Мастак, які праславіў Віцебск на ўвесь свет

У пачатку ліпеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Марка Шагала.
У пачатку ліпеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Марка Шагала.

“Закаханыя ў зелені”Як чытачы ўжо, мабыць, заўважылі, у “Нашай галерэі” змяшчаюцца рэпрадукцыі з паштовак, якія прысвечаны адсутным у Беларусі творам нашых суайчыннікаў, у паслядоўным, алфавітным парадку. Але на гэты раз паслядоўнасць парушана. І прычына ёсць важкая: у пачатку ліпеня ў свеце шырока будзе адзначацца гадавіна з часу нараджэння аўтара палотнаў, на якіх лятаюць над Віцебскам не толькі людзі (мастакі), але і анёлы і нават каровы.

Пішу: “з часу нараджэння”, а не з дня, таму што ў даведніках верагодная дата 7 ліпеня стаіць са знакам запытання. Затое цвёрда вядома, што “беларускі і французскі мастак яўрэйскага паходжання” нарадзіўся ў пачатку ліпеня 1887 года ў віцебскай сям’і Захара Шагала і што спасцігаць свет фарбаў і ліній пачаў ён у Віцебскай школе-майстэрні Ю. Пэна. Потым працягваў вучобу ў Пецярбургу ў Л. Бакста (гродзенца родам) і М. Дабужынскага. Некалькі гадоў жыў у Парыжы, дзе аказаўся ў сферы ўплываў еўрапейскага авангардызму. Адсюль у яго творах эмацыянальнасць колераў, нязвыкласць, часам парадаксальнасць сюжэтаў, найчасцей узятых з Бібліі або фальклорных крыніц.

З 1914 года М. Шагал зноў у Віцебску. Пасля рэвалюцыі стаў паўнамоцным прадстаўніком па справах мастацтваў у Віцебскай губерні, заснаваў вядомае Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. Гораду над Дзвіной прысвечаны яго тагачасныя творы “Стары Віцебск” (1914), “Сіні дом у Віцебску” (1917), “Над горадам” (1918) і іншыя.
Аднак па розных прычынах неўзабаве мастак пакінуў любімы горад.
Спярша жыў у Маскве, потым выехаў у Парыж. Ілюстраваў кнігі класікаў, афармляў тэатральныя пастаноўкі, аздабляў вітражамі саборы, пісаў вершы (у 1989 годзе яны выйшлі ў беларускім перакладзе). Віцебск і Парыж дзівосна спалучаліся ў яго творах. Францыю ён пакідаў толькі ў гады Другой сусветнай вайны, калі шукаў паратунку ад фашызму ў ЗША.

Памёр Марк Шагал 28 сакавіка 1985 года. Пасля яго засталася добрая памяць — найперш у Францыі і Беларусі. Спадчыне мастака прысвечаны два музеі – адзін у Ніцы, на ўзбярэжжы Міжземнага мора, другі — у Віцебску. У родным горадзе Шагала дзейнічае таксама Артцэнтр яго імя, узвышаецца помнік (скульптар А. Гвоздзікаў), праводзяцца Міжнародныя Шагалаўскія пленэры, навуковыя канферэнцыі. Нядаўна даслалі нам з Віцебска другі выпуск “Шагалаўскага зборніка”. Ва ўсім гэтым бачацца праявы карпатлівай працы дома-музея, які ўзначальвае нястомная шукальніца і даследчыца Людміла Хмяльніцкая.

А на паштоўках, прысланых з Англіі і Швейцарыі, — вітраж М. Шагала, выкананы для універсітэцкага Медычнага цэнтра ў Іерусаліме, і яго карціна “Закаханыя ў зелені”, якая захоўваецца ў Цюрыхскім доме мастацтваў.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter