Малюнкiі родныя iі з’явы

Малюнкі родныя і з’явы! Як вы мне любы, як цікавы!Якуб Колас Сапраўды, кожная мясцінка Прынямоння лашчыць зрок, дыхае творчым натхненнем. Куды ні пайдзі, ні скіруй свой крок ці позірк — упрэшся ў сінявокую плынь воднага ўладара Нёмана, ульешся ў шумлівыя засені сасонніку, разлапістых ялін, што падступаюць да роскіду хацін Мікалаеўшчыны.

Вось яно, улонне Радзімы, дзе ўсё пройдзена Яўгеніяй Мікалаеўнай Міцкевіч у 86-гадовым летуценні пражытых гадоў, у напаміне спеўных радкоў паэзіі Якуба Коласа.
Як устрымацца, як не занатаваць набегшае на думку паэтычнае слова? Такіх патаемных запісаў-скрыжаляў у пляменніцы Коласа сшыткі-стосы, якія пастаянна месцяцца на стале. Вось за такім творча-ўзнёслым заняткам і застаў я жанчыну, пераступіўшы парог вясковай мікалаеўскай хаты.
— Пачакайце, пачакайце, я толькі дапішу, каб не згубілася  трапнае слова.
Гэтыя трапныя словы запаўняюць радкі, сшыткавую скарбонку.
Журналісцкія шляхі-дарогі, між іншым, прывялі да Яўгеніі Мікалаеўны па тэлефонным званку вяскоўцаў, якія прапаноўвалі расказаць аб ёй як самабытнай майстрысе драўлянай скульптуры, кампазіцый, ікебаны, бісерных фантазій. Кожны пакой — непаўторны казачны куточак, з фантазіяй персанажаў, якія падарыла, падказала прынёманская прырода. Тут і буслянка, накшталт той, што высіцца на старой сукавата-разлапістай бярозе з бела-крылымі птахамі, шпакоўнямі са спеўнымі шчабетунамі.
А які прыгожы дворык-кампазіцыя! Ён — штохвілінны напамінак аб дворыку, дзе жылі Коласавы бацькі. А летам, увосень побач будзе россып грыбоў, россціл журавінніку. Так і хочацца працягнуць руку, даткнуцца, ацепліць далонь.
Захапляемся ўбачанай фантазіяй, аблашчанай рукамі майстрыхі і паэзіяй вялікага Песняра.
  

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter