Не цар, а дзіця

Ці ўздзейнічалі нашы продкі на прыроду і клімат? Ідэя, што чалавек — цар прыроды, такая папулярная некалькі дзесяцігоддзяў таму, у свядомасці нашых продкаў-язычнікаў ніяк не магла нарадзіцца. Таму што старажытны земляроб быў бездапаможны перад стыхіямі прыроды. Наадварот, назіранні за яе з’явамі давалі магчымасць абагаўляць сонца і месяц, агонь і ваду, зямлю і вецер, надзяляць іх, а таксама жывёл і расліны, чалавечымі ўласцівасцямі: думкамі, пачуццямі, воляй. Не ўздзейнічаць на прыродныя сілы, а “задобрываць” іх, каб дапамаглі пасеяць, вырасціць, а затым сабраць ураджай, — вось якім галоўным клопатам жыў селянін-язычнік.

Ці ўздзейнічалі нашы продкі на прыроду і клімат?

Ідэя, што чалавек — цар прыроды, такая папулярная некалькі дзесяцігоддзяў таму, у свядомасці нашых продкаў-язычнікаў ніяк не магла нарадзіцца. Таму што старажытны земляроб быў бездапаможны перад стыхіямі прыроды. Наадварот, назіранні за яе з’явамі давалі магчымасць абагаўляць сонца і месяц, агонь і ваду, зямлю і вецер, надзяляць іх, а таксама жывёл і расліны, чалавечымі ўласцівасцямі: думкамі, пачуццямі, воляй. Не ўздзейнічаць на прыродныя сілы, а “задобрываць” іх, каб дапамаглі пасеяць, вырасціць, а затым сабраць ураджай, — вось якім галоўным клопатам жыў селянін-язычнік.

Самыя назіральныя, умудроныя доўгім працоўным жыццём людзі ўмелі без памылак чытаць Вялікую кнігу прыроды. І трапна вызначаць надвор’е: па стану неба і яркасці сонца, фазах і форме месяца, паводзінах птушак і жывёлы, знешнім выглядзе і паху раслін. А яшчэ па звонкім і глухім гуку ў лесе, па празрыстай і мутнай вадзе, па сырасці на розных прадметах, па прамым і непрамым дыме, кірунку ветру... Адкуль жа бралі прыкметы для праракання? Убачыў чалавек, што сонца зайшло сёння за хмары, а назаўтра — дождж. Адзін раз прыкмеціў, другі, а на трэці — схаваецца сонца ў хмары, ён ужо і гаварыць пачынае, ці не на дождж? Ідэя “ўлагоджвання” непадуладнай прыроднай сілы пранізвае ўсе важныя святы земляробчага календара: Каляды і Грамніцы, Гуканне вясны і Вялікдзень, Сёмуху і Купалле... Зваць мароз куццю есці і вадзіць каляду; вясёлымі песнямі прыспешваць наступленне вясны і “частаваць” яе жаваранкамі з цеста; услаўляць красу лета, сонца, якое “купаецца”, і разам з імі радавацца росквіту жыцця — вось толькі некаторыя прыклады шчырага язычніцкага пакланення прыродным культам, што самым непасрэдным чынам уплывалі на дабрабыт чалавека. Ад стыхій жа бараніліся рознымі спосабамі. Напрыклад, у час страшных навальніц запальвалі грамнічныя свечкі: каб маланка нікога не забіла і нічога не спаліла. Яшчэ да пачатку “сезону” навальніц з гэтымі свечкамі абыходзілі ніву: каб палі не пабіў град. Ад яго засцерагаліся і пры дапамозе іншых сродкаў. Калі бачылі градавую хмару, адломвалі некалькі галінак асвячонай вярбы, бралі розныя травы, таксама летась”пахрышчаныя” ў храме, і кідалі ўсё разам у гарачае вуголле: з надзеяй, што хмара пройдзе міма. Не ведаю, наколькі дзейсным быў гэты спосаб, затое і сёння ў вёсках трывала жыве перакананне: у градавую сераду (першую пасля Вялікадня, а затым — пасля Сёмухі) нельга завіхацца на агародзе, каб град не нарабіў шкоды. Як бачна, земляроб-язычнік вырашаў дзве задачы: з аднаго боку, “улагоджваў” прыроду, спадзеючыся на яе падтрымку ў адвечных сялянскіх клопатах; з другога (кажучы сучаснымі словамі) — імкнуўся знізіць уздзеянне неспрыяльных з’яў надвор’я. І быў чалавек не царом, а дзіцем прыроды, якое цалкам залежала ад мудрасці і волі сваёй велічнай, магутнай маці.

Напэўна, камусьці народныя ўяўленні зараз здаюцца наіўнымі і прымхлівымі, а метэаралагічныя назіранні — не вартымі сур’ёзнай увагі. І гэта натуральна, бо звесткі, пачэрпнутыя з народнага календара, у час глабальных экалагічных змен нельга лічыць непахіснымі пастулатамі. Сутнасць не ў гэтым. А ў адносінах нашых прашчураў да навакольнага свету і адчування сябе ў ім — як часцінкі вялікага цэлага, з якім можна жыць толькі ў гармоніі і адзінстве, а не ў варожасці і супрацьстаянні. Магчыма, прыняўшы сэрцам гэту простую, як хлеб, ісціну, чалавек XXI стагоддзя нарэшце зразумее: кліматычныя катаклізмы — адказ прыроды на няўдалую спробу скарыць яе, стаць адзіным і паўнапраўным уладаром.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter