Незабыўны подзвіг танкіста

Аднавіць справядлівасць у дачыненні да прадзеда-героя дапамагла мінская гімназістка Кацярына КалабанаваМітынг памяці Зіновія Калабанава прайшоў на Чыжоўскіх могілках Мінска. А напярэдадні на прэс-канферэнцыі генерал-маёр у адстаўцы, старшыня Беларускага саюза афіцэраў Яўген Мікульчык расказаў, што ў гонар гераічнага бою экіпажа пад кіраўніцтвам камандзіра танкавай роты старшага лейтэнанта Зіновія Калабанава ладзіцца акцыя “Памяць”. Подзвіг яго, лічаць ветэраны і ваенныя гісторыкі, не менш значны, чым подзвігі Аляксандра Матросава, Мікалая Гастэлы, Аляксандра Пакрышкіна ды іншых герояў, чые імёны сталі сімваламі мужнасці. Праўда, імя чалавека, які здзейсніў подзвіг у танкавым баі, што не мае аналагаў у гісторыі войнаў, пакуль не ўсе ведаюць.
Аднавіць справядлівасць у дачыненні да прадзеда-героя дапамагла мінская гімназістка Кацярына Калабанава

Экіпаж танка КВ-1, якім камандаваў Зіновій КалабанаўМітынг памяці Зіновія Калабанава прайшоў на Чыжоўскіх могілках Мінска. А напярэдадні на прэс-канферэнцыі генерал-маёр у адстаўцы, старшыня Беларускага саюза афіцэраў Яўген Мікульчык расказаў, што ў гонар гераічнага бою экіпажа пад кіраўніцтвам камандзіра танкавай роты старшага лейтэнанта Зіновія Калабанава ладзіцца акцыя “Памяць”. Подзвіг яго, лічаць ветэраны і ваенныя гісторыкі, не менш значны, чым подзвігі Аляксандра Матросава, Мікалая Гастэлы, Аляксандра Пакрышкіна ды іншых герояў, чые імёны сталі сімваламі мужнасці. Праўда, імя чалавека, які здзейсніў подзвіг у танкавым баі, што не мае аналагаў у гісторыі войнаў, пакуль не ўсе ведаюць.
Зіновій Рыгоравіч нарадзіўся ў 1910-м у Ніжагародскай губерні, з 1932-га ў Чырвонай арміі, закончыў Арлоўскае бранятанкавае вучылішча. Удзельнічаў у савецка-фінскай вайне, а з пачаткам Вялікай Айчыннай — камандзір роты цяжкіх танкаў у 1-й танкавай дывізіі Ленінградскага фронту. Векапомны бой адбыўся 19 жніўня 1941 года ў раёне Гатчыны Ленінградскай вобласці. Гэта была танкавая бітва, якая мела важнае і неацэннае значэнне ў ходзе баёў на Ленінградскім фронце.
Урачыстасць на Чыжоўскіх могілкахТады пяць савецкіх танкаў КВ-1 знішчылі 43 танкі, 11 бронетранспарцёраў і 19 гармат праціўніка! З іх 22 танкі — на рахунку экіпажа камроты старэйшага лейтэнанта Калабанава. Той бой нават апісваўся ў падручніках узброеных сіл нацысцкай Германіі: гэта свайго роду вучоба на памылках. За той подзвіг старлей не атрымаў звання Героя Савецкага Саюза — толькі ордэн Баявога Чырвонага Сцяга. Тая ўзнагарода, кажуць ветэраны, на дзве прыступкі ніжэй. Дзень Перамогі герой сустрэў у Берліне. Завяршыў службу ў Беларускай ваеннай акрузе ў званні падпалкоўніка.
Доўгі час подзвіг Калабанава заставаўся непрызнаным: ніхто не верыў, што столькі падбіта танкаў. Справядлівасць адноўлена дзякуючы настойлівасці сына і баявых таварышаў танкіста з Беларускага саюза афіцэраў. Дэталёвым вывучэннем подзвігу прадзеда занялася яго праўнучка Кацярына Калабанава, вучаніца 61-й мінскай гімназіі. Вывучыўшы дакументы, яна высветліла: узнагароду Зіновію Калабанаву “знізілі” толькі таму, што першым далажыў аб разгроме варожых танкаў пад Гатчынай Маршалу Савецкага Саюза Кліменту Варашылаву камандзір батальёна — яму і далі Героя…
Дзякуючы актыўнасці, настойлівасці дзясяткаў людзей удалося ўнесці ўдакладненні ў ваенную гісторыю. На прэс-канферэнцыі прадпрымальнік Васіль Моніч, які ў 2006-м за кошт уласных сродкаў усталяваў помнік бясстрашнаму танкісту, казаў: “Мы ў неаплатным даўгу перад усімі, хто нас абараняў. І крылатыя словы “Ніхто не забыты, нішто не забыта!” павінны стаць для нас маральным законам. Тысячы герояў ужо сышлі ад нас незваротна. Наш абавязак перад імі — ведаць і памятаць кожнае імя. Бярыце прыклад з праўнучкі Зіновія Калабанава! Шукайце і пішыце пра землякоў, знаёмых, сваякоў удзельнікаў вайны. Не забывайце пра гераічнае мінулае нашага народа!”
Акцыя “Памяць”, прысвечаная экіпажу З. Калабанава, прайшла па ініцыятыве Беларускага саюза афіцэраў. У мітынгу на Чыжоўскіх могілках удзельнічалі ветэраны вайны, прадстаўнікі моладзевых арганізацый. Граў духавы аркестр, ускладаліся кветкі, салютавала героям рота ганаровай варты.

Іна Ганчаровіч

На здымках:
Экіпаж танка КВ-1, якім камандаваў Зіновій Калабанаў
Урачыстасць на Чыжоўскіх могілках
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter