Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі “Дударыкі” адсвяткаваў 45-годдзе

Новая вясна “Дударыкаў”

Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі, які толькі за апошнія 5 гадоў атрымаў на фэстах і конкурсах у розных краінах дзевяць Гран-пры, адсвяткаваў 45-годдзе
Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі, які толькі за апошнія 5 гадоў атрымаў на фэстах і конкурсах у розных краінах дзевяць Гран-пры, адсвяткаваў 45-годдзе


Дзмітры Ровенскі — стваральнік і кіраўнік “Дударыкаў”

Мелодыя народная, сэрцу блізкая...


У чым сакрэт працяглага, надзіва плённага творчага жыцця фальклорнага гурта “Дударыкі”? Ён, нагадаем, быў створаны ў 1970-71 навучальным годзе на базе адной з мінскіх школ. Аддадзім належнае яго стваральніку і мастацкаму кіраўніку, ураджэнцу песеннай Капыльшчыны Дзмітрыю Ровенскаму, цяпер ужо заслужанаму дзеячу культуры Беларусі, выдатніку адукацыі. Гэта яго ды аднадумцаў намаганнямі гурт, які ўпрыгожвае культурнае жыццё 14-й мінскай гімназіі (а шырэй — і Мінска, і Беларусі, і свету…) не разваліўся, не распаўся — гожа адсвяткаваў сваю новую вясну. Удакладнім: на вокладцы святочнага буклета, які падораны і нашай рэдакцыі, побач з Ровенскім значацца і хормайстар Галіна Мішчанка, і балетмайстар Вера Варашылава. Акрамя іх, на адным з разваротаў бачым іншых настаўнікаў, што дапамагаюць раскрывацца юным талентам: касцюмер Лідзія Ровенская, выкладчыцы па класу цымбал Людміла Сакалова і Лаліта Ровенская, выкладчыцы па класе народных духавых інструментаў Яна Загумёнава і Аксана Ровенская, выкладчыца па класе скрыпкі Ірына Чаюкова. Другі складнік поспеху, на мой погляд: што гурт увесь час сілкуецца з крыніц народнай творчасці. Трэці: што ні год, то ідзе натуральнае абнаўленне ў шэрагах дударыкаўцаў. Ну і, вядома ж, усім родзічам-сваякам, прыхільнікам творчасці самадзейных артыстаў, у тым ліку і ў розных структурах улады, варта сказаць: вялікі дзякуй!

Мы расказвалі ўжо пра значныя міжнародныя праекты з удзелам як маэстра Дзмітрыя Ровенскага (асабліва ўдала складваюцца ў яго стасункі з новасібірскімі беларусамі), так і ўсяго гурта: адно выступленне “Дударыкаў” у Штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы ў 2014-м чаго вартае! Цікавыя старонкі з жыцця гурта згадваліся і на юбілейным святочным канцэрце ў Палацы культуры Мінскага аўтазавода. Пад час урачыстасці Дзмітры Ровенскі быў ушанаваны нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. У нэце з’явіліся цёплыя водгукі пра канцэрт гурта, які не раз быў удзельнікам, пераможцам шматлікіх конкурсаў і фэстаў. Безумоўна, “сваёй дзейнасцю гурт спрыяе захаванню і пашырэнню традыцыйнай беларускай музычнай культуры”. Не менш важна і тое, што, прайшоўшы прыгожую школу гурта, сотні сталічных школьнікаў, а ў новым часе і гімназістаў атрымліваюць моцную “прышчэпку” беларускага духу. Як вядома, народныя музыка, спевы, танцы, строі, а найперш сама ўжо мова беларуская неўпрыкмет робяць неацэнную працу ў юных душах — і яны ўзвышаюцца, прасвятляюцца ў плыні народнай культуры. Мяркую, пад час канцэртнай праграмы не толькі госці свята змаглі атрымаць асалоду ад народных песень і танцаў, паслухаць найгрышы на традыцыйных беларускіх інструментах — а што і самім дударыкам, іх старэйшым сябрам працэс дзівоснага тварэння свята, прыгажосці па-ранейшаму да душы.

Прыгледзімся: што было ў юбілей­ным рэпертуары гурта? Можа тое цікава будзе і для актывістаў беларускіх суполак замежжа — гурт “Дударыкі”, сам Дзмітры Ровенскі ды яго памочнікі адкрытыя для кантактаў, супрацы. Часта, дарэчы, і гасцей сустракаюць, у тым ліку і з замежжа, у гімназіі, дзе з 2003 года дзейнічае Музей народных музычных інструментаў: там больш за 350 экспанатаў больш чым 60-і назваў! Прычым кожны з удзельнікаў гурта паступова асвойвае некалькі з іх. Усяго юбіляры паказалі 23 нумары, у тым ліку вакальна-харэаграфічную кампазіцыю “Рушнічок”. З танцаў адзначым Крутуху, Прысюды, польку “Ку-ка” (пастаўлена з удзелам Міколы Котава), Вясковыя замалёўкі. Хораша гучалі найгрышы ў апрацоўцы Уладзіміра Грома (стваральніка знакамітага гурта “Крупіцкія музыкі”): “Чэрніцкія найгрышы”, вальс “Спатканне” (выконваў ансамбль акарын), “Віцебскі вальс”, “Крупіцкая полька”. Яшчэ з найгрышаў у праграме — “Танец” (з “Полацкага сшытка”, які цяпер называецца “Астрамечаўскі рукапіс”. — Рэд.), “Баранавіцкая полька”, “Народныя вальсы”, “Цыганачка”, “Ай да-рай-да” (беларуская вясельная музыка), “Ліцвіны” (граў ансамбль дудароў), “Смаргонская кадрыля”. А “Выкрунтасы на бубнах” — то музычна-харэаграфічная кампазіцыя. Гучалі й песні — як народныя (“Па лужках”, “Вяснянкі”), так і сучасных аўтараў: добра вядомая ўжо і ў замежжы “Братка-беларус”, “Дарагая мая Беларусь”, “Юбілейныя “Дударыкі”.

У праграме свята чытаем: “3а сорак пяць гадоў ансамбль даў каля 1900 канцэртаў, у тым ліку каля 550 за мяжой. “Дударыкі” прадстаўлялі культyру Беларусі ў некaлькіх дзясятках краін, у тым ліку на астравах Тайвань і Джэрсі, у Партугаліі, Шатландыі, Германіі, Фрaнцыі, Паўднёвай Карэі ды іншых. Толькі ў Італіі былі 11 разоў. За апошнія 5 гадоў “Дударыкі” атрымалі на фэстах і конкурсах у розных краінах 9 Гран-пры”. А ў шыкоўным буклеце ў акравершах (віват невядомаму паэту!) ушанаваны асноўныя музінструменты, на якіх граюць юныя артысты, пададзена шмат цікавых фактаў, прыгожых фотаздымкаў з розных гадоў. І нават ушанаваны, са здымкамі, лепшыя майстры Беларусі па вырабе народных музычных інструментаў. Так што, калі разабрацца, аматарскі па сутнасці гурт даўно ўжо стаў жывым стрыжнем своеасаблівай Народнай акадэміі, у якой клапатліва зберагаюцца, выкарыстоўваюцца і штогод прымнажаюцца багатыя традыцыі народнай музычнай, спеўнай, танцавальнай культуры.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter