Вяселле на чымаданах, салявыя ванны і гранітныя статуі - чым яшчэ можа ганарыцца Міерскі раен

Маленькiя юбiлеi

Жураўліна-журавінны край сустрэў россыпам азёраў і самотнымі лебедзямі на берагах. Чым яшчэ ганарыцца Міёршчына, што можна выкарыстаць у стратэгічных мэтах? Асноўныя прамысловыя прадпрыемствы рэгіёна — хлебазавод, мясакамбінат, ільнозавод, камбікормавы завод і філіял Полацкага малаказавода. Ужо ў маі наступнага года запрацуе новая цэнтральная раённая бальніца. А ў 2019 годзе будзе ўведзены ў эксплуатацыю металапракатны завод, аналагаў якому няма на постсавецкай прасторы. Але пакуль адны ўстановы толькі дабудоўваюцца, другія ўжо адзначаюць круглыя даты. Карэспандэнт «Р» бліжэй пазнаёмілася з юбілярамі Міёрскага краю.

На працягу 21 дня выхаванцы санаторыя «Расінка» не толькі вучацца і аздараўляюцца, але і адзначаюць святы, заводзяць новыя знаёмствы...

Вяселле на чамаданах

Самым «пажылым» юбілярам Міёршчыны аказаўся аддзел ЗАГС: нядаўна калектыў святкаваў стагоддзе ўстановы. Такой колькасцю ўнікальных славутасцей не пахваліцца нават больш шыкоўная гарадская ўстанова. 

— Вось тут вы можаце азнаёміцца з вясельнымі ўборамі нашых продкаў. Самы стары фотаздымак — 1913 года, — адразу паказвае эксклюзіўны стэнд кіраўнік аддзела ЗАГС Вольга Галімбоўская. — Глядзіце, на гэтым фота 1938 года мае бабуля з дзядулем. Здаецца, ёсць штосьці агульнае. Дарэчы, яны ўсё жыццё пражылі разам і выхавалі пяцярых дзяцей. 
Рэгістрацыя шлюбу на чамаданах аказалася сімвалічнай: пасля вяселля маладыя з’язджалі.

На жаль, у наш час не ўсе сем’і настолькі моцныя і не ўсе шлюбы даўгавечныя. За гэты год у Міёрах адбылося 64 рэгістрацыі шлюбу і 10 скасаванняў па ўзаемнай згодзе. 

— Узрост маладых з часам павялічыўся. Сёння ў нашым рэгіёне сярэдні ўзрост нявесты — 26 гадоў, а жаніха — 28, — прасочвае дэмаграфічныя тэндэнцыі галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС Вольга Пашкоўская. — Разво­дзяцца ў самых розных узростах. Асабліва гарачая ў нас моладзь, але калі выстаўляем квіток аб аплаце — адразу ўцякаюць. 

Мясцовай традыцыяй маладых стала разам запальваць сямейны ачаг, жадаць адзін аднаму самага патаемнага і адначасна задзімаць свечку. Таксама ў сярэдзіне мінулага года насупраць пабудовы аддзела ЗАГС на набярэжнай размясціліся «Закаханыя ліхтары». Гэта дэкаратыўна аздобленая лава для закаханых і маладых, дзе яны пакідаюць «замкі кахання». Міёрская навінка прыцягнула ўвагу не толькі мясцовых жыхароў — на ёй ужо некалькі сотняў замкоў. 

Спецыялістам установы няма часу сумаваць: кожная цырымонія індывідуальная. Аднойчы маладыя з прозвішчам Бярэзіны настаялі, каб рэгістрацыя шлюбу адбылася ў бярозавым гаі. Гэтым летам маладая пара распісалася ў літаральным сэнсе на чамаданах. Выехалі на прыроду і зрабілі стол з чамаданаў. Рэгістрацыя атрымалася сімвалічнай: пасля вяселля маладыя з’язджалі. 

У планах працаўнікоў ЗАГСа наладзіць шэраг «жураўліных» вяселляў у верасні наступнага года. Нагода таксама сімвалічная: у гэты час праходзіць мясцовы фестываль «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». 

Ванна для душы 

У мінулым годзе аднаму з лепшых дзіцячых санаторыяў «Расінка» споўнілася 25 гадоў. На тэрыторыі санаторыя знаходзіцца адзіная ў вобласці спелеапячора, якой у наступным годзе «стукне» дзясятак гадоў з таго моманту, як яна пачала выкарыстоўвацца ў медыцынскiх мэтах. Калійныя солі, якімі пакрыты сцены лячэбнiцы, падняты з глыбіні 500 метраў. Узрост іх — каля 450 мільёнаў гадоў. Яшчэ санаторый можа пахваліцца дзвюма мінеральнымі крыніцамі: адна — для піцця, другая — для ваннаў. 

Наогул санаторый разлічаны на 290 чалавек, прычым 70 месцаў з іх — аддзяленне маці і дзіцяці, дзе малыя адпачываюць разам з дарослымі. Кошт адной пуцёўкі — каля 800 беларускіх рублёў.

Калійныя солі, якімі пакрыты сцены адзінай у вобласці спелеапячоры, падняты з глыбіні 500 метраў

Хто едзе ў санаторый? Установа спецыялізуецца на хваробах сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў дыхання, стрававальнай і касцёва-мышачнай сістэм, злучальнай тканкі і мочавыдзяляльных шляхоў. Пагадзіцеся, не ў кожным санаторыі ёсць уласная клінічная лабараторыя, ваннае аддзяленне, тэрмаводалячэбнiца, пляцоўкі для вібра- і гідрамасажу, кабінет эмацыянальнай разгрузкі, дзе распыляюць духмянае масла. 

— Мы прапануем нашым пацыентам каля 20 відаў ваннаў: шкіпінарныя, духмяныя, лекавыя, скіпафітавыя… Ёсць салявыя ванны з дабаўленнем хвоі, эўкаліпту, півоні, валяр’яну, лаванды, — знаёміць з найбольш запатрабаваным ванным аддзяленнем намеснік дырэктара па медыцынскай рабоце і харчаваннi філіяла «Дзіцячы санаторый «Расінка» Наталля Нікіціна. — На платнай аснове ў нас адпускаюцца скіпафітавыя ванны розных варыянтаў: тонус, рух, нармалізацыя вагі, амаладжэнне, рэлакс... 

Цікава, што ўнікальнымі паслугамі карыстаюцца не толькі пастаяльцы, але і жыхары суседніх мясцін (зразумела, не на стацыянарных умовах). Пралячыцца ў лячэбнiцы едуць замежнікі з Расіі, Латвіі, Літвы. А значыць, тут і сапраўды ёсць чым здзівіць. 

Калі б у Мікеланджэла была балгарка…

Баляслаў ЧАРНЯЎСКІ перадаў мастацкі талент сыну: той вырабляе скульптуры пад заказ
— У нас двайны юбілей, — сустракае дырэктар Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў Баляслаў Чарняўскі. — У гэтым годзе школе споўнілася 50 гадоў, а напрамку выяўленчага мастацтва пры ёй — 25. Дарэчы, я і стаў пачынальнікам гэтага напрамку ў нашай установе. 

У дзяцінстве Баляслаў Часлававіч скончыў музычную школу па класе баяна. Таксама ён наведваў гурток па выяўленчым мастацтве і ўдзельнічаў у выпуску школьнай насценгазеты. А падчас вучобы на факультэце грамадскіх прафесій авалодаў бальнымi танцамi. Тады будучы дырэктар і не здагадваўся, што яму наканавана ўзначаліць школу мастацтваў. 

Дарэчы, талент Баляслава Часлававіча перадаўся сыну. Ён вырабляе скульптуры рознага кшталту пад заказ. 

— Я дагэтуль не магу ўявіць, як можна штосьці зрабіць з такіх матэрыялаў… Выразаць з граніту — гэта неяк цвердавата, — здзіўляецца бацька. — Калі б у Мікеланджэла была балгарка… 

Дзве знакавыя даты супрацоўнікі школы мастацтваў сумясцілі. У выніку атрымалася буйная творчая выстава на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Яна сабрала больш за сто работ вучняў, выкладчыкаў і выпускнікоў Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў. Дарэчы, за ўсе гады на яе рахунку каля 1200 выпускнікоў. Гэта музыканты, мастакі, харэографы, архітэктары, скульптары... Каля дзвюх сотняў з іх прафесійна займаюцца мастацтвам і сёння.

ЦЫТАТА

Леанід ЛЯСОВІЧ, намеснік старшыні Мiёрскага райвыканкама: 


— На нашым металапракатным заводзе будзе вырабляцца тонкая луджаная бляха 0,1 міліметра для кансервавых бляшанак. Зараз ідзе мантаж металаканструкцый на асноўным корпусе. Гэта вялізны будынак, даўжыня якога — 420 метраў, а шырыня ў розных месцах ад 40 да 60 метраў. Ідзе будаўніцтва майстэрні і адміністрацыйна-бытавога корпуса. Таксама вядуцца будаўнічыя работы ў новай цэнтральнай раённай бальніцы, якая разлічана на паўсотні ложкаў. Пасля распаду Савецкага Саюза будоўля была замарожана, а аднавілася толькі ў красавіку гэтага года. Сёння ў трохпавярховым асноўным корпусе і на харчаблоку ідуць заключныя работы, ужо нават падключылі ацяпленне. Са жніўня наступнага года мы плануем распачаць будаўніцтва чарговага 40-кватэрнага дома для людзей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Такіх у чарзе каля 600 чалавек.

veronulas@sb.by

Фота аўтара і з архіва арганізацый
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter