Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Кіраўнік Саюза беларусаў Дону Уладзімір Банцэвіч выступіў з ініцыятывай па стварэнні ў Растоўскай вобласці міжнароднай культурна-асветніцкай суполкі ў гонар Кірылы Тураўскага

Нашчадкі зямлі Баянавай

Са школьных гадоў помніцца слова Баян, што згадваецца ў першых радках знакамітага “Слова пра паход Ігаравы”. Вось як тое гучыць на сучаснай беларускай мове: “Ці не лепей было б, каб нам, брацця, пачаці старадаўнымі словы тужліву аповесць аб паходзе Ігаравым, Ігара Святаслаўліча? Дый пачаціся песні той сягачасным ладам, а не складам Баянавым. Баян бо чарадзейны, калі каму песню хацеў утварыці, то расцякаўся мысляй па дзераву, воўкам шэрым па полі, арлом сізым пад воблакі”.

Ад Кіева да Турава

Што за Баян такі? Спрэчак у навукоўцаў — мноства. І заслугоўвае пільнае ўвагі той факт, пра які пісаў брэсцкі даследчык Генадзь Праневіч (на жаль, ужо нябожчык) (гл.: “Слова…” было з Турава?” — ГР, 29.05.2014). Ён сабраў шэраг аргументаў на карысць таго, што менавіта Кірыла Тураўскі мог быць аўтарам знакамітага твора. І выказваў меркаванне, што старажытны горад Тураў ды прадстаўнікі ягонай феадальнай, духоўнай эліты маглі быць спадкаемцамі так званай “Баянавай зямлі” ў Кіеве. У ліку тых асоб, магчыма, і мяркуемы бацька Кірылы Тураўскага — пасаднік Жыраслаў Іванкавіч (Яванкавіч), ды й сам тураўскі Златавусны. Спецыялістам, нагадваў Генадзь Праневіч, вядомая гісторыя куплі вялікай княгіняй Марыяй Мсціслаўнай “всей земли Бояновой”. Падрабязны, аб’ёмны графічны запіс пра тую здзелку зроблены на сцяне Сафійскага сабора, відаць, неўзабаве пасля смерці яе мужа, вялікага князя Усевалада Алегавіча (1146 год). Тады княгіня вырашыла набыць у Кіеве ўчастак для пабудовы царквы, якая магла б служыць і родавай усыпальняй. Тэкст графіці адкрылі рэстаўратары ў Кіеўскай Сафіі.

Сябры Саюза беларусаў Дона ля помніка “Баян-Гусляр” пад Растовам

Што ж, калі ёсць Баянава зямля, то цалкам лагічна дапускаць: быў жа й сам Баян. Пэўна ж, той зямлёю валодаў ці проста жыў там, і неяк аформілася як тавар Баянава зямля. Дык вось, і навукоўца Праневіч схіляўся да думкі, што згаданы ў графіці Баян быў не толькі рэальнай гістарычнай асобай, але й, верагодна, “вешчым” Баянам, пра якога згадвае аўтар “Слова пра паход Ігаравы”. “Прынцыпова ж важнае для нас тое, што сярод усіх 12 сведкаў на графіці першым названа імя Якіма Дамілы, з якім даследчыкі досыць упэўнена атаясамліваюць епіскапа Тураўскага — Іакіма”, — звяртае ўвагу вучоны. І той зварот аўтара “Слова...” да традыцый ды творчае спадчыны свайго славутага папярэдніка Баяна ў кантэксце скразных родавых повязяў Кірылы Тураўскага й гістарычнага Баяна (якія вынікаюць з аналізу графіці), Генадзь Праневіч лічыць важным аргументам на карысць аўтарства Кірылы Тураўскага.

Інтрыга, што ні кажы! Тым болей гучыць усё пераканальна, што не так даўно паў і той “апошні бастыён”, якім адпрэчвалі даследчыкі ад аўтарства нашага славутага святога. Раней лічылася, дый яшчэ пішацца ў розных крыніцах, быццам ён адышоў у Вечнасць у 1182 годзе. Аднак гэта толькі год, калі ў Тураве з’явіўся новы епіскап — не дата смерці Кірылы! Генадзь Праневіч нагадвае, што ўжо й навуковае абгрунтаванне ёсць наконт больш позняй, чым лічылася раней, даты смерці тураўляніна: гэта 1188-1190 гады. І тады цалкам верагодна, што святы (ужо не ў духоўным сане, але яшчэ ў целе ды ў добрым, вытанчаным розуме…) перасягнуў храналагічныя межы Ігаравага паходу на полаўцаў (1185 год). Само ж “Слова…”, мяркуецца, было створана ў 1187 годзе. Пераканальна!

“Пахавайце мячы свае пашчарбаныя…”

Вернемся ў сучаснасць. Згадаем публікацыю “Экспедыцыя на Бацькаўшчыну” (ГР, 14.03.2018). Апісваючы ход экспедыцыі, Уладзімір Банцэвіч удакладняе: “Са мною ўпершыню адправіўся ў Беларусь Васіль Лук’янаў — сябар, які прыдумаў Міжнародны фестываль на Доне, прысвечаны “Слову аб палку Ігаравым”. Ён жа й кіруе праектам, рухае яго ўжо 18 гадоў, а наш Саюз беларусаў Дону ў праекце актыўна ўдзельнічае”. Госці з Дону “пабывалі ў старажытным Тураве: наведалі Краязнаўчы музей, пабачылі пад шкляным дахам раскапаны археолагамі падмурак будаванай у 1170 годзе царквы, сфатаграфавалі велічны помнік Кірылу Тураўскаму”. Што хаваць: гэта мы тактоўна падказалі вандроўнікам, што, маючы пад Растовам помнік Баяну-Гусляру, наведацца ім на святую Тураўскую зямлю проста неабходна. І вось жа: усё склалася! Значыць, гэта іхні шлях. Цяпер, калі Уладзімір Банцэвіч плануе новую (з юнымі выхаванцамі-мастакамі) экспедыцыю ў Беларусь, то мае намер кантактаваць з Тураўскім выканкамам. “У старажытным горадзе нас добра сустракаў Васіль Майсеевіч Балбуцкі: раней быў дырэктарам Тураўскага краязнаўчага музея, цяпер — малодшы навуковы супрацоўнік, — напісаў нядаўна Уладзімір Банцэвіч. — А ў нашым Азове жыве ягоны брат Мікалай. То можа й ён з намі ў экспедыцыю рушыць: ужо на пенсіі, але ж мае каштоўны досвед, працаваў намеснікам мэра горада Азова. Тут ёсць моцная аснова да сумеснай працы. Можа й Азоў ды Тураў пародняцца, як тое зрабілі нядаўна Мінск з Растовам?”

Помнік Кірылу Тураўскаму на Замкавай гары ў Тураве

Спрыяльна паставіўся да такой супрацы й дырэктар Тураўскага краязнаўчага музея Дзмітры Эдуардавіч Апановіч, з якім я меў зносіны, рыхтуючы нататкі. Вельмі яго зацікавілі звесткі пра тэкст графіці, які адкрылі рэстаўратары ў Кіеўскай Сафіі. Пры сучасных тэхналогіях, гаварылі, мець іх копію ў Тураве — не праблема, як і сабраць публікацыі на карысць таго, што якраз наш зямляк быў стваральнікам “Слова…”, і значыць — вялікім славянскім міратворцам у жорсткім свеце княжацкіх міжусобіц. Вось як ушчувае аўтар “Слова…” тых, хто сее варожасць ды спрэчкі: “Яраслаўле ды ўсе ўнукі Усяслаўлевы! Апусціце ўжо сцягі свае! Пахавайце мячы свае пашчарбаныя, бо ўжо збыліся дзедавай славы! Вы бо сваімі нязгодамі пачалі наводзіць паганых на Рускую зямлю, на й надзел Усяслава, ад чаго й насілле пайшло ад зямлі Палавецкай”. Такі запавет — на многія вякі актуальны. А як прызнаць Кірылу Тураўскага ды аўтарам “Слова…”, то і ў праекта “Хельсінкі-2” знойдзецца ў глыбіні вякоў най­багатая пера­дгісторыя. Нагадаем, на пачатку 2018 года якраз было аб’яўлена: Беларусь распрацавала канцэпцыю ініцыятывы пра запуск перагаворнага працэсу, які стане аналагічным Хельсінскаму…

“Нашчадкі–Потомки” на Каяльскіх чытаннях

Тым часам Уладзімір Банцэвіч вельмі творча скарыстаўся “добрым надвор’ем” у прасторы беларуска-расійскага сяброўства. Летась, аказваецца, беларуская дэлегацыя гасцявала ў Растове на Міжнародным фестывалі моладзевай паэзіі ды перакладаў “Берага дружбы”. І Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, на пачатку мая выказаў вялікую ўдзячнасць за цёплы прыём дырэктарцы Данской дзяржаўнай публічнай бібліятэкі Яўгеніі Калеснікавай. Заадно звярнуўся да яе з просьбай, якая ўжо ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі агучвалася на розных узроўнях у Растоўскай вобласці: пра магчымасць прысваення імя славянскага асветніка, святара, багаслова й паэта, пісьменніка Кірылы Тураўскага адной з культурных устаноў Растоўскай вобласці. Пісьменнік нагадвае, што “імя ўраджэнца горада Турава (Гомельская вобласць) святога Кірылы Тураўскага вядома ва ўсёй праваслаўнай Русі дзякуючы яго працам па яднанні славянскіх народаў і глыбока шануецца. На яго малой Радзіме на Замкавай гары і ў “сэрцы” Гомеля яму ўстаноўлены помнікі, а штогод у ягоны гонар 11 мая праводзяцца сумесныя царкоўна-свецкія мерапрыемствы. Да таго ж летась у Гомелі адна з буйных бібліятэк была пераўтвораная ў Цэнтр Кірылы Тураўскага. У вобласці 12 гадоў прысуджаецца творцам абласная літаратурная прэмія імя Кірылы Тураўскага”. Уладзімір Гаўрыловіч упэўнены: гэтая гістарычная асоба здольная й праз стагоддзі аб’ядноўваць славянскія народы. А каб мацнела сяброўства між беларусамі й рускімі, пісьменнік прапануе ў Растове “разгледзець пытанне прысваення імя славянскага асветніка Кірылы Тураўскага адной з культурных устаноў Растоўскай вобласці”.

Беларускую ініцыятыву Яўгенія Калеснікава прапанавала падначаленым абмеркаваць з кіраўніцтвам Саюза беларусаў Дону. А Уладзімір Банцэвіч, падаецца мне, толькі й чакаў такога спадарожнага ветру, каб падняць ветразі новай каштоўнай справы. “Прашу газету “Голас Радзімы” падтрымаць нашу ініцыятыву па ўшанаваніі Святога Кірылы Тураўскага на Доне, — напісаў днямі ў рэдакцыю. — Я заклікаю ў працяг прапановы пісьменніка Уладзіміра Гаўрыловіча, са спрыяннем Данской бібліятэкі распачаць такую справу: паяднацца беларусам Дона ды ўсім, хто мае да нашай Бацькаўшчыны цяпло ў сэрцах, у культурна-асветніцкую суполку “Нашчадкі–Потомки” імя Кірылы Тураўскага. Мяркую, такую справу падтрымае аддзяленне Пасольства Беларусі ў Расіі ў Растове-на-Доне, а таксама Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур (Мінск) і Данская дзяржаўная публічная бібліятэка (Растоў-на-Доне)”.

Што ж, мы такую ідэю цалкам падтрымліваем, гатовы да супрацы ў гэтым кірунку. Якой будзе “архітэктура” праекта? Хто ў ім паўдзельнічае? У якіх формах плануе Уладзімір Банцэвіч з аднадумцамі рэалізоўваць задумы? Меркаванні на гэты конт зямляк даслаў — з часам, як “адстаяцца”, і пра тое раскажам. А ў суботу, 19 мая, ён “вынес у людзі” свае напрацоўкі: выступаў з праектам “Нашчадкі–Потомки” на Каяльскіх чытаннях, прысвечаных “Слову пра паход Ігаравы”. Гэта, нагадаем, адна з імпрэзаў штогадовага Міжнароднага фестывалю на Доне, які праходзіць пры хутары Пагарэлаў Белакалітвінскага раёна Растоўскай вобласці. Кажуць, у тых мясцінах адбылася 833 гады таму вядомая нам са “Слова…” бітва дружын князя Ігара з полаўцамі. То, значыць, і згадваць-ушаноўваць там святога Кірылу Тураўскага — самае месца.

Голас Радзімы № 19 (3571), чацвер, 24 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter