У Беларусі адкрылася ганаровае консульства Мексікі

Мексіканскі матыў

У Беларусі адкрылася ганаровае консульства Мексікі

Са СМІ стала вядома: урачыстая цырымонія адкрыцця ганаровага консульства Мексіканскіх Злучаных Штатаў прайшла ў Мінску 17 сакавіка. Акрамя ганаровага консула Юрыя Марозава (ён —  вядомы прадпрымальнік) у цырымоніі ўдзельнічалі намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Мексікі ў Расійскай Федэрацыі ды Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве Рубен Альберта Бельтрана Герэра.

Яўген Шастакоў, выступаючы на мерапрыемстве, падкрэсліў: цяпер няма ніякіх праблемных момантаў у беларуска-мексіканскіх адносінах. Ён пацвердзіў імкненне Беларусі ўсебакова развіваць і паглыбляць узаемадзеянне з заакіянскай дзяржаваю ва ўсіх сферах. Намеснік Міністра замежных спраў выказаў надзею: адкрыццё ганаровага консульства надасць новы імпульс развіццю двухбаковых адносін на ўсіх узроўнях.

Варта яшчэ звярнуць увагу на тое, што з 2014-га ў эканоміцы Беларусі прысутнічае буйны мексіканскі капітал. У прыватнасці, адна з кампаній чацвёртага ў свеце бізнэсмэна-мільярдэра Карласа Сліма Элу набыла кантрольны пакет Telekom Austria і ў яго структуры — найбуйнейшага аператара мабільнай сувязі на беларускім рынку Velcom.

Ну а пра тое, што ў Мексіцы жывуць беларусы, расказвала і наша газета. У прыватнасці, Кацярына Мядзведская пісала пра спявачку, былую  салістку Белдзяржфілармоніі Вольгу Сотнікаву-Рамос. Яна выйшла ў Мексіку замуж, там і жыве. Вольга ўдзельнічала ў Другім фэсце мастацтваў беларусаў свету і давала тады ж, у 2014-м, сольны канцэрт у Мінску (“Як здзяйсняюцца мары”, ГР, 20.11.2014).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter