя. Старшыня валаснога праўлення Харку з Эстоніі Ратсеп Каупа, які быў у складзе дэлегацыі, падтрымаў такі кірунак пашырэння супрацоўніцтва. З улікам гэтага мы будуем планы на наступны год, юбілейны і для праекта “Школы-пабрацімы”, і для EVA-Studiorum: нам у красавіку будзе 10 гадоў. Плануем правесці святочны фэст увесну ў Эстоніі. Тэрміны будзем удакладняць, але ўжо зразумела: свята будзе! І ўсе прысутныя атрымалі запрашэнне, пакуль неафіцыйнае, на гэты фэст.

 Любое дрэўца, падрастаючы, не можа адразу стаць вялікім, даць плады. Мы, арганізатары праекта “Школы-пабрацімы”, вельмі рады, што на дрэве эстонска-беларускага сяброўства з’явіліся новыя галінкі. Якія, спадзяемся, будуць надалей расці і развівацца.

Ніна Пээрна, член праўлення Цэнтра вучобы і развіцця EVA-Studiorum, Эстонія
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter