Беларусы вырашылі зрабіць анімацыйны фільм пра Марка Шагала

Намаляваны Шагал з’явіцца ў фільме

Раней па калідорах “Беларусьфільма” можна было вадзіць экскурсіі: што ні дзверы, то таблічка з назвай карціны, якая знаходзіцца ў рабоце. Цяпер таксама цікава прагуляцца па новым корпусе кінастудыі. І прайсці міма партрэта Марка Шагала на адных з дзвярэй проста немагчыма...


Першая думка — беларусы нарэшце вырашылі зняць мастацкі фільм пра вялікага земляка. Але з’яўленне на парозе Алены Пяткевіч азначае: фільм будзе, пэўна, анімацыйны.

Ідэя зняць некалькі такіх стужак, прысвечаных вядомым людзям родам з нашай краіны, на кінастудыі ўзнікла пасля “Казак старога піяніна”. Гэта цыкл мультфільмаў пра вядомых кампазітараў, які “Беларусьфільм” рабіў сумесна з расійскай студыяй “М.І.Р.”. Чатыры музычныя біяграфіі — Бетховена, Баха, Пракоф’ева і Шапэна — стварылі нашы рэжысёры Ірына Кадзюкова, Уладзімір Пяткевіч і Алена Пяткевіч. Апошняя, дарэчы, атрымала “Залатога арла”, адну з самых прэстыжных узнагарод у анімацыі. Каму, як не ёй, было даверыць Марка Шагала!

— Калі мне прапанавалі зрабіць гэты фільм, я ледзь не страціла прытомнасць, — прызнаецца рэжысёр. — Бах і Штраус даліся мне вельмі цяжка, гэта была вельмі складаная і адказная работа. Разумела, што тое ж самае будзе і з Шагалам. Чаму пагадзілася? Таму што вельмі люблю гэтага мастака. Ён моцна паўплываў на мяне яшчэ ў маладосці. Была ўзрушана, калі ўбачыла яго работы. І яшчэ студэнткай архітэктурнага факультэта днямі сядзела ў бібліятэцы, чытала яго кнігу. Тады яна каштавала вялікіх грошай, я не магла сабе дазволіць купіць яе, таму праседжвала ў бібліятэцы, спрабуючы нешта перамалёўваць.


Рэжысёр сумленна прызнаецца, што кнігі пра Шагала (а іх у яе ўжо нямала, дачка нават з Францыі прывезла) ляжалі ў яе ў стале на кожным фільме — спрабавала рабіць стылізацыю пад знакамітага мастака.

У падборы каманды Пяткевіч пашанцавала. Сцэнарый напісаў Дзмітрый Якутовіч. Мастаком-пастаноўшчыкам пагадзілася стаць Ала Мацюшэўская, якая зусім нядаўна, дарэчы, разам з рэжысёрам Ірынай Тарасавай атрымала “Залатога Віцязя” за анімацыйны фільм для дзяцей “Лыжка для салдата”. Яна аказалася такой жа адданай прыхільніцай Шагала, як і Алена Вячаславаўна. У іх не ўзнікала ніякіх рознагалоссяў наконт вобраза мастака і яго асяроддзя. Шагал у фільме будзе вельмі падобны да сябе ў жыцці.

Стваральнікі наогул не збіраюцца скажаць рэчаіснасць. Сцэнарый пабудаваны на аснове кнігі “Маё жыццё”. Асаблівасць праекта ў тым, што факты з біяграфіі вялікага мастака будуць суправаджацца паказам яго карцін, якія прызначаныя ілюстраваць асобныя эпізоды жыцця і светаадчування Шагала.


Фільм будзе прысвечаны ў асноўным дзяцінству і юнацтву мастака — яго віцебскаму перыяду. Але, нягледзячы на гэта, перад рэжысёрам стаіць складаная задача: дваццаць гадоў (а гэта якраз гады, калі адбывалася станаўленне таленту) трэба ўлажыць у трынаццаць хвілін — гэта максімальны хранаметраж анімацыйнай карціны.

Стужка пра Шагала сур’ёзная і складаная, гэта выдатна разумеюць і на “Беларусьфільме”, таму асаблівую стаўку робяць на мастацкі савет. Ён уважлівы да работы і скрупулёзны. Гэта, як ні дзіўна, зусім не бянтэжыць рэжысёра і нават радуе: яна з тых, хто толькі вітае меркаванне калег.

— Крытыка вельмі карысная, — пераканана Пяткевіч. — Некаторыя бачаць сітуацыю інакш, чым ты, выказваюць сваё меркаванне, якое можа дапамагчы. Антаніна Карпілава і Людміла Перагудава — паважаныя кінакрытыкі, іх парады вельмі дапамагаюць.

Вынік напружанай работы будзе бачны пасля Новага года. Так што на кінастудыі цяпер вельмі адказны перыяд. Паколькі ад поспеху “Марка Шагала” залежыць, ці будуць яшчэ “Пчолка” (фільм пра адну з першых зорак беларускага балета Пелагею Азарэвіч) ды іншыя анімацыйныя стужкі пра нашых вялікіх землякоў.


Ігар ГАЛІНОЎСКІ, дырэктар студыі анімацыйных фільмаў:


— Анімацыя ніколі не прыносіла вялікіх грошай, яе місія — вучыць, выхоўваць густ. Гэтым і займаюцца беларускія мультыплікатары. Фільмы накшталт “Маша і Мядзведзь” — гэта як чыпсы: смачна і прыцягальна. Тое, што робім мы, можна назваць кашай — карысна і павучальна. Кожны наш фільм, няхай нават не самы ўдалы, нацэлены на выхаванне. Таму нельга разглядаць беларускую анімацыю скрозь прызму толькі камерцыйнай выгады.

Вядома, мы не супраць на гэтым зарабляць грошы. Шукаем розныя шляхі. Адзін з іх — прадаць пакет са 180 анімацыйных фільмаў на спецыялізаваны інтэрнэт-рэсурс. Дарэчы, той жа “Маша і Мядзведзь” такім чынам зарабіў больш за мільён долараў. Што датычыцца самаакупнасці, то перад намі стаіць задача выйсці на 15 працэнтаў. Гэта складана, але, думаю, з гадамі мы таго даб’ёмся. Пакуль жа можам пахваліцца поўнаметражным анімацыйным фільмам “Прыгоды Несцеркі”, які акупіўся на 13 працэнтаў.

Наталля Сцяпура
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter